Кітай упершыню стаў сусветным лідарам на рынку аўто. Як так атрымалася?
У мінулым годзе Кітай абышоў Германію і стаў другім найбуйнейшым экспарцёрам аўтамабіляў у свеце. А сёлета абагнаў і лідара — Японію. Панаванне Кітая на сусветным аўтарынку з прагнозаў становіцца рэальнасцю, і Захад тэрмінова шукае спосабы вярнуць той час, калі ўвесь свет ездзіў на машынах нямецкай, японскай, французскай і амерыканскай вытворчасці, піша BBC.
Пакуль што галоўная экспартная марка электрамабіля з пазнакай «Зроблена ў Кітаі» — Tesla. Але паступова не толькі батарэі, але і машыны ўласнай кітайскай распрацоўкі заваёўваюць унутранага спажыўца і накіроўваюцца на сусветны рынак.
Кітай усяго за дзесяцігоддзе стварыў аўтапрам будучыні і дабіўся лідарства ў экспарце. Як у яго гэта атрымалася?
Дзякуй партыі, Пуціну і крызісу
Запусціць галіну дапамагла падтрымка кітайскіх улад і кантроль за рэсурсамі, неабходнымі для вытворчасці батарэй. Кампартыя паставіла аўтапрам на ногі, а далей ён не пайшоў, а пабег.
Гісторыя поспеху тым больш дзіўная на фоне праблем кітайскай эканомікі. Яе ліхаманіць вось ужо які год.
Працяглы крызіс падарваў веру насельніцтва ў здольнасць кампартыі пры Сі Цзіньпіне забяспечыць ранейшыя тэмпы росту дабрабыту. Людзі не спяшаюцца расставацца з грашыма, чым аддаляюць заяўленую мэту эканамічнай палітыкі — ажывіць спажыванне.
Але аўтапраму гэта аказалася якраз на руку. Падзенне ўнутранага попыту паглыбіла крызіс перавытворчасці, і аўтазаводы рынуліся з падвоенай энергіяй шукаць пакупнікоў за мяжой.
І тут, з аднаго боку, дапамаглі «зялёныя» рэформы ў Еўропе, дзе ўсіх збіраюцца перасадзіць на электрамабілі ў найбліжэйшыя 10-15 гадоў.
А з іншага — загад Уладзіміра Пуціна заваяваць Украіну, у выніку якога заходні аўтапрам пакінуў Расію, а Кітай атрымаў ёмісты і блізкі рынак збыту для бензінавых і дызельных машын, якія ў развітыя краіны ўжо не прадасі.
Кітайскі аўтаэкспарт у Расію вырас у сем разоў. Калі год таму кожная пятая машына, прададзеная на расійскім рынку, была кітайскай, то сёння кожная другая.
Расіяне задаволеныя, а вось еўрапейцам такая хуткая замежная экспансія Кітая прыйшлася не даспадобы.
Менавіта ў ЕС у асноўным адпраўляюцца гандлёвыя судны, гружаныя сабранымі ў Кітаі электракарамі, бо 27 краін блока з насельніцтвам 450 млн чалавек — гіганцкі багаты рынак, супастаўны толькі з амерыканскім. Аднак з ЗША ў Кітая вельмі нацягнутыя адносіны, а ў ЕС — спрыяльны гандлёвы рэжым.
Але хутка ўсё можа памяняцца.
Еўропа выйшла на сцежку вайны
«Кітай заваліў сусветны рынак таннымі электрамабілямі. Цэны на іх штучна заніжаныя за кошт велізарных дзяржсубсідый», — сказала кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на гэтым тыдні ў штогадовым звароце аб галоўных прыярытэтах еўрапейскай палітыкі.
Сёлета аўтаімпарт з Кітая падвоіўся, і цяпер 8% еўрапейскага рынку займаюць сабраныя ў Кітаі электрамабілі. За пару гадоў падвоіцца і гэтая доля, як прагназуе Еўракамісія.
Цэны кітайскіх мадэляў у сярэднім на 20% ніжэйшыя за еўрапейскія аналагі.
Таму Еўракамісія вырашыла пачаць расследаванне нядобрасумленнай канкурэнцыі, вынікам якога, хутчэй за ўсё, стануць дадатковыя пошліны на сабраныя ў Кітаі машыны з электрабатарэямі.
Пад гэтую катэгорыю трапляюць не толькі кітайскія маркі накшталт BYD ці XPeng і не толькі некалі еўрапейскія маркі, якія цяпер належаць кітайскім кампаніям, накшталт Volvo і MG, але і машыны з кітайскіх заводаў нямецкай BMW, французскай Renault ці амерыканскай Tesla.
