Спявачка Мадонна трапіла ў рэанімацыю з «сур'ёзнай бактэрыяльнай інфекцыяй»
Менеджар Мадонны Гай Асіры паведаміў у інстаграме, што ў суботу ў спявачкі развілася «сур'ёзная бактэрыяльная інфекцыя». Яе шпіталізавалі і змясцілі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі на некалькі дзён.
15 ліпеня Мадонна павінна была пачаць сусветнае турнэ ў гонар 40-годдзя сваёй музычнай кар'еры. Але цяпер усе запланаваныя мерапрыемствы спявачкі, уключаючы выступленні ў рамках туру, адклалі ў сувязі з яе хваробай.
Мадонне, ці Луізе Вераніцы Чыконэ Рычы, цяпер 64 гады. Сваю музычную кар'еру яна пачала ў 1979 годзе як барабаншчыца ў нью-ёркскім рок-гурце Дэна Гілроя Breakfast Club, а неўзабаве перайшла да ігры на гітары і спеву.
З канца 1980-х за Мадоннай трывала замацаваўся тытул «каралевы поп-музыкі», а ў 2000 годзе яе ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самую паспяховую выканаўцу ўсіх часоў.
Каментары