Сёлета споўнілася 105 гадоў са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння, 25 сакавіка, беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. Вось як гэта было ў Вільні.
Святочныя мерапрыемствы сёння распачаліся ў Вільні з цырымоніі ўзняцця каля Сейма нацыянальнага сцяга Беларусі — у гонар Дня Волі і міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю.
Пасля беларусы наведалі на могілках Росы кенатафы асветнікаў, братоў Антона і Івана Луцкевічаў, якія стаялі ля вытокаў БНР.
З прамовай там выступіла даследчыца беларускіх вязняў ГУЛАГа Валерыя Чарнаморцава.
«Гэта кенатаф, самі магілы тут пустыя, калі хто не ведае, — правяла яна кароткую лекцыю для прысутных. — Іван Луцкевіч пахаваны ў Закапанэ, магіла там ёсць, я там была, але, на жаль, помнік не стаіць. Антон Луцкевіч загінуў у ГУЛАГу. Яны фактычна заснавальнікі ўсяго беларускага руху з пачатку дваццатага стагоддзя. Без іх удзелу, волі, працы, харызмы нават не было б сёння гэтага дня.
Другой Устаўной граматай абвяшчалася стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, але яшчэ не было незалежнасці. Атрымалася сітуацыя, што Менск і Вільня падчас Першай сусветнай вайны былі падзеленыя фронтам. Паміж 9 сакавіка і 25 сакавіка фронт перасунуўся. З’явілася магчымасць у Віленскага беларускага камітэта даслаць сваю дэлегацыю ў Менск на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі. Яны сталі пераконваць менскую Раду БНР у тым, што трэба абвясціць незалежнасць.
Сабраўся 24 сакавіка ўвечары сход, цэлую ноч Луцкевічы пераконвалі іх прыняць лёсавызначальнае для Беларусі рашэнне. З першымі промнямі сонца адбылося галасаванне, дзе пераважная большасць прагаласавала за незалежнасць. Хтосьці ўсклікнуў, што ўзыходзіць сонца свабоды.
Волі да незалежнасці сёння 105 гадоў. Яе мы сёння і адзначаем. Гэтыя людзі паклалі ўсё сваё жыццё на аднаўленне незалежнасці. І цяпер тое ж самае робяць людзі, якія сядзяць у турмах, якія змагаюцца на ўкраінскім фронце. Усе па меры сваіх сілаў мы набліжаем гэтую незалежнасць. Дзе б мы ні былі: Жыве Беларусь!»
«Жыве вечна!» — адгукнуліся беларусы.
Пасля ў капліцы ўшанавалі памяць пахаваных беларускіх паўстанцаў 1863—1864 гадоў і праспявалі гімн «Пагоня».
Беларусы паўдзельнічалі ў аўтапрабегу ад Росаў да Лукішскай плошчы з бчб-сцягамі. Сабралася каля 30 машын.
На Лукішскай плошчы адбыўся мітынг. На ім сабралася каля 350 чалавек.
Падчас мітынгу па ініцыятыве «Двары Вільні» дзеці і дарослыя малявалі крэйдай вялікі бчб-сцяг.
На мітынгу з прамовай выступіў дэпутат Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс.
Ён пракаментаваў «Нашай Ніве» законапраект, які павінен прыпыніць прыём заяў аб атрыманні літоўскага грамадзянства ад расіян і беларусаў, а таксама ўскладняе атрыманне ВНЖ не па гуманітарных прычынах. Законапраект быў прыняты літоўскім Сеймам у першым чытанні.
«Я не разумею, хто сказаў, што закон прыняты? Гэта былі толькі першыя слуханні. У дэмакратыі прыняцце закона — гэта доўгі працэс. Несумненна, у нас ёсць праблема, як высветліць, хто з'яўляецца лаяльным да Еўрасаюза. Я разумею, што на год адкласці атрыманне грамадзянства, — гэта значыць, яшчэ раз праверыць. Але мы можам гэта зрабіць іншымі спосабамі.
Дарэчы, не вельмі этычна ў адной прапанове, пасля коскі, указваць і беларусаў, і расіян. Вельмі шмат беларусаў, якія змагаюцца на баку Украіны, гэтыя людзі ратуюць прыстойнасць і душу беларускага народа.
Супраціў беларусаў больш бачны для ўсяго свету. У расіян мы бачым абсалютна разбітае становішча цудоўных рускіх дэмакратаў, якія фактычна разгромленыя апрычнікамі Пуціна.
Закон у нашым парламенце будзе выпраўлены, ён не будзе мець ніякага негатыўнага стаўлення да вас».
Таксама з прамовамі падчас мітынгу выступілі кіраўніца цэнтра «Дапамога» Наталля Калегава, галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна.
Святочны мітынг завяршыўся спевамі і воклічам «Жыве Беларусь!».
Чытайце таксама:
«Мы ўмеем рабіць немагчымае», — Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі
Каментары