Як стала вядома «Нашай Ніве», у пунктах пропуску на мяжы пастрожылі праверкі «ненадзейных» беларусаў — туды ўвайшоў яшчэ адзін, новы элемент.
Вядома, што на ўездзе ў Беларусь бываюць выпадкі, калі грамадзян нашай краіны пры праходжанні памежнага кантролю «адводзяць убок» асобы ў цывільным, якія пачынаюць задаваць пытанні на палітычныя тэмы, патрабаваць доступ да дэвайсаў і гэтак далей.
Група рызыкі ў гэтых выпадках — тыя беларусы, якія прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці па «палітычных» артыкулах у апошнія гады.
Звычайна ў дэвайсах правяраюць перапіскі ў сацыяльных сетках, падпіскі на забароненыя дзяржавай рэсурсы, фотаальбомы на прадмет нацыянальнай беларускай сімволікі і ўдзелу ў акцыях.
Але, як нам стала вядома, дадаўся новы пункт у ходзе такога нефармальнага электроннага вобшуку: спецслужбісты часам правяраюць ІМЕІ мабільнага тэлефона чалавека, якога яны адвялі на допыт.
Звычайна ў меню «асабістых даных» тэлефона можна ўвайсці, увёўшы *#06#.
Код ІМЕІ унікальны для кожнага дэвайса, ён выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі тэлефона ў сетцы.
Мабільныя аператары ведаюць, да якога дэвайса якая сімка была прывязаная. Так, у прыватнасці, шукаюць скрадзеныя мабільныя — як толькі ў сетцы з'яўляецца тэлефон з ІМЕІ, ідэнтычным скрадзенаму дэвайсу, злодзея знаходзяць.
Беларускія аператары мабільнай сувязі захоўваюць архіў не толькі таго, якія сімкі знаходзіліся ў якой зоне мабільнай сувязі, але і якія ІМЕІ. І па сімках, і па ІМЕІ можна рэканструяваць маршрут руху любога тэлефоннага апарата — а, адпаведна, яго ўладальніка, па краіне.
Па ІМЕІ можна ідэнтыфікаваць, скажам, апараты, якія засвяціліся ў пэўнай мабільнай зоне ў пэўны момант часу 2020-га, або апараты, якія засвяціліся вакол аэрадрома Мачулішчы ў лютым 2023-га, або з якіх рабіўся званок, напрыклад, супрацоўнікам МУС, СК ці іншых сілавых структур, нават калі ў апараце ў гэты час стаяла не беларуская, а замежная сімка.
Здаецца, ІМЕІ правяраюць найперш у тых, хто часта ездзіць за мяжу і можа карыстацца замежнай сім-картай, а таксама ў замежнікаў, перадусім украінцаў.
Для чаго людзей шукаюць па ІМЕІ, мы не ведаем. Але мы ведаем, што шукаюць.
Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь
Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў
«Полк Каліноўскага прыйдзе вызваляць Беларусь — ты будзеш рады»? Што пытаюцца і што глядзяць у тэлефоне — расказвае чалавек, які нядаўна праходзіў мяжу
Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі
Каментары