Улады дзвюх галоўных прамысловых дзяржаў ЕС — Германіі і Францыі — узрадаваліся і аднадушна падтрымалі расследаванне Еўракамісіі.
Кітай жа пакрыўдзіўся і выказаў прэтэнзію.
«Адкрыты пратэкцыянізм з боку ЕС прывядзе да дэстабілізацыі і перакосу на сусветным аўтарынку, у тым ліку ў Еўрасаюзе, — заявіла кітайскае Мінгандлю. — Абарона ўласнага аўтапрама пад маркай «сумленнай канкурэнцыі» неспрыяльна адаб'ецца на эканамічных і гандлёвых сувязях ЕС і Кітая».
Еўрапейцы сцвярджаюць, што кітайскія аўтазаводы абышлі еўрапейскіх канкурэнтаў дзякуючы маштабнай дзяржпадтрымцы, што ў ЕС забаронена. Кітайцы ж кажуць, што выйграюць чыста — не на допінгу субсідый, а за кошт бізнэс-таленту і тэхналагічнай перавагі.
Хто мае рацыю?
Як Кітай стаў лідарам аўтапрама будучыні
Кітайскія ўлады апошнія дзесяцігоддзі паслядоўна падтрымлівалі новы аўтапрам унутры краіны і забяспечвалі доступ да літыю і іншых рэсурсаў для галіны за яе межамі.
Кампартыя мела тры галоўныя мэты: чыстае паветра ў гарадах, імпартазамяшчэнне і стаўку на лідарства ў тэхналогіях будучыні дзеля перамогі ў канкурэнцыі з Захадам за эканамічнае панаванне на планеце.
З 2016 па 2022 гады Кітай выдзеліў на падтрымку попыту і вытворчасці аўтамабіляў з электрычнымі і гібрыднымі рухавікамі 57 млрд даляраў, прыводзіць Reuters ацэнку кансалтынгавай фірмы AlixPartners. А ў 2023 годзе была аб'яўленая новая чатырохгадовая праграма падатковых ільгот на 72 млрд даляраў.
І гэта толькі цэнтралізаваныя субсідыі. Апроч іх, існуюць яшчэ і рэгіянальныя.
Грашыма падтрымка не абмяжоўваецца. Для папулярызацыі электрамабіляў Кітай імкліва стварыў самую буйную ў свеце сетку зарадак — больш за 6 млн пунктаў — і прымусіў вытворцаў уніфікаваць стандарт зарадных прылад.
Вынік двух дзесяцігоддзяў дзяржпадтрымкі перасягнуў усе чаканні.
Кітай выбіўся ў лідары сусветнага рынку батарэй для электрамабіляў. Кампанія CATL цяпер кантралюе 37%, а BYD — амаль 15%, прыводзіць статыстыку дзелавая газета FT.
Батарэі CATL ставяць на свае машыны Tesla, BMW і Volkswagen, а Ford пайшоў далей і купіў тэхналогію і ноу-хау, каб пабудаваць завод у Мічыгане.
За батарэямі (запчасткай, хай і самай галоўнай у электрамабілі) у лідары выбілася і гатовая прадукцыя — машыны ўласнай кітайскай распрацоўкі.
Спачатку яны заваявалі ўнутраны рынак. У гэтым годзе самай папулярнай маркай у Кітаі ўпершыню за дзесяцігоддзе стаў не Volkswagen, а BYD. Зараз чарга сусветнага рынку.
Заходні аўтапрам даўно ўсвядоміў, што пачынае прайграваць канкурэнцыю кітайскаму. Да поўнага разгрому яшчэ далёка, але без маштабных інвестыцый, настройкі дзяржаўнай палітыкі або тэхналагічнага прарыву адставанне з кожным годам будзе больш адчувальным.
Ужо цяпер свабодныя магутнасці кітайскага аўтапрама ацэньваюцца прыкладна ў 10 млн машын у год. Гэта супастаўна з вытворчасцю легкавых аўтамабіляў у 27 краінах ЕС за ўвесь мінулы год. Калі ўсе аўтазаводы ў Еўропе раптам неадкладна зачыняцца, Кітаю нават не трэба будзе нарошчваць вытворчасць: ён ахвотна заваліць рынак сваімі машынамі, як гэта здарылася ў Расіі.
Таму лідар рынку Tesla вось ужо які раз зніжае цэны. Таму ўлады ЗША выдзелілі 270 мільярдаў даляраў на падтрымку «зялёнай перабудовы» эканомікі, у тым ліку субсідыі на куплю амерыканскіх электрамашын.
І таму Еўропа нарэшце прыслухалася да аўтапрама і звярнула ўвагу на кітайскую пагрозу.
Каментары
Воры, как известно, живут неплохо.
Но до поры до времени.
Поэтому наказание неизбежно.