У Беларусі зменяцца падыходы да фінансавання дзяржаўных тэатраў. Новая схема будзе прымяняцца з 1 студзеня 2024 года да канца 2024 года. Адпаведны ўказ падпісаў сёння Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.
Дакумент прадугледжвае, што фінансаванне выдаткаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў будзе рабіцца ў прапорцыях 60/40 адпаведна пры стварэнні новых пастановак і правядзенні гастроляў, а таксама аплаце камунальных паслуг і эксплуатацыйных выдаткаў, выплаце заработнай платы.
Бягучы і капітальны рамонт, набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў будуць рабіцца ў поўным аб'ёме за кошт бюджэтных сродкаў. Прадугледжваецца магчымасць аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі на выплату ўзнагароджанняў работнікам дзяржаўных арганізацый культуры.
«Рэалізацыя нормаў указа павінна аказаць станоўчы ўплыў на ўдасканаленне рэпертуарнай палітыкі, актывізацыю творчай актыўнасці і гастрольнай дзейнасці», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.
Каментары