Аўто

У Расіі вырасце ўтыльзбор на аўто — закране і беларускіх аўтаперагоншчыкаў

З 1 жніўня ў Расіі будзе праіндэксаваны ўтылізацыйны збор на легкавы і грузавы транспарт. Рост складзе 1,7 — 3,7 разу ў залежнасці ад віду аўтатэхнікі і аб'ёму рухавіка. Зменяцца і некаторыя іншыя падыходы. У Беларусі ніякіх змен у стаўках утылізацыйнага збору не плануецца, але новыя правілы ў Расіі могуць адбіцца і на беларускім аўтамабільным бізнэсе.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Што змяняецца 

Пасля з'яўлення ў сакавіку 2019 года льготнай размытнёўкі на аўтамабілі для пэўнай катэгорыі грамадзян масава купляць прывезеныя аўто з Еўропы і ЗША ў нашай краіне пачалі і расіяне. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, адыходам з Расіі сусветных аўтавытворцаў і ўвядзеннем шэрага санкцый попыт на аўто ў Беларусі з боку расіян толькі павялічыўся. Але, як кажуць заўсёднікі бізнэсу, па машыны да нас у большасці выпадкаў ехалі не шараговыя аўтааматары, а менавіта расійскія перакупы, супраць якіх у тым ліку і накіраваны новыя змены ў расійскім заканадаўстве.

Ад 1 жніўня ў Расіі не толькі зменяцца тарыфы на ўтылізацыйны збор для юрыдычных асоб, але і метад спагнання для фізічных асоб.

На бягучы момант утылізацыйны збор для фізічных асоб у РФ нават меншы за той, што ёсць у Беларусі. У нас за легкавік да трох гадоў трэба заплаціць 544 рублі (каля 160 еўра), ад трох да сямі гадоў — 816 рублёў (каля 245 еўра) і 1225 рублёў (каля 370 еўра), калі аўто старэйшае за сем гадоў.

У Расіі за аўто да трох гадоў утыльзбор для фізічных асоб складае 3400 расійскіх рублёў (каля 34 еўра), за аўто, якому больш за тры гады, — 5200 расійскіх рублёў (каля 52 еўра).

Так званы льготны тарыф для фізічных асоб захаваецца і пасля 1 жніўня. Але ёсць важны момант. Калі чалавек захоча прадаць увезены з-за мяжы аўтамабіль цягам першага года ад моманту ўвозу, то для таго, каб з'явілася магчымасць змяніць уласніка, яму давядзецца заплаціць утылізацыйны збор па тарыфе юрыдычнай асобы. 

А гэта ўжо зусім іншыя лічбы. За аўтамабіль да трох гадоў з рухавіком да двух літраў трэба будзе выкласці 178 400 расійскіх рублёў (амаль 1800 еўра). Калі машыне ўжо споўнілася тры гады, то ўтыльзбор складзе 313 800 расійскіх рублёў (больш за 3000 еўра). 

З павелічэннем аб'ёму стаўка расце. Так, напрыклад, за чатырохгадовы аўтамабіль з рухавіком да 2000 см³ ахвотніку перапрадаць аўтамабіль цягам 12 месяцаў пасля ўвозу давядзецца заплаціць 480 200 расійскіх рублёў (без малога 5000 еўра). 

Такія змены ў заканадаўстве зробяць перапродаж толькі што прывезеных аўтамабіляў не надта выгаднай справай. 

Сярод іншага варта адзначыць, што льготныя стаўкі будуць дзейнічаць толькі ў дачыненні да аўто з рухавіком да трох літраў. Калі аб'ём рухавіка большы, то фізічнай асобе адразу давядзецца плаціць утыльзбор на ўзроўні юрыдычнай асобы. А гэта ўжо ад 2500 да 7000 еўра ў эквіваленце. Таму аматарам аўто з вялікім аб'ёмам у любым выпадку давядзецца раскашэліцца.

Пацярпяць і беларускія перагоншчыкі

Суразмоўца з ліку аўтабізнэсоўцаў, які займаецца перапродажам на РФ дарагіх аўто са Штатаў, лічыць, што такія змены негатыўна адаб'юцца на яго дзейнасці.

«Рэч у тым, што да нас з РФ у асноўным прыязджаюць не канчатковыя пакупнікі, якія бяруць аўто для сабе, а перакупы. Яны куплялі аўто ў Беларусі, пасля везлі яго ў Расію, дзе рэгістравалі на сваю «вешалку», рабілі электронны тэхпашпарт (ПТС), сертыфікат, усталёўвалі кнопку SOS, бо без гэтага ў РФ нельга паставіць аўтамабіль на ўлік. Нават калі ён прывезены з Беларусі», — тлумачыць суразмоўца.

Па ягоных словах, менавіта праз даволі складаную працэдуру падрыхтоўкі аўто да рэгістрацыі машыны ў большасці выпадкаў куплялі менавітая прадпрымальныя расіяне, а не канчатковыя спажыўцы.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

«Расіяне ў большасці сваёй вельмі лянівыя, ім трэба, каб усё было зроблена «пад ключ». Таму самі яны рэдка да нас едуць, бо клопату з такім аўто даволі шмат. Ім лепей, каб усё за іх зрабілі, а яны толькі перааформілі ўжо цалкам гатовы аўтамабіль на сябе», — тлумачыць мужчына.

