Сайт і ўсе сацыяльныя сеткі самага папулярнага незалежнага баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс» прызналі экстрэмісцкімі
Гаворка пра сайт intex-press.by, а таксама старонкі медыя ў інстаграме, твітары, укантакце, аднакласніках, фэйсбуку, тыктоку, тэлеграме і ютубе.
Зроблена гэта было на запыт Баранавіцкай міжраённай пракуратуры.
Пра тое, што 29 красавіка адбыўся суд, дзе прымалася адпаведнае рашэнне, паведаміў рэсурс «Наш край».
У лютым сілавікі прыходзілі ў офіс выдання і канфіскавалі ўсю тэхніку.
У Беларусі паслядоўна вынішчаецца рэгіянальная незалежная прэса. Раніцай 15 сакавіка ў Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча прайшоў ператрус, яго затрымалі. Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюджванні заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
На пачатку красавіка слуцкае выданне «Інфа-Кур'ер» абвясціла пра закрыццё пасля прызнання ўсіх тэкстаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Напярэдадні ў рэдакцыі газеты прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар выдання Сяргей Станкевіч і яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Каментары