На фоне мяцяжу Прыгожына супраць кіраўніцтва расійскіх войскаў усплываюць шматлікія аналогіі з іншымі гістарычнымі падзеямі.
Мы ўжо нядаўна пісалі пра тое, як знакаміты палкаводзец консул Сула ўпершыню ў гісторыі Рымскай рэспублікі павёў войскі супраць Вечнага горада таксама для «ўсталявання справядлівасці», а пасля ўчыніў грандыёзныя крывавыя чысткі сярод рымскай эліты, дзякуючы якім узбагаціў уласных прыхільнікаў. Гэты сюжэт вельмі падобны да таго, чым мог скончыцца марш «вагнераўцаў» на Маскву. Але куды цікавей паглядзець на сённяшнія падзеі праз прызму мяцяжоў, якія адбываліся ў гісторыі Расіі, і таго, да чаго яны прывялі.
Ад Смутных часоў да дзекабрыстаў
З прапагандысцкіх каналаў пачало гучаць слова «смута», якое для беларусаў даволі экзатычнае, а вось для рускіх мае вялікае сімвалічнае значэнне.
Смутай у Расіі лічыцца час, калі па смерці сына Івана Жахлівага, Фёдара Іванавіча, згасла лінія Рурыкавічаў на маскоўскім стальцы, і за ўладу разгарэлася барацьба паміж баярскімі родамі. Сярод народа давер да ўлады быў падарваны апрычнінай Івана Жахлівага — перыядам дэспатычнага кіравання, у які змагаліся з уяўнай здрадай сярод знаці, масава караючы смерцю, канфіскуючы маёмасць і землі на карысць дзяржавы; а таксама разарэннем краіны на патрэбы няўдалай ваеннай кампаніі цара ў Лівоніі. Сітуацыю катастрафічна пагоршыў голад 1600-1603 гадоў, а ў 1605 годзе памёр і цар Барыс Гадуноў — былы баярын, якому ўдалося сканцэнтраваць у сваіх руках уладу пасля згасання дынастыі Рурыкавічаў.
Усё гэта прывяло да наймацнейшага крызісу, які сучаснікі празвалі «Парухай». Справа дайшла да таго, што ва ўнутраныя справы краіны сталі адкрыта ўмешвацца суседзі, у першую чаргу Рэч Паспалітая — галоўны палітычны супернік Маскоўскага царства ва Усходняй Еўропе. Яна імкнулася паставіць на маскоўскі сталец Ілжэдзмітрыяў — людзей, якія выдавалі сябе за забітага ў 1591 годзе малога сына Івана Жахлівага Дзмітрыя, і з першым з іх гэта нават на кароткі час удалося.
Пасля забойства першага Лжэдзмітрыя пайшлі чуткі, што насамрэч забілі не таго. Загнаныя прыгонным гнётам і даведзеныя да краю голадам ды бязладдзем сяляне з поўдня Расіі, якія былі незадаволеныя новым «баярскім царом» Васілём Шуйскім, ухапіліся за асобу магчыма жывога Дзмітрыя.
Улетку 1606 года данскі казак Іван Балотнікаў падняў Северскую зямлю (цяперашняе расійска-ўкраінскае памежжа ад Белгарада да Старадуба) і пайшоў маршам на Маскву. Ад Шуйскага пачалі хутка адпадаць гарады і крэпасці, а армія Балотнікава разбіла царскіх ваяводаў пад Кромамі, Яльцом (яго таксама прайшла, праўда, без бою калона «вагнераўцаў»), Калугай ды іншымі.
У канцы восені мяцежнікі аблажылі Маскву, але царская ўлада выстаяла. Так сталася толькі дзякуючы таму, што ўдалося пераканаць масквічоў у тым, што іх усіх выражуць за забойства Лжэдзмітрыя, калі горад возьмуць балотнікаўцы.
Здрада часткі войска, якое перайшло на бок цара, і занадта рызыкоўныя дзеянні Балотнікава, якія не давалі войску назапасіць сілы, прывялі да паражэння паўстання.
