Вядомы літоўскі гісторык прапанаваў называць Расію па-літоўску інакш
Вядомы літоўскі гісторык Альфрэдас Бумблаўскас прапануе змяніць літоўскую назву Расіі і растлумачыць літоўскаму грамадству, што слова Русь расіяне прысвоілі сабе, адабраўшы ва ўкраінцаў, піша Delfi.lt.
Бумблаўскас прапануе называць Расію па-літоўску не Rusiją, як цяпер, а Rosija, рускіх жа — расіянамі. Тым самым ён хоча, каб у корані літоўскай назвы не было пераемнасці паміж Расіяй і Руссю. «Мой варыянт — адрозненне паміж Расіяй і рускімі», — сказаў гісторык.
Рускія ў Сярэднявеччы жылі ў Кіеўскай Русі, г. зн. у цяперашняй Украіне, а на цяперашніх расійскіх землях было Вялікае Княства Маскоўскае, сцвярджае Бумблаўскас, лічачы, што назву Русь расіяне прысвоілі, забраўшы ва ўкраінцаў.
Паводле слоў Бумблаўскаса, перайменаванне — гэта толькі апошняя кропка, а галоўнае — пераасэнсаваць і зразумець, чаму гэта важна.
На яго думку, у Расіі няма сваёй ідэнтычнасці, вось яна і спрабуе пазычаць яе ў іншых, адсюль войны ды рэвалюцыі.
«І гэтая гісторыя Аляксандра II, бальшавікоў — яны ўсе абапіраюцца на ідэю Масквы як трэцяга Рыма. Гэта блеф, гістарычны, цывілізацыйны блеф», — перакананы Бумблаўскас.
На яго думку, да гэтага блефу ранейшыя кіраўнікі Расіі падключылі культуру і рэлігію, а Уладзімір Пуцін узмацніў міф пра рускі свет сучаснай прапагандай. Значыць, рускія, якія называюць сябе так, сотні гадоў хлусяць сабе і свету пра тое, што яны — не толькі калыска славян, але і наогул іншы полюс усёй заходняй цывілізацыі.
Зрэшты, у Бумблаўскаса нямала апанентаў, якія хоць і не пярэчаць увогуле супраць перагляду погляду на Расію ў прынцыпе, але мяркуюць, што гэта павінна рабіць не Літва праз сваю мову.
А на думку кіраўніцы літоўскай Дзяржаўнай камісіі па мове Віялеты Мейлюнайце, новую назву Расіі па-літоўску павінны прапаноўваць не гісторыкі, а грамадства.
Прытым літоўцы нібыта ўвогуле куды больш радыкальныя, зменай адной літары іх не задаволіш. «Масквічы, маскалі, велікаросы, чаго толькі не пачуеш. Тут жа ж арда пракрамлёўскіх, пуціністаў, пуціноідаў», — прывяла прыклады Мейлюнайце.
Каментары