Грамадства

Ад РНПЦ анкалогіі да раённага аддзела культуры. Куды беларусаў прымушаюць данаціць сілавікі

Калі чалавек ахвяраваў сродкі ў фонды дапамогі ByHelp ці BySol альбо ў іншыя арганізацыі, сілавікі прымушаюць яго заплаціць дзяржаўным установам у 10 разоў болей. «Радыё Свабода» паглядзела, што гэта за арганізацыі.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Адносна новая практыка беларускіх сілавікоў — прымушаць беларусаў скідацца на некаторыя дзяржаўныя ці калядзяржаўныя арганізацыі. Напрыклад, чалавек заданаціў некалі ў фонды дапамогі ByHelp ці BySol. Яго выклікаюць у КДБ ці МУС і вельмі настойліва просяць закінуць пэўную суму на рахунак нейкай арганізацыі. Звычайна гэтая сума ў дзесяць разоў большая за зроблены калісьці данат на дапамогу актывістам. Нам вядомыя выпадкі, калі за колішняе ахвяраванне памерам 20 даляраў чалавека прымушалі пералічыць 2 ці нават 3 тысячы даляраў. Пэўнай сістэмы ў сумаўтварэнні мы не пабачылі.

15 чалавек, якія прайшлі праз такую працэдуру, на ўмовах ананімнасці расказалі «Свабодзе», на рахункі якіх арганізацый улады прымушалі іх пераводзіць грошы.

РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медычнай радыялогіі ў Бараўлянах часта трапляецца ў спісе арганізацый, куды сілавікі прымушаюць пераводзіць грошы. У некаторых выпадках яны даюць спіс, а чалавек сам выбірае, куды ахвяраваць. Часам грошы просяць перавесці адрасна, канкрэтна на гэты цэнтр.

РНПЦ — вядучая медычная ўстанова ў Беларусі, дзе лечаць анкалогію, а таксама аказваюць розныя платныя медычныя паслугі. У тым ліку паслугі пластычнай хірургіі.

Згодна з афіцыйным сайтам, у цэнтры працуе 1751 чалавек, з іх 444 лекары. Мяркуючы па рэспубліканскім банку вакансій, цяпер цэнтру не хапае 248 супрацоўнікаў, у тым ліку 74 лекараў.

Cектар культуры аднаго з райвыканкамаў

Аднаго з апытаных «Свабодай» жыхароў Беларусі сілавікі папрасілі пералічыць грошы на сектар культуры ў раённым выканаўчым камітэце. Грошы спатрэбіліся нібыта для таго, каб падтрымаць рублём рэстаўрацыю мясцовага помніка архітэктуры.

У райвыканкаме ўдалося даведацца, што гэты помнік архітэктуры сапраўды цяпер на рэстаўрацыі. І яе можна падтрымаць грашыма ў абыход сілавікоў. У райвыканкаме, аднак, не змаглі адразу патлумачыць якім менавіта чынам, і прапанавалі перазваніць.

Юныя ратавальнікі

Яшчэ адна арганізацыя, куды настойліва прасілі пералічыць грошы сілавікі, — Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя юных ратавальнікаў-пажарных. Яе ўтварылі яшчэ ў 2001 годзе. Тады ж у сталічных школах правялі кампанію па ўступленні яе шэрагі. У адміністрацыі школ прыходзілі разнарадкі, настаўнікі мусілі ўгаворваць вучняў далучыцца да гэтай арганізацыі. Чым канкрэтна яна займаецца, сказаць цяжка. Раённыя філіялы ёсць па ўсім Менску.

Арганізацыя таксама выдае часопіс «Юны ратавальнік». На яго раней прымушалі падпісвацца класных кіраўнікоў у беларускіх школах.

Дзіцячыя дамы

Яшчэ адна катэгорыя арганізацый, куды прымушаюць пераводзіць грошы сілавікі, — дзіцячыя дамы. Мы знайшлі некалькі такіх выпадкаў. Гэта Рэчыцкі дом-інтэрнат, Ваўкавыскі дзіцячы дом, Дом дзіцяці нумар 1 у Менску. У асноўным гэта арганізацыі, падначаленыя Міністэрству аховы здароўя, дзе жывуць хворыя дзеці.

Па словах суразмоўцаў «Свабоды», пералічваць грошы сілавікі прымушалі і ў Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей з парушэннем слыху. Ён таксама падначалены Мінздароўя.

У аднаго чалавека, якога папрасілі заданаціць на дзіцячы дом, у дакументах сілавікі пакінулі фармулёўку: «Жаданне загладзіць віну». Менавіта з такой матывацыяй ён нібыта пераводзіў ім загадзя агавораную суму.

Некаторыя асаблівасці

У гэтых прымусовых данатах на розныя арганізацыі цяжка адсачыць логіку. Чалавеку з Менску прапануюць заплаціць у арганізацыю з Гродзенскай вобласці, а жыхару маленькага раённага горада — на рахунак установы аховы здароўя ў сталіцы. Камусьці адразу прапануюць канкрэтную арганізацыю, а некаму даюць спіс і магчымасць выбраць.

Часам, паводле слоў суразмоўцаў, ім удавалася старгавацца і заплаціць меней, чым першапачаткова запрошвалі сілавікі. Часам выніковая сума, наадварот, павялічвалася. Камусьці толькі пасля такога прымусовага даната дазволілі выехаць за мяжу, а некаму сілавікі сказалі, што пасля ахвяравання «ён можа бесперашкодна ездзіць у Беларусь». Такія абяцанні сілавікоў не пацвярджаюцца дакументальна.

«Лепш патрабаваць позву або ісці з адвакатам»

Паводле юрысткі праваабарончага цэнтра «Вясна» Святланы Галаўнёвай, найбольш зваротаў ад людзей, якіх вымушалі плаціць грошы сілавікі, паступала на пачатку лета.

«Мне здаецца, што на піку да нас за тыдзень звярталіся па 5—6 такіх людзей. Мы раім першапачаткова не гуляць па іхніх правілах. Калі яны тэлефануюць і запрашаюць — не ісці, ісці толькі па позве і з адвакатам, максімальна не ісці на кантакт. Чалавек абавязаны з'яўляцца на працэсуальныя дзеянні ў нейкім статусе. Але гэтага не робіцца, у іх недастаткова даных на чалавека. Гэта больш справа ціску і прымусу. Шмат людзей ішлі на гэта, плацілі і выязджалі», — кажа юрыстка.

Каментары

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны ўяўляла пагрозу нацыянальнай бяспецы38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →