З новага года штомесячная дапамога на кожнае дзіця ў Польшчы складзе 200 даляраў у эквіваленце
Праграма распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў Польшчы, у тым ліку на грамадзян Украіны і Беларусі, якія маюць легальны статус.
З новага года ў Польшчы сацыяльную дапамогу на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў паводле праграмы 500+ падвысяць да 800 злотых (каля 200 даляраў).
У аўторак 27 чэрвеня польскі ўрад прыняў адпаведную пастанову, якая зараз будзе накіраваная ў Сейм, паведамляе Польскае радыё.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што праграма 500+, а з наступнага года праграма 800+ павялічыла адукацыйныя магчымасці дзяцей і ліквідавала беднасць. Палітык адзначыў, што гэты рост дапамогі перавышае рост інфляцыі за ўсе гады існавання выплат.
— Уся гэтая вялікая праграма — гэта праграма павышэння павагі да сем'яў, павышэння шанцаў для ўсіх нашых дзяцей, — сказаў Маравецкі.
Дадатковыя сродкі на гэтыя мэты складаюць 24 мільярды злотых (5 млрд даляраў). Кіраўнік урада адзначыў, што адпаведныя выдаткі запланаваныя ў бюджэце на наступны год і што ўсё добра падлічана.
Штомесячныя выплаты атрымае прыкладна сем мільёнаў дзяцей. Змяненне памеру праграмы 500+ адбудзецца аўтаматычна, без неабходнасці афармлення дадатковай заяўкі.
Адметна, што гэта праграма распаўсюджваецца на ўсіх жыхароў Польшчы, у тым ліку грамадзян Украіны і Беларусі, якія маюць легальны статус.
***
Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем у Беларусі выплачваецца з моманту яго нараджэння да трох гадоў. Некаторыя выплаты можна атрымліваць да паўналецця дзіцяці.
З 1 лютага па 31 ліпеня 2023 памер дапамогі вырас. Сем'ям, у якіх расце першае дзіця, заплацяць 605,99 рубля. Сем'ям з двума і больш дзецьмі — 692,56 рубля.
Каментары