Шуйскі доўга не прасядзеў на стальцы. З’яўленне новага Ілжэдзмітрыя і ўварванне войска польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы канчаткова падарвалі хісткае становішча цара, які быў скінуты ў 1610 годзе ў выніку перавароту. Да ўлады прыйшоў савет з сямі баяраў — Сямібаяршчына, якая прызнала новым царом сына Жыгімонта, каралевіча Уладзіслава.
Але з’яўленне каталіцкага манарха справакавала вызваленчы рух, народнае апалчэнне рушыла на Маскву. Пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага апалчэнне штурмам узяло Кітай-горад, а гарнізон Рэчы Паспалітай быў вымушаны капітуляваць. Земскі сабор 1613 года выбраў новага цара Міхаіла Раманава, што паклала пачатак новай дынастыі і канец Смутнаму часу, але яшчэ да 1618 года адбываліся розныя інцыдэнты.
У наступныя гады Маскоўскую дзяржаву таксама неаднаразова скаланалі бунты, хоць і не такога маштабу. У 1648 годзе ў Маскве адбыўся Саляны бунт, а ў 1662 годзе Медны, звязаны з няўдалай фінансавай палітыкай царызму. Яны, праўда, не прывялі да нейкіх значных палітычных наступстваў.
У 1670 годзе на Маскву зноў рушыла паўстанне, гэтым разам узброеныя сяляне і казакі пад правадырствам Сцяпана Разіна. Да гэтага яны ўзялі Астрахань, пасля чаго на бок паўстанцаў добраахвотна перайшло насельніцтва Сярэдняга Паволжа (Саратаў, Самара), а таксама чувашы, марыйцы, татары, мардва. Кожны, хто перайшоў на бок Разіна, абвяшчаўся свабодным чалавекам. Пад Самарай Разін заявіў, што з ім ідуць патрыярх Нікан і царэвіч Аляксей Аляксеевіч, вядома, самазванец. Толькі вялікімі вайсковымі сіламі, сцягнутымі з усёй краіны, удалося спыніць марш пад Сімбірскам. Разіна пасля таго пакаралі смерцю.
Чарговая пагроза маскоўскаму царызму ад сваіх жа падданых навісла ў 1682 годзе, калі без спадчынніка памёр цар Фёдар Аляксеевіч. Разгарэлася барацьба за трон паміж родамі Міласлаўскіх, якія хацелі паставіць свайго сваяка Івана, і Нарышкіных, які збіраліся паставіць Пятра. Абодва былі братамі Фёдара.
У той час якраз стала змяняцца стаўленне да стральцоў, першага рэгулярнага войска, праз стварэнне «палкоў новага строю». Стральцы перасталі лічыцца элітнымі часцямі, плацілі ім нерэгулярна, з вялікімі затрымкамі, сваёй уладай злоўжывалі стралецкія камандзіры, якія выкарыстоўвалі байцоў на гаспадарчых працах у сваіх маёнтках. На той момант агульная колькасць стральцоў складала 55 тысяч, з іх маскоўскіх — 22 тысячы.
Міласлаўскія падбухторвалі стральцоў супраць Нарышкіных, распускаючы чуткі, што пад іх уладай ім будзе жыцца яшчэ горш. Маскоўскіх стральцоў у адзін дзень, 5 (15) мая 1682 года, падняла лжывая звестка, што Іван Нарышкін задушыў царэвіча Івана, стаўленіка Міласлаўскіх.
Бунт доўжыўся з мая па верасень 1682 года, стральцы кантралявалі Крэмль, але страты былі нязначнымі. У выніку былі каранаваныя абодва спадчыннікі — Іван V і Пётр I, а рэгенткай стала іх сястра, царэўна Соф'я. У гісторыю гэтая падзея ўвайшла як Хаваншчына, бо прыхільнікам Міласлаўскіх і стралецкім начальнікам быў князь Іван Хаванскі. Хаванскага пасля паўстання пакаралі смерцю, а на яго месца быў пастаўлены Фёдар Шаклавіты.
У 1689 годзе 17-гадовы Пётр вырашыў адхіліць ад рэгенцтва Соф’ю. Яе бок заняў Фёдар Шаклавіты са стральцамі, які збіраўся перабіць усіх прыхільнікаў Пятра. Але большасць войскаў падтрымалі маладога цара. Соф’я была вымушаная прызнаць паражэнне і пайсці ў манастыр, а схопленага Шаклавітага пакаралі смерцю. Іван V перадаў усю ўладу свайму брату і памёр у 1696 годзе.
