На шматразовай бутэльцы для вады можа быць у 40 тысяч разоў больш бактэрый, чым на абадку ўнітаза, — даследаванне
Нягледзячы на карысць для навакольнага асяроддзя, такія бутэлькі могуць выклікаць мноства сур'ёзных захворванняў, калі іх не мыць рэгулярна.
Сёння на вуліцах, у кавярнях і спартыўных залах можна часта пабачыць людзей са шматразовымі бутэлькамі для напояў. Такія рэчы дапамагаюць вырашыць праблему забруджвання Зямлі пластыкам. Аднак нам даводзіцца мірыцца з мільёнамі бактэрый у такой бутэльцы.
Газета Daily Mail са спасылкай на нядаўнія навуковыя даследаванні напісала, што ў шматразовых бутэльках (асабліва ў тых, што з носікам) збіраецца ў сярэднім каля 20,8 млн бактэрый. Калі бутэльку ўвогуле не мыць, то іх можа стаць у 40 000 разоў больш, чым на сядзенні ўнітаза.
Падчас аналізу разнастайных шматразовых бутэлек было выяўлена два віды бактэрый: грамадмоўныя палачкі і бацылы,— якія могуць прывесці да ўзнікнення цэлага шэрагу сур'ёзных захворванняў.
«Даследчыкі якасці паветра з амерыканскай лабараторыі EmLab P&K сцвярджаюць, што на адным квадратным сантыметры шматразовай бутэлькі месціцца каля 300 000 бактэрый», — піша Daily Mail.
Аднак доказаў, што такія мікробы могуць нанесці шкоду чалавеку, няма. Вялікая колькасць мікраарганізмаў можа быць проста з-за таго, што посуд даўно не мыўся, аднак нават пасля гэтага ён неабавязкова нясе рызыку.
І ўсё ж такі ў адным меркаванні навукоўцы сыходзяцца цалкам: шматразовыя бутэлькі трэба абавязкова рэгулярна мыць з мыйным сродкам.
Каментары
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/312469