Каманда Латушкі паведаміць МАК імёны больш як 150 спартсменаў і функцыянераў, звязаных з вайсковымі структурамі Беларусі
«Беларускі спартсмен-дысідэнт застаецца безабаронным», — канстатаваў палітык.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка па выніках удзелу ў II Еўрапейскім кангрэсе спорту і турызму, піша «Позірк».
Паводле палітыка, беларускія атлеты за антываенную пазіцыю зазнаюць «падвойную дыскрымінацыю»: унутры краіны спартсменаў-дысідэнтаў «выключаюць са зборных, звальняюць, уключаюць у «чорныя спісы», «саджаюць у турму», а па-за яе межамі не дапускаюць да спаборніцтваў.
«Беларускі спартсмен-дысідэнт застаецца безабаронным», — канстатаваў палітык.
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета прапанаваў пераняць досвед Польшчы: пры ўмове нейтральнага статусу дапускаць да спаборніцтваў беларускіх атлетаў з «выразнай грамадзянскай антываеннай пазіцыяй», якія не фінансуюцца рэжымам у Мінску.
На думку Латушкі, беларускіх атлетаў-дысідэнтаў таксама можна было б дапускаць да міжнародных спаборніцтваў «адразу, без заяўкі» ад той ці іншай нацыянальнай федэрацыі.
Нагадаем, што ўчора паведамлялася, што Міжнародны алімпійскі камітэт разгледзіць рэкамендацыі наконт удзелу беларусаў у турнірах.
Раней МАК казаў, што спартоўцы з Беларусі і Расіі будуць дапушчаныя да Алімпіяды ў Парыжы ў наступным годзе ў нейтральным статусе пры ўмове асуджэння імі расійскага ўварвання ва Украіну. Таксама спартоўцы не павінны прадстаўляць сілавыя структуры.
Каментары