У 1698 годзе стральцы, чыё становішча не палепшала і да якіх з падазрэннем ставіўся цар, ізноў паўсталі. Замест Пятра яны збіраліся паставіць царэўну Соф'ю. Пётр у гэты час адсутнічаў у краіне.
Нямецкі дыпламат у Маскве Ёган Корб запісаў: «Сёння ўпершыню разнеслася смутная чутка пра мяцеж стральцоў і ўзбудзіла ўсеагульны страх».
Стральцы рушылі да Масквы на заклік царэўны, дзе змянілі начальства і пайшлі далей. Але сутыкнуліся з большымі сіламі рэгулярнай арміі, якая да таго ж была ўзброеная артылерыяй, разбегліся і пачалі здавацца ў палон. Пётр па вяртанні прымусіў Соф’ю пастрыгчыся ў манашкі і ўчыніў кампанію тэрору супраць стральцоў. У выніку каля 1000 чалавек пакаралі смерцю, а яшчэ 600 ізноў саслалі. Следства працягвалася да 1707 года, стралецкае войска было цалкам ліквідаванае.
17 (28) верасня 1773 года паднялося сялянскае паўстанне пад правадырствам данскога казака Емяльяна Пугачова, прычынамі якога паслужылі страта вольнасцяў, увядзенне царскай манаполіі на соль і суровая рэлігійная палітыка. У адрозненне ад папярэдніх народных паўстанняў, правадыр выдаваў сябе за імператара Пятра III, які памёр 11 гадоў таму. Яно ахапіла велізарную тэрыторыю, ад паўднёвага Заўралля да ніжняга Паволжа. Рух, які ахапіў большасць паволжскіх паветаў, падышоў да граніц Маскоўскай губерні, сапраўды пагражаючы Маскве.
Пасля трыумфальнага ўваходу Пугачова ў Саранск і Пензу ды заняцця паўстанцамі іншых гарадоў усе чакалі яго паходу да Масквы. У былую сталіцу, дзе яшчэ былі свежыя ўспаміны пра Чумны бунт 1771 года, былі сцягнутыя сем палкоў. У жніўні Пугачоў узяў Саратаў, але пратрымаўся ў горадзе ўсяго некалькі дзён, бо яго пераследавалі ўрадавыя войскі. Пугачоў хацеў прарвацца на поўдзень краіны і папоўніць войска калмыкамі і данскімі казакамі, але пасля двух паражэнняў ён быў схоплены самімі казакамі і выдадзены ўладам. Пугачову адсеклі галаву, а пасля чвартавалі.
У кожнай вёсцы, у кожным гарадку, які прымаў Пугачова, на шыбеніцы і «глаголі», з якіх ледзь паспелі зняць павешаных самазванцам афіцэраў, памешчыкаў, судзейскіх, сталі вешаць важакоў бунтаў і прызначаных пугачоўцамі гарадскіх галоў і атаманаў мясцовых атрадаў.
XIX стагоддзе, акрамя вызвольных паўстанняў, якія не пагражалі ўласна самадзяржаўю, адзначылася яшчэ адным няўдалым бунтам. Яго падзеі разгарнуліся ў новай сталіцы імперыі, Санкт-Пецярбургу, і мелі значныя ідэалагічныя наступствы для грамадства.
У 1825 годзе памёр імператар Аляксандр I, склалася дзіўная сітуацыя, калі ягоны брат Канстанцін Паўлавіч адмовіўся ад трона ў сакрэтным дакуменце, а іншы брат Мікалай Паўлавіч, вельмі непапулярны сярод расійскай эліты, пад ціскам на словах адмовіўся займаць трон на карысць Канстанціна.
Насельніцтва нават прывялі да прысягі Канстанціну, але той трону не прымаў, праўда, выразна і не адмаўляючыся. Мікалай вырашыўся абвясціць сябе імператарам, была прызначаная «перапрысяга». Гэтым момантам вырашылі скарыстацца сябры тайных таварыстваў, якія складаліся з прадстаўнікоў рускай знаці і дваран і лічылі самадзяржаўе ды прыгоннае права пагібельнымі для далейшага развіцця краіны. Многія з дваран-аднадумцаў былі афіцэрамі гвардыі.
