Грамадства1010

«Паглядзіце мне ў вочы». З'явіўся поўны тэкст апошняга слова рэдактара Манцэвіча

Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» і палітвязня Аляксандра Манцэвіча 3 лістапада асудзілі на 4 гады калоніі. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. 

Аляксандр Манцэвіч

«У верасні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднання беларускага народа ў адзінай сям’і ў верасні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 года ў Беластоку была прынята на народным сходзе Заходняй Беларусі дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі у БССР, чытай у Беларусь.

Гэтаму папярэднічалі два асноўныя даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога ў Маладзечне сёння месціцца Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Другі даклад па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны (гэта сённяшняя Віцебшчына) Флор Данатавіч Манцэвіч. Флор Данатавіч Манцэвіч — настаўнік, фалькларыст, першы настаўнік славутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, народнага артыста СССР, арганізатара і кіраўніка Беларускага акадэмічнага нацыянальнага народнага хору, быў карэспандэнтам першай беларускай газеты «Наша Ніва», а ў 1939 годзе выступаў з гэтым дакладам на Народным сходзе. У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасць.

Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га года, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь свет у 39-м годзе памкненні мільёнаў беларусаў, і не толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёння ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі.

Перш за ўсё хачу падзякаваць маёй сям’і, родным і блізкім, сябрам і калегам, якія ўвесь гэты складаны час былі разам са мной, падтрымлівалі мяне фізічна і маральна, а разам з тым маю ўпэўненасць у маёй праваце.

«Рэгіянальная газета» — адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданне цалкам на беларускай мове — упершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію.

І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу — паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак.

Дарэчы, у нашай місіі, дакуменце, прынятым рэдакцыяй, падкрэслена, што газета не можа быць выказнікам пазіцыі інтарэсаў якой бы то ні было партыі, якога б то ні было грамадскага руху, або якой бы то ні было канфесіі. І мы гэтых прынцыпаў, гэтых правілаў трымаліся ўвесь час.

З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газеце. Можа, таму пракурор Шукрынаў у сваёй даведцы аб даследаванні ютуб-канала «Навіны Маладзечна. Рэгіянальная газета» піша: «Авторами завуалировано размещены призывы к участию в несанкционированных массовых мероприятиях, поощряется их проведение и участие в них». Або «…изучением распространенной информации установлено: на указанном ресурсе распространяется мнение, что на территории Республики Беларусь осуществляются репрессии в отношении определенных групп лиц, пропагандируется мысль о репрессивных методах».

Ні тады, ні цяпер не ўказана ніводнага факта. Артыкул 369-1 Крымінальнага кодэкса гаворыць аб распаўсюджванні «заведомо ложных сведений». Рэдакцыйная ж палітыка «Рэгіянальнай газеты» будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама лжывыя звесткі. А права на свабоду меркаванняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.

Адбылося восем судоў па прызнанні публікацый ці саміх рэсурсаў «Рэгіянальнай газеты» экстрэмісцкімі матэрыяламі. З матэрыяламі апошняга, на жаль, я не знаёмы. Нашу з маім абаронцам просьбу далучыць гэтыя матэрыялы да справы не задаволілі. Але я хачу падкрэсліць, што ў сямі іншых рашэннях розных судоў з рознымі суддзямі прысутнічае адна і тая ж фармулёўка: «Суд не усматривает оснований для назначения экспертных исследований для оценки материалов, поскольку данные материалы носят очевидно экстремистский характер, и для их оценки не требуется спецальных познаний». Ну, гэта проста нейкая казуістыка.

Між тым у матэрыялах справы ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што ў нас не было ніякіх заклікаў. Гэта міліцэйскія матэрыялы, але я больш таго скажу, яны рабіліся на падставе меркавання экспертаў:

«В представленных текстах фонограммы видеороликов «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 1. Як усё пачыналася. 9 жніўня», і «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 2. Дзень другі. 10 жніўня», не имеется высказываний побудительного характера, призывающих к насильственным действиям одной группы лиц по отношению к другой группе лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов, государственным служащим Республики Беларусь. В представленных текстах фонограмм из видеороликов не имеется высказываний, содержащих негативную оценку лица или группы лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов государственным служащим Республики Беларусь».

Калі дзяржаўны абвінаваўца ведае, што такія дакументы ў справе існуюць, то чаму б яму не запатрабаваць экспертызы тых матэрыялаў, якія пералічаны ў абвінавачанні. Ці хаця б пагадзіцца на тое, каб матэрыялы спраў, пра якія піша газета, былі далучаны да справы. І тады б абсалютна відавочна стала тое, што ў маіх дзеяннях складу злачынства сапраўды няма. 

Сямнаццатага сакавіка 2023 года пасля шэрагу судоў мне выносіцца першае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369-1. З абвінавачання ў абвінавачанне (іх было чатыры), пераходзіць тое, што я «являюсь приверженцем политического движения, поддерживаю делинквентную позицию…», «проявлял безнравственный интерес к экстремистской деятельности…», «при отягчающих обстоятельствах совершения преступления по мотивам политической и идеологической вражды». Адкуль гэта ўзялося? Я гаварыў гэта і на следстве ў часе майго допыту, што нідзе ніколі ні публічна, ні прыватна не паказваў сваіх палітычных ці нейкіх грамадