На беларускі конкурс кінафестывалю «Паўночнае ззянне» заявілі 59 фільмаў. Большасць з іх — кароткі метр
Каманда «Паўночнага ззяння» падзялілася вынікамі конкурсу для беларускіх рэжысёраў. На фестываль паўночных і балтыйскіх краін творцы маглі падаваць фільмы ў любым жанры, на любую тэму і любога хронаметражу, піша «Будзьма».
«Беларускі кінематограф вядомы збольшага дакументальнымі фільмамі, але ж сёлета большасць заявак — ігравыя! Усяго 28 прац. Акрамя іх, заявілі 18 дакументальных, 10 эксперыментальных і 3 анімацыйныя».
Адметна, што 49 з дасланых фільмаў — кароткаметражныя, да 30 хвілін. 9 фільмаў — сярэдняга метру, ад 30 да 60 хвілін. Падалі на фестываль і адзін поўнаметражны фільм.
Сярод фільммэйкераў — 57% рэжысёраў і 43% рэжысёрак. Падавалі заяўкі і ад групы аўтараў.
Назвы стужак, якія пройдуць адбор і возьмуць удзел у кінафестывалі, арганізатары назавуць у кастрычніку-лістападзе.
Беларускі незалежны кінафорум «Паўночнае ззянне» сёлета пройдзе ў дзявяты раз. Да праглядаў беларускага конкурсу можна будзе далучыцца анлайн і афлайн. Нагадаем, што летась у беларускай праграме перамагла Саша Кулак са сваёй дакументальнай стужкай «Мара».
Каментары