Яны паспрабавалі выкарыстаць гвардзейскія часці для недапушчэння ўзыходжання на сталец Мікалая I. Ім удалося вывесці на Сенацкую плошчу войска, аднак планавалася, што туды яны прыйдуць да пасяджэння Дзяржаўнай рады і Сената, якія мусілі прысягаць новаму цару, і запатрабуюць увядзення канстытуцыі. Але калі дзекабрысты прыйшлі на плошчу, высветлілася, што пасяджэнне ўжо скончылася, усе рашэнні прынятыя, а патрабаванні выстаўляць папросту няма каму.
Афіцэры не ведалі, што рабіць далей, войска проста стаяла на плошчы. Паўстанцаў у гэты момант акружылі ўрадавыя войскі, пачалася перастрэлка. Некалькі стрэлаў карцеччу вымусілі дзекабрыстаў кінуцца на ўцёкі.
Пяцёра кіраўнікоў былі пакараныя смерцю, многіх выслалі на катаржныя работы ў Сібір. Паўстанне ашаламляльна адрознівалася ад змоў эпохі палацавых пераваротаў паводле сваіх мэтаў і мела вялікі рэзананс у расійскім грамадстве, значна паўплываўшы на грамадска-палітычнае жыццё ўсёй краіны.
Карнілаў і Махно — Прыгожыны пачатку XX стагоддзя?
Але ў галовах беларускіх і расійскіх праўладных блогераў «смута» ўжываецца найперш побач са згадкамі 1917 года. На пераказ рэвалюцыйных падзей, якія самі па сабе былі мяцяжом, які «скончыўся ўдачай і таму завецца іначай», не хопіць ніякага артыкула. Але ў тэлеграм-допісах мільгаюць дзве гісторыі часоў грамадзянскай вайны, якая разгарэлася ў выніку рэвалюцыйных супярэчнасцей у імперыі.
У дзень адрачэння ад прастола Мікалая II, 2 (15) сакавіка, быў створаны Часовы ўрад Расіі. У жніўні 1917 года ўспыхнуў канфлікт паміж кіраўніком Часовага ўрада Аляксандрам Керанскім і вярхоўным галоўнакамандуючым генералам Лаўрам Карнілавым.
У час ліпеньскага крызісу бальшавікі і іх саюзнікі паспрабавалі ціснуць на ўрад, патрабуючы ад лідараў саветаў і камітэтаў, якія знаходзіліся пад кантролем меншавікоў і эсэраў, узяць уладу ў свае рукі. У адказ іх пачалі арыштоўваць, зачыняць іхнія газеты, а таксама раззбройваць. Але Часовы ўрад так і не стаў адзінаўласным кіраўніком у краіне.
У гэты ж час на фронце наступленне скончылася паражэннем, у выніку новым вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны Карнілаў.
Нягледзячы на яго немалое падабенства ў поглядах з кіраўніком Часовага ўрада Керанскім, паміж імі не склалася саюза. На асобу Карнілава паставілі палітычныя колы — ліберальныя, кансерватыўныя і правыя, — якія вырашылі, што надышоў час спыніць рэвалюцыю і павярнуць яе назад. Існаванне двух лідараў — «збавіцеляў краіны», якім раней лічыўся толькі Керанскі, заклала падмурак канфлікту.
Карнілаў і палітычныя колы, якія яго падтрымлівалі, пачалі наступаць на вайсковыя камітэты. Але камітэтчыкі лічылі сябе новым палітычным класам, многія мелі баявы досвед, страцілі таварышаў у няўдалым наступе і адчувалі сябе героямі, а таму не пацярпелі абвінавачванняў з боку Карнілава і ліберальна-кансерватыўнай прэсы.
Прыхільнікі Карнілава вінавацілі ў бедах краіны ўсё больш шырокія колы: бальшавікоў, анархістаў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Апошнія складалі найбуйнейшую партыю Расіі, яе сябрам фармальна быў і Керанскі.
