Разбітую гітару Курта Кабэйна прадалі на аўкцыёне амаль за 600 тысяч даляраў
Электрагітару Fender Stratocaster, якая належала фронтмэну Nirvana, купілі на аўкцыёне за $596 тысяч. Асоба пакупніка не раскрываецца. Першапачаткова інструмент ацэньвалі ў $60-80 тысяч.
Курт Кабэйн разбіў гэтую гітару на сцэне нью-ёркскага Hard Rock Cafe на пачатку 1990-х. У той час Nirvana працавала над сваім другім і самым паспяховым альбомам Nevermind. Пасля гітару аднавілі, але граць на ёй больш нельга, піша Бі-бі-сі.
На гітары ёсць аўтографы ўсіх трох удзельнікаў Nirvana. Вядома, што ў 1992 годзе Кабэйн падарыў яе свайму сябру, удзельніку гранж-гурта Screaming Trees Марку Ланегану. Летась Ланеган памёр, пасля чаго гітару і выставілі на аўкцыён.
«Кабэйн на сцэне быў машынай. Можна было адчуць усю яго лютасць. У тым ліку яна была ў тым, як ён абыходзіўся са сваімі інструментамі», — сказаў прадстаўнік Julien's Кодзі Фрэдэрык.
Два гады таму акустычная гітара, якую Кабэйн выкарыстаў для свайго легендарнага выступу на MTV Unplugged у канцы 1993 года, была прададзеная за 6 мільёнаў даляраў.
Каментары