Калі такі геапалітычны разварот адбудзецца, то гэта будзе мець наступствы для ўсяго свету.
Як адзначае ў сваёй калонцы ў Le Monde журналіст Жан-Мішэль Беза (Jean-Michel Bezat), за мінулы год адна саудаўская нацыянальная кампанія Saudi Aramco атрымала прыбытак, роўны сукупнаму прыбытку сарака вялікіх французскіх кампаній, уключаных у індэкс САС 40. Сёлета каралеўства павялічыла даход яшчэ нашмат больш дзякуючы росту з канца чэрвеня цэн на нафту на 25% і яе набліжэнню да адзнакі 100 долараў.
Грошы неабходныя для рэалізацыі вялікіх амбіцый, закладзеных у план «Бачанне-2030», які скіраваны на дыверсіфікацыю эканомікі і пабудову больш адкрытага грамадства. Як заўважае аўтар матэрыялу, Эр-Рыяд зробіць усё для таго, каб свет як мага даўжэй выкарыстоўваў вуглевадароды, а барацьба з глабальным пацяпленнем адышла на другі план.
Саудаўская Аравія дамінуе ў Арганізацыі краін — экспарцёраў нафты (АПЕК), якая ў 2013 годзе была пашыраная за кошт уключэння трынаццаці іншых вытворцаў на чале з Расіяй. І гэты нефармальны картэль не толькі не распаўся пасля расійскага ўварвання ва Украіну, але і ўзяў пад свой кантроль рынак, які пакінулі амерыканскія вытворцы сланцавай нафты.
Гэтым летам Саудаўская Аравія і Расія дамовіліся аб скарачэнні здабычы з мэтай падтрымкі высокіх цэн на ўзроўні як мінімум 90 долараў за барэль.
Такія цэны на нафту дазволяць Расіі з лёгкасцю фінансаваць патрэбы вайны ва Украіне.
Прагматычная дыпламатыя
АПЕК прагназуе дэфіцыт паставак сыравіны, але Saudi Aramco, якая здабывае 10% сусветнай нафты, не дасць дадатковай нафты на рынак, пакуль цэны не падымуцца да пункта, які пагражае эканамічнаму росту. На рашэнне Эр-Рыяда не здольныя паўплываць і ЗША. Гэтага не адбылося пасля візіту Джо Байдэна ў эканамічную сталіцу Саудаўскай Аравіі Джыду ў ліпені 2022 года.
Каралеўства дэманструе сваё непадпарадкаванне Злучаным Штатам і адчувае сябе менш звязаным пагадненнем «нафта ў абмен на абарону», заключаным у 1945 годзе. У той жа час Эр-Рыяд патрабуе ад Вашынгтона яго выканання.
Аўтар адзначае, што Саудаўская Аравія, як і шмат якія рэгіянальныя супердзяржавы, выбрала шлях сітуатыўнага пошуку саюзнікаў і прагматычнай дыпламатыі, не заснаванай ні на ідэалогіі, ні на адзінстве культур. Цяпер яе позірк, прынамсі, на эканамічным узроўні, скіраваны на поўнач і ўсход. Там яе партнёрамі выступаюць два асноўныя супернікі ЗША — Кітай і Расія.
Вялікія амбіцыі і рэальнасць
Рэалізацыя плана «Бачанне-2030» мае зменшыць залежнасць краіны ад экспарту нафты і авалодаць тэхналогіямі суверэнітэту ў абароннай і ядзернай энергетыцы, што ў выніку павінна ўмацаваць уплыў Саудаўскай Аравіі на Блізкім Усходзе. Аб сваім намеры развіваць вайсковую прамысловасць, каб знізіць залежнасць ад ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, каралеўства заявіла яшчэ ў 2017 годзе. У планах — дасягненне да 2030 года вытворчасці 50% вайсковай тэхнікі ў краіне.
Рэалізацыя амбіцыйнага праекта патрабуе не толькі нафтадолараў, але і дапамогі ад іншых краін. І вось тут у Саудаўскай Аравіі ўзнікаюць праблемы.
У гэтым месяцы газета The Wall Street Journal паведаміла аб зрыве планаванага падпісання здзелкі з амерыканскай кампаніяй RTX, вытворцам такіх ракет, як «Тамагаўк» і «Пэтрыёт». Завод па вытворчасці сістэм СПА не будзе пабудаваны з-за меркаваных сувязяў саудаўскай кампаніі з кітайскімі, беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі, якія трапілі пад санкцыі.
Аўтар адзначае, што заклапочанасць многіх краін, асабліва Ізраіля і ЗША, выклікае саудаўская праграма будаўніцтва атамных электрастанцый. Саудаўская Аравія хоча супрацоўнічаць з рознымі партнёрамі, якія валодаюць ядзернай тэхналогіяй, і імкнецца выкарыстоўваць свае ўласныя запасы ўрану і кантраляваць яго ўзбагачэнне для грамадзянскіх і вайсковых мэт.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн настойвае на тым, каб саудаўцы адмовіліся ад гэтых планаў і пагадзіліся на абмежаванні па экспарце ядзернага паліва. У той жа час, як заявіў на мінулым тыдні наследны прынц Саудаўскай Аравіі Махамед бін Салман у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News, краіна павінна мець магчымасць атрымаць ядзерную зброю, калі такая зʼявіцца ў Ірана. Гэта тлумачыцца меркаваннямі бяспекі.
Аўтар піша, што Саудаўская Аравія разглядае магчымасць супрацоўніцтва з Кітаем у галіне ядзернай энергетыкі, бо гэтая краіна менш патрабавальная, чым ЗША. Аб такім намеры каралеўства абʼявіла на другі дзень пасля атрымання запрашэння на ўступленне ў БРІКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёвая Афрыка) у канцы жніўня гэтага года.
У той жа час прынц Махамед бін Салман у згаданым вышэй інтэрвʼю прызнаў, што яму было б лягчэй супрацоўнічаць з ЗША, калі б яны былі больш згаворлівымі, чым шукаць іншых партнёраў.
Такія словы, на погляд аўтара артыкула, сведчаць аб складанасці ці нават немагчымасці Саудаўскай Аравіі поўнасцю вызваліцца ад амерыканскага ўплыву.
Чытайце яшчэ:
Удзельнікі сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі, у тым ліку Кітай, узгаднілі прынцыпы
У чым феномен футбола ў Саудаўскай Аравіі, куды за Раналду ламануліся топавыя еўрапейцы
Саудаўская Аравія прымае першы поўнамаштабны хадж пасля пандэміі ФОТАФАКТ
Каментары