Карнілаў, які знаходзіўся ў Стаўцы ў Магілёве, і Керанскі, які кіраваў у Петраградзе, спрабавалі дамовіцца, але падспудна інтрыгавалі адзін аднаго. Аднойчы Керанскі атрымаў звесткі пра тое, што Карнілаў парушае дасягнутыя паміж імі пагадненні ў некаторых вельмі важных дэталях. Без належнай праверкі, імпульсіўна ён адхіліў таго ад пасады вярхоўнага галоўнакамандуючага. Карнілаў адмовіўся здаць сваю пасаду і абвясціў, што ў Часовым урадзе знаходзяцца здраднікі Расіі.
У апошнія дні жніўня 1917-га ён абвясціў паход на Петраград з мэтай аднаўлення ў Расіі «моцнай улады», усталявання «ваеннай дыктатуры» і прадухілення з дапамогай вайсковай сілы прыходу да ўлады левых радыкалаў (бальшавікоў). Камандуючыя чатырма франтамі абвясцілі пра сваю салідарнасць з Вярхоўным галоўнакамандуючым. Керанскі, зрэшты, падтрымаў, але прызнаў «няўчаснай» праграму «выратавання Радзімы» Карнілава.
Гэтае выступленне, як падавалася, было канцом для Керанскага, бо ў Петраградзе быў дысцыплінаваны гарнізон, а да горада рухаліся па трох чыгунках тры баявыя элітныя кавалерыйскія дывізіі. Але той выклік вайсковым камітэтам, які кінуў Карнілаў, вылез яму бокам.
Часовы ўрад быў вымушаны звярнуцца да паслуг бальшавіцкіх агітатараў для кантакту з паўсталымі часцямі і раздаць зброю петраградскім рабочым, якія пачалі фармаваць атрады ўласнага апалчэння, Чырвоную гвардыю. Былі арыштаваныя галоўнакамандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал Антон Дзянікін і іншыя генералы, удзельнікі так званага «Быхаўскага сядзення», якія падтрымалі Карнілава. Прасоўванне войскаў карнілаўцаў было спыненае на ўчастку Вырыца — Паўлаўск, дзе праціўнікі Карнілава разабралі чыгуначнае палатно. Загітаваныя дывізіі не даехалі да Петраграда, а гарнізон быў гатовы даць бой самому Карнілаву.
Ніхто не жадаў умацавання ўлады Карнілава, ён ператварыўся ва ўсеагульнае зло і ўрэшце яго арыштавалі. Правал Карнілаўскага выступлення прывёў да таго, чаго хацелі пазбегнуць і Карнілаў, і Керанскі, — прыходу да ўлады бальшавікоў.
Правыя былі разгромленыя і дыскрэдытаваныя, яны ўжо не былі бокам лавіравання часовай улады, Саветы ўсё больш пераходзілі ў рукі рэабілітаваных бальшавікоў. 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 года Часовы ўрад быў арыштаваны бальшавікамі, што ўрэшце прывяло да грамадзянскай вайны ў Расіі.
Якраз трыгерам да поўнамаштабнай грамадзянскай вайны і бачылі Прыгожына прапагандысты ўсіх масцей. Ён сваім маршам, як ім здавалася, мог пахіснуць рэжым Пуціна, відаць, не такі ўстойлівы, як падаецца звонку.
А вось Ігар Стралкоў (Гіркін), ваенны рэканструктар Белага руху і па сумяшчальніцтве адзін з распальнікаў вайны ва Украіне, бачыў у дзеяннях ПВК «Вагнер» рэйд па тылах анархістаў бацькі Махно. Дзеянні гэтай гісторыі, што сімвалічна, разгортваліся геаграфічна блізка да сённяшніх — на поўдні Украіны і прылеглай частцы Расіі.
У час той самай грамадзянскай вайны пачатку XX стагоддзя адным з найбольш яскравых лідараў быў Нестар Махно. Пасля рэвалюцыі багатае ўкраінскае сялянства ўжо звыклася да «волі» і не мела патрэбы ні ў якай уладзе. Таму адразу пасля паражэння чырвоных на поўдні Украіны і ўсталявання ўлады дзянікінцаў, як празвалі Узброеныя сілы Поўдня Расіі, якімі кіраваў «белы» генерал Антон Дзянікін, там пачалася новая хваля сялянскай вайны.