Бізнэсмен лічыць, што праз змены ў расійскім заканадаўстве займацца перапродажам аўто на РФ стане значна складаней.

«І без таго не самы вялікі попыт, які мы назіраем апошнія месяцы стане яшчэ больш кволым. Можна чакаць, што на нейкі перыяд цікавасць да аўто з боку расіян стане блізкай да нуля», — лічыць мужчына.

«Давядзецца шукаць іншыя схемы і шляхі»

Беларускім і расійскім аўтабізнэсоўцам, якія займаліся перапродажам аўто з ЕС і ЗША, хутка давядзецца працаваць па новых правілах, якія, як думае іншы наш суразмоўца, усё адно не спыняць гэтага бізнэсу.

«Давядзецца шукаць іншыя схемы і шляхі. Зараз расійскім перакупшчыкам трэба будзе везці з Беларусі машыну, якая проста знятая з уліку, але яшчэ не прададзеная новаму ўласніку. У Расіі ім давядзецца прадаваць яе на беларускіх транзітах, каб першым уласнікам у РФ быў канчатковы пакупнік, які адразу зарэгіструе аўто на сябе.

Бо інакш давядзецца даплаціць некалькі тысяч еўра ўтылізацыйнага збору, што ў большасці выпадкаў зробіць здзелку нявыгаднай», — лічыць суразмоўца, які прыганяе аўто з Еўропы.

Па словах перагоншчыка, праца па такой схеме мусіць аказаць пэўны негатыўны ўплыў, бо не кожны пакупнік аўто ў РФ захоча звязвацца з такой схемай. Ім трэба будзе купляць машыну, якая знаходзіцца ў Расіі, але дакументы ў яе беларускія, а дамову куплі-продажу давядзецца складаць ад імя беларускага ўласніка, які знаходзіцца невядома дзе.

Ільготнікі атрымаюць дадатковую рызыку

Таксама аўтабізнэсовец адзначае, што ад такой схемы не ў захапленні будуць і беларускія льготнікі.

«Такая машына яшчэ невядома колькі будзе фармальна заставацца ва ўласнасці беларускай «вешалкі». Адпаведна, і адказнасць будзе на юрыдычным уласніку аўто, калі нешта здарыцца ці банальна прыйдзе штраф за перавышэнне хуткасці, бо пераходу ўласнасці не адбудзецца. Машына будзе знятая з уліку для продажу, у яе будуць транзітныя нумары, але пакуль расійскі перакуп не прадасць яе і не зарэгіструе на канчатковага пакупніка, то фармальна машына будзе ўвесь гэты час належаць беларусу», — звяртае ўвагу суразмоўца.

Перагоншчык аўто з Еўропы, як і іншы наш суразмоўца, таксама лічыць, што такія змены ў РФ могуць негатыўна адбіцца на ягоным бізнэсе.

«Магчыма, праз гэта стане крыху больш тых расіян, якія самі наважацца прыехаць па аўто ў Беларусь, але я не думаю, што іх колькасць моцна павялічыцца», — разважае перагоншчык.

Ёсць яшчэ адзін варыянт, як беларускія і расійскія перакупшчыкі змогуць працаваць у новых умовах.

Частка машын будзе ехаць у РФ адразу пасля размытнёўкі ў Беларусі нават без пастаноўкі на ўлік у беларускай ДАІ. Расійскі перакупшчык будзе выпісваць дагавор куплі-продажу на новага ўласніка, а размытненае аўто так ніколі і не даедзе да рэгістрацыйнага аддзялення ў Беларусі.

«Некаторыя і цяпер так перапрадаюць машыны, але тут трэба разумець, што не кожны льготнік на такое пагодзіцца», — прызнаецца перагоншчык.

Варта адзначыць, што льготнікі, якія падпісваюцца на перапродаж аўто без яго рэгістрацыі ў ДАІ, могуць стаць першымі, на каго звернуць увагу кантралюючыя органы. Бо ў такім выпадку будзе значна прасцей знайсці абгрунтаванне таго, што льгота была выкарыстаная не для асабістага карыстання, то-бок не па назначэнні.

Для даведкі, летась колькасць аўто, якія фізічныя асобы імпартавалі ў Беларусь з трэціх краін, вырасла ў 2,4 разу. Калі за ўвесь 2021 год гэта было 35 тысяч аўтамабіляў, то за 2022-і — больш за 80 тысяч. Амаль усе яны былі размытненыя з выкарыстаннем ільготы. Значная частка гэтых машын пазней апынулася ў Расіі.

Чытайце таксама: 

Продаж новых аўтамабіляў у Беларусі ў чэрвені вырас амаль на чвэрць

«Белджы» набірае супрацоўнікаў і плануе выпускаць аўто пад уласным брэндам

«Аўтамабільныя страхоўкі пацягнулі на 250 еўра». Беларусы паехалі ў адпачынак у Чарнагорыю і ўляцелі ў капеечку

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →