Эканоміка22

«Хацелі зрабіць найбуйнейшы хаб у Еўропе». Сусветны распрацоўшчык анлайн-казіно таксама пакідае Беларусь

Evolution Gaming — распрацоўшчык гульняў для анлайн-казіно — да канца года закрые офіс распрацоўкі ў Мінску. Пра гэта беларускую каманду апавясціў у сваім лісце CEO Марцін Карлсунд, піша dev.by.

Як вынікае з ліста, топ-менеджмент Evolution Gaming прыняў рашэнне закрыць офіс, прааналізаваўшы ўмовы працы ў Мінску.

«У цяперашняй палітычнай і сацыяльнай нявызначанасці ў Беларусі мы, на жаль, не гарантуем, што зможам выступаць у якасці добрага працадаўцы для нашых супрацоўнікаў», — гаворыцца ў лісце.

Па словах CEO, рашэнне закрыць офіс «было няпростае».

«Два гады таму мы адкрылі мінскі хаб з намерам зрабіць яго адным з найбуйнейшых інжынерных хабаў у Еўропе. І дагэтуль спадзяваліся, што не давядзецца мяняць нашых амбіцыйных планаў».

Да канца гэтага года мінская каманда мае скончыць усе праекты, якія знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. Астатнія праекты плануецца перадаць інжынерным камандам у іншых лакацыях.

Закрыццё мінскага офіса закране каля 80 спецыялістаў. Паводле інфармацыі dev.by, ім прапанавалі рэлакейт у польскі офіс кампаніі, куды за мінулы і гэты год ужо пераехала шмат спецыялістаў з Беларусі. У прыватнасці, у лінкедзіне журналісты знайшлі профілі 170+ работнікаў Evolution Gaming, якія пазначылі Польшчу ў якасці актуальнай лакацыі. На сайце кампаніі размешчана каля 20 вакансій для працы ў Варшаве (і ніводнай — для працы ў Беларусі).

Што праўда, рэлакавацца супрацоўнікі могуць толькі за свой кошт. «Фінансавую падтрымку пры пераездзе скасавалі каля паўгода таму. Кампанія толькі дапаможа з афармленнем дакументаў. Заробак даюць вышэйшы, чым у Беларусі, але па вялікім рахунку гэтая розніца пакрывае падаткі», — распавёў адзін з супрацоўнікаў.

Мінскі офіс распрацоўкі Evolution Gaming адкрыўся ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларуская юрыдычная асоба «Эвалюшн Продактс Дэвелапмент» стала рэзідэнтам ПВТ (і працягвае заставацца). У студзені 2020 года Head of Engineering Operations кампаніі распавяла, чаму казіно-гігант абраў Беларусь і якія планы ў мінскага офіса.

Увесну гэтага года з’явіліся перадумовы да адыходу Evolution Gaming з Беларусі. Кампанія абвясціла аб маштабнай рэарганізацыі працы. У выніку ў групе кампаній у інжынерных дэпартаментах была ліквідаваная пасада Process Master. Такую пазіцыю займала каля 20 супрацоўнікаў, частка з іх працавала ў Беларусі. Адначасова пачаў плаўна расфарміроўвацца мінскі офіс. Частка супрацоўнікаў рэлакавалася, частка была звольненая. Пад скарачэнне, у прыватнасці, трапіла каля 20-25 чалавек з камандаў QA.

Па словах крыніцы, «кіраўніцтва патлумачыла гэта тым, што каманда мае быць у адной лакацыі. Гэтай лакацыяй выбралі Рыгу / Варшаву. Нам паведамілі, што тэарэтычна мы можам сваімі сіламі пераехаць у Польшчу і прайсці сумоўе ў іншую каманду, але для гэтага мае быць адкрытая пазіцыя. І наогул палітыка змянілася (у пачатку вайны прапаноўвалі рэлакейт усім), і яны імкнуцца закрываць вакансіі мясцовымі спецыялістамі».

«Эвалюшн Продактс Дэвелапмент» пакуль яшчэ дзейная юрыдычная асоба, але на сайце Evolution Gaming у пераліку лакацый журналісты не знайшлі Беларусі.

Evolution Gaming заснаваная ў 2006 годзе ў Швецыі. Асноўная спецыялізацыя — распрацоўка гульняў для гэмблінгу, у тым ліку з удзелам жывых дылераў (анлайн-гульцы могуць далучыцца да тых, хто ў гэты момант гуляе ў звычайным казіно).

У кампаніі ёсць прадстаўніцтвы ў 10+ краінах. У 2019 годзе кампанія адкрыла офіс распрацоўкі ў Мінску. У Беларусі працавала больш за 170 спецыялістаў, ва ўсіх лакацыях — больш за 15 тысяч. Акцыі Evolution Gaming каціруюцца на фондавай біржы Nasdaq.

Па выніках 2022 года аперацыйныя даходы Evolution выраслі на 36% да 1,5 мільярда еўра, прыбытак — амаль на 39% да 908,3 мільёна еўра. Кампанія за мінулы год выпусціла 88 новых прадуктаў, сёлета плануецца выпусціць больш за 100 гульняў.

Кантэкст

За 2022—2023 гады некалькі дзясяткаў розных ІТ-кампаній закрылі / прадалі свой бізнэс у Беларусі і пакінулі краіну. Сярод іх шмат вядомых, у прыватнасці:

  • кампаніі з беларускімі каранямі — Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil, Vochi (прадалі бізнэс яшчэ ў 2021. — dev.by), Verv;

  • замежныя — WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix, SK hynix, Kaseya.

Большасць з іх прапанавала супрацоўнікам опцыю рэлакейту і ўзяла на сябе частку выдаткаў. (Толькі 14% удзельнікаў рэсёрчу ў ліпені 2022 — 5000 анкет — адзначылі, што ў іх кампаніях няма рэлакейту.)

Большасць ІТ-кампаній з топ-50 пакуль захавалі бізнэс у Беларусі, але колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць у офісах у Беларусі, за апошнія паўтара года скарацілася, паводле ацэнак dev.by, у 1,5-2 разы. Напрыклад, найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM «страціла» прыкладна палову штату. Амаль на столькі ж скарацілася беларуская каманда iTechArt. Мінскі офіс Exadel скараціўся амаль у 5 разоў.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі і разлікаў dev.by, ад студзеня 2022 года ІТ-сектар страціў каля 22 тысяч спецыялістаў. 

Каментары2

  • бабруйчанін
    21.09.2023
    Усе гєтыя віртуалы - летуцєнікі " пархаюць ад кветкі да кветкі" "і збіраюць " мед" Сення тутака заутра тамака..Ляціце ляціце )) " перакаці- поле" ))
  • Kate
    21.09.2023
    Ну хоць нешта добрае.

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →