«Прыняты рашэнні адносна ўзмацнення нашай абароны ўсходняй мяжы» — Яраслаў Качыньскі
У Польшчы ў сувязі з чаканым размяшчэннем у Беларусі ПВК «Вагнер» правялі пазачарговае пасяджэнне мясцовага Камітэта бяспекі і прынялі рашэнне ўзмацніць абарону ўсходняй мяжы краіны. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Польшчы Яраслаў Качыньскі, піша Onet.pl.
«У Беларусі новая сітуацыя. Прысутнасць там групы «Вагнер». Мы лічым, што гэта будзе каля васьмі тысяч салдат. Гэта небяспечны для Украіны элемент, патэнцыйна небяспечны для Літвы і можа быць небяспечны для нас. Гэта можа азначаць новы этап гібрыднай вайны. Таму былі прыняты рашэнні адносна ўзмацнення нашай абароны ўсходняй мяжы», — заявіў Яраслаў Качыньскі пасля заканчэння пасяджэння Камітэта бяспекі.
Пад «узмацненнем», як патлумачыў Качыньскі, разумеецца «павелічэнне сіл, якія будуць там пастаянна прысутнічаць, а таксама павелічэнне перашкод і ўмацаванняў, якія павінны абараняць мяжу ў выпадку нападу».
Канкрэтных лічбаў ён не назваў, але гэтае ўзмацненне «павінна быць сур'ёзным».
Пры гэтым Яраслаў Качыньскі падкрэсліў, што імавернасць атакі з беларускага боку ўсё ж такі пакуль ацэньваецца як «малаімаверная»,
але «палітыка бяспекі па сваёй прыродзе арыентаваная на самыя горшыя сцэнары, і, кіруючыся гэтым прынцыпам, мы павінны былі прымаць такія рашэнні».
Качыньскі запэўніў: «Мы будзем гатовыя адбіваць напады нават такой небяспечнай і рашучай групоўкі».
Чытайце таксама:
У Белым доме пракаментавалі, ці быў мяцеж «Вагнера» толькі прыкрыццём для яго пераезду ў Беларусь
Каментары