У верасні — кастрычніку 1918 года пад камандаваннем бацькі Махно аб'ядналіся некалькі анархісцкіх партызанскіх атрадаў. Махно фактычна ўзначаліў паўстанцкі рух ва ўсёй Екацярынаслаўскай губерні. Сяляне аказвалі паўстанцам усялякае садзейнічанне, кармілі, пастаўлялі зброю, коней для кавалерыі, займаліся разведкай і цэлымі вёскамі ўліваліся ў махноўскія атрады. Да лістапада атрады Махно налічвалі да 6 тысяч чалавек.
У 1919 годзе Махно пасля разрыву з бальшавікамі і летняга паражэння ад белых адвёў свае партызанскія атрады на захад і да пачатку верасня падышоў да Умані. Тут ён заключыў часовы саюз з пятлюраўцамі і заняў фронт супраць белых. Махно аправіўся ад паражэння, яго атрады адпачылі, папоўнілі шэрагі за кошт чырвонаармейцаў, якія беглі ад белых. Махноўцы паспяхова рабавалі шматлікія абозы, значна папоўніўшы свае запасы і колькасць коней ды атрымаўшы мабільнасць.
Але ўзмацняўся ціск белагвардзейцаў, што пагражала канчатковым паражэннем. Адкрыты бой махноўцы не вытрымалі б, Махно вырашыў прарывацца ў родныя мясціны. У верасні ён нечакана падняў свае атрады і пайшоў на прарыў, на ўсход, на белых, якія стаялі пад сялом Перагонаўка. Два палкі генерала Слашчова, якія не чакалі атакі, былі разбітыя, і махноўцы рушылі да Дняпра. Паўстанцы перасоўваліся вельмі хутка, мяняючы стомленых коней на свежых у сялян, і ўрэшце фарсіравалі Дняпро. Неўзабаве махноўшчына распаўсюдзілася на велізарнай тэрыторыі, пад кіраўніцтвам Махно ўжо была цэлая армія — 40-50 тысяч чалавек.
Супрацьстаяць такой арміі, якую падтрымлівала ўсё мясцовае сялянства, белыя, асноўныя сілы якіх былі на фронце супраць чырвоных, не маглі. Белагвардзейскія гарнізоны ў гарадах былі вельмі невялікімі, яны лёгка граміліся буйнымі бандамі Махно. Літаральна за 2-3 тыдні махноўцы знішчылі тыл арміі Дзянікіна. Белым давялося адцягнуць сілы з галоўнага фронту, каб часова патушыць пажар махноўшчыны, але барацьба працягвалася і прыняла зацяжны характар.
Паводле сучасных ацэнак, разгром тылу Узброеных сіл Поўдня Расіі ўвосень 1919-га стаў адной з галоўных прычын паражэння Белага руху на поўдні былой імперыі. Партызанская вайна Махно аказала прыкметны ўплыў на ход грамадзянскай вайны і дапамагла Чырвонай Арміі адбіць наступ войскаў Дзянікіна на Маскву.
Як бачым, прарасійскія сілы былі глыбока траўмаваныя мяцяжом Прыгожына, заклікаючы ўсіх маліцца і ўспамінаючы найбольш страшныя часы ў гісторыі Расіі, якія добра кладуцца і на сённяшні час, бо быццам пашытыя па аднолькавых лякалах. «Смута», «Карнілаў», «махноўшчына»! Але здаецца, што развязка цяперашняга маршу на Маскву здзівіла ўсіх і не мае ніякіх непасрэдных аналогій у мінуўшчыне. Магчыма, у будучыні, калі будуць бачныя наступствы розных падзей, мяцеж Прыгожына сам стане хадзячай назвай недаведзенага да канца перавароту.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦі можа мяцеж скончыцца поспехам?
Як збіраліся ліквідаваць савецкую Беларусь. План, які памёр разам з яго ініцыятарам
Праз сакрэтнасць як след не папярэдзілі нават сваіх. Як ДнепраГЭС двойчы падарвалі падчас вайны — спачатку рускія, а пасля немцы
Праскрыпцыі Сулы — «Чорная кніга Рыма»? Як рымскі консул вынішчаў ворагаў рэспублікі
Каментары