Палонныя беларусы, якія ваявалі за Расію, просяць абмяняць іх на палонных каліноўцаў або палітзняволеных
Беларусы Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч, якія ваявалі ва Украіне на баку Расіі, а цяпер ва ўкраінскім палоне, запісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі.
У відэа, якое апублікавалі ўкраінскія каналы, мужчыны просяць у Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў рэжыму дапамогі, каб іх абмянялі на ваеннапалонных, якія змагаліся за Украіну, або на палітвязняў.
«Каб вы звязаліся з прадстаўнікамі палка Кастуся Каліноўскага і зрабілі абмен нас. Калі такога абмену не адбудзецца, як сказалі прадстаўнікі дадзенай арганізацыі, можа адбыцца ўсё, што заўгодна. У дадзенай сітуацыі не ўпасці тварам у бруд, забраць сваіх людзей, не ведаю, наколькі мы ўжо свае да вас, але я спадзяюся, што вы нас забераце, што вы нас не забудзеце. Недзе мы паступілі няправільна, у нас свая ідэалогія, у нашага праціўніка — свая ідэалогія», — кажа Зязюльчык.
Палонныя ў відэа просяць, каб момант абмену адбыўся як мага хутчэй.
Палонныя беларусы Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч выглядаюць добра, яны не схуднелыя.
Учора фота з імі, ваяром палка Каліноўскага з пазыўным «Марк» і блогерам Максімам Шабуцкім апублікаваў украінскі блогер BalaganOFF у сваім тэлеграм-канале.
Раней з заклікамі да Кіева выкарыстаць свае магчымасці для вызвалення дваіх палонных каліноўцаў, а таксама палітзняволеных выступалі беларускія ініцыятывы і грамадскія дзеячы. Верагодна, зварот палонных не мог з’явіцца без ініцыятывы або згоды ўкраінскіх уладаў.
Зязюльчык Максім у свой час ён служыў у вайсковай часці ў Марʼінай Горцы пад Мінскам, якая ўваходзіць у склад Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь. У канцы 2021 года ён завербаваўся ў прыватную вайсковую кампанію «Рэдут». Паваяваць ва Украіне ён паспеў няшмат — з ліпеня да верасня 2022-га, пакуль не трапіў у палон. Ён удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці, дзе быў паранены. Пазней у складзе батальёна «Ветэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Потым расіяне перакінулі гэтае падраздзяленне ў Ліманскі раён Данецкай вобласці.
Служба бяспекі Украіны лічыць, што Максім Зязюльчык быў супрацоўнікам беларускага КДБ.
Андрэй Герыловіч — з ПВК «Вагнер». Паводле даных Нацгвардыі, баец мае пазыўны «Заспа» (назва яго роднай вёскі), ён карэктаваў артылерыю расійскіх наймітаў. Пра тое, што ён у палоне, стала вядома ў лістападзе 2022-га. Украінскі суд прысудзіў яму 9 год пазбаўлення волі.
«Мама ў шоку». Што расказваюць знаёмыя пра беларуса з ПВК «Вагнер», якога ўкраінцы ўзялі ў палон
Ва Украіне асудзілі беларуса-вагнераўца. Ён пайшоў на пагадненне аб прызнанні віны і пазбег максімальнага тэрміну
«Азаронак — ёлупень». Гутарка з палонным беларусам з ПВК «Рэдут» зацягвае і пакідае пытанні
СБУ: Узяты ў палон беларус насамрэч працаваў на беларускі КДБ і збіраў інфармацыю як пра Украіну, так і пра расійскія ПВК
Каментары