Дарадца прэзідэнта Літвы пра абмежаванні для беларусаў: Падчас вайны гэта неабходна
Галоўны дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Кястуціс Будрыс кажа, што, паколькі вайна Расіі ва Украіне працягваецца, Літва павінна ўвесці абмежаванні на атрыманне грамадзянамі Расіі і Беларусі грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, піша Delfi.
Па словах дарадцы кіраўніка краіны, гэта трэба, каб, калі ў наступным годзе ў краіне будзе праведзены рэферэндум аб множным грамадзянстве, не спатрэбілася пашыраць кола выхадцаў з краін-агрэсараў, якія маюць права на набыццё грамадзянства Літвы. Таму, працягнуў ён, неабходнае больш строгае рэгуляванне.
«Такое абмежаванне падчас вайны, калі Расія і Беларусь ажыццяўляюць агрэсію супраць Украіны — неабходнае, пакуль у нас такая сітуацыя, пакуль яна не змянілася. Тут я б у першую чаргу засяродзіўся на найбліжэйшых рашэннях, якія звязаныя з вайной у рэгіёне. Мы не можам дазволіць сабе пашыраць кола асоб з падвойным грамадзянствам з гэтых дзяржаў», — сказаў К. Будрыс.
Аднак дарадца Г. Наўседы адзначыў, што ў доўгатэрміновай перспектыве, магчыма, прыйдзецца шукаць рашэнні, якія дазволілі б перагледзець прапанаваныя абмежаванні. Спрасціць працэдуру атрымання грамадзянства можна будзе толькі ў тым выпадку, калі сітуацыя з бяспекай у рэгіёне істотна зменіцца, а Масква спыніць баявыя дзеянні ва Украіне.
«У доўгатэрміновай перспектыве ў нас усё ж павінны быць прадугледжаныя механізмы для перагляду ўсяго гэтага, калі сітуацыя зменіцца, што вельмі і вельмі малаверагодна», — падкрэсліў ён. Цяпер у Сейме ідзе абмеркаванне прапановы міністра ўнутраных спраў Агне Білатайце і старшыні парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынаса Кашчунаса прыпыніць прыём заяў грамадзян Расіі і Беларусі і рашэнняў па іх адносна грамадзянства Літоўскай Рэспублікі. Па словах ініцыятараў, апошняя прапанова прадстаўленая пасля ацэнкі значэння інстытута грамадзянства і з мэтай не дапусціць атрымання грамадзянства Літвы грамадзянамі тых краін, якія ўдзельнічаюць у расійскай агрэсіі супраць Кіева.
Каментары