Памерла 16-гадовая іранка, якая патрапіла ў кому пасля затрымання за адсутнасць хіджаба
У Іране 16-гадовай жыхарцы Тэгерана Арміце Гераванд, якая ўпала ў кому пасля затрымання паліцыяй нораваў за адсутнасць хіджаба, дыягнаставалі смерць мозга. Пра гэта паведаміла CNN са спасылкай на дзяржаўныя іранскія СМІ.
Дзяўчыну затрымалі 1 кастрычніка 2023 года на станцыі метро за тое, што яна была без хіджаба.
Як паведамлялі праваабаронцы, паліцыянты фактычна напалі на Гераванд, яна атрымала сур’ёзныя траўмы і ў выніку ўпала ў кому. Улады Ірана адмаўлялі абвінавачанні ў паліцэйскім гвалце і сцвярджалі, што Гераванд сама страціла прытомнасць. Дзяржаўныя СМІ паказалі інтэрв'ю з яе бацькамі, дзе яны паўтараюць гэтую версію, аднак маці Гераванд падкрэслівае, што не ўпэўненая ў гэтым.
Іранскае дзяржаўнае агенцтва IRNA паказала запіс з камеры відэаназірання на станцыі, дзе адбыўся інцыдэнт. На ім відаць, як Гераванд з дзвюма сяброўкамі заходзіць у цягнік, пасля чаго яе амаль адразу выносяць без прытомнасці на платформу. Кадраў, на якіх зафіксавана тое, што адбываецца ў цягніку, няма.
У верасні 2022 года пасля падобнага выпадку, які адбыўся з іранскай актывісткай Махсай Аміні, Іран ахапіла хваля пратэстаў, якія цягнуліся некалькі месяцаў і былі задушаныя ўладамі.
Каментары