Адна з сясцёр Груздзевых набыла паліто «любімага брэнда Пуціна» за 3,5 тысячы рублёў. Але памылілася
Сёстры Груздзевы ў перапынках паміж раз'ездамі па розных гарадах Беларусі ў межах дыялогавых пляцовак «Разам з мастацтвам» (падчас якіх артысты расказваюць мясцовым, як у Беларусі жыць добра) паказваюць у інстаграме свае будні ў Мінску. Нядаўна яны прасілі падпісчыкаў дапамагчы абраць паліто: адзін з варыянтаў каштаваў больш за 3,5 тысячы рублёў, другі — амаль пяць.
Па вопратку Груздзевы, якія вельмі любяць распавядаць пра патрыятызм, чамусьці пайшлі не ў «Элему», а ў краму, дзе прадаюцца нятанныя рэчы заходніх брэндаў.
Напрыклад, клятчастае паліто Dorothee Schumacher (нямецкі брэнд), якое вельмі спадабалася адной з сясцёр, каштуе 4 850 рублёў. А падшыванае паліто ад італьянскай маркі Parajumpers — 3 560 рублёў.
У сторыс Груздзевы напісалі пра Parajumpers, што «Пуцін любіць гэты брэнд». Невядома, ці гэты факт стаў галоўным пры выбары вопраткі, але менавіта гэта паліто ў выніку ўзяла адна са спявачак.
Для параўнання: сярэднестатыстычнаму бюджэтніку трэба працаваць амаль тры месяцы, каб зарабіць на такое. Нядаўна на СТБ прапагандысты пераймаліся, як выхаваць у людзей любоў да «правільных» каштоўнасцяў і пераканаць, што мех бульбы — гэта крута, а шампанскае і Мальдывы — не.
Пуцін, праўда, аддае перавагу іншаму брэнду — Loro Pianа. Менавіта ў іх пухавіку ён з’явіўся ў мінулым годзе на канцэрце ў гонар далучэння Крыма да Расіі. Трэба адзначыць, што гэты брэнд значна даражэйшы за Parajumpers. Той самы пухавік Пуціна каштаваў 1,4 мільёна расійскіх рублёў (каля 15 тысяч даляраў).
Цікавы факт: сам брэнд пасля пачатку вайны падтрымаў Украіну. Група LVMH (ёй належыць брэнд Loro Piana), як і многія іншыя еўрапейскія брэнды класа люкс, спыніла пастаўкі ў Расію і закрыла свае крамы на нявызначаны тэрмін. Кампанія дапамагае жыхарам Украіны, робячы ахвяраванні асацыяцыям, якія дастаўляюць гуманітарную дапамогу. П'ер Луіджы, адзін з уладальнікаў Loro Piana, заявіў, што яму было сорамна бачыць Пуціна ў іх пухавіку.
Каментары
едупуховик.