Польшча хоча размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю ў адказ на размяшчэнне расійскай у Беларусі
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ягоная краіна хацела б далучыцца да праграмы ядзернага абмену сярод краін НАТА, улічваючы намеры Расіі размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён сказаў пасля саміту ў Бруселі, як паведамляе «Еўрапейская праўда».
Маравецкі пацвердзіў, што Варшава зацікаўленая ва ўдзеле ў гэтай праграме.
«Канчатковае рашэнне будзе залежаць ад нашых амерыканскіх, натаўскіх партнёраў. Мы заяўляем пра нашу волю дзейнічаць хутка ў гэтым пытанні», — адзначыў польскі прэм'ер.
Таксама Маравецкі падкрэсліў, што «мы не хочам сядзець склаўшы рукі, пакуль Пуцін нагнятае рознага роду пагрозы».
Ядзерны абмен (Nuclear Sharing) — гэта праграма ядзернага стрымлівання НАТА. Яна дазваляе размяшчаць ядзерныя боегалоўкі на тэрыторыі краін — сябровак альянсу, якія не маюць уласнай ядзернай зброі. З лістапада 2009 года ў рамках гэтай праграмы ядзерная зброя ЗША размешчаная ў Бельгіі, Германіі, Італіі, Нідэрландах і Турцыі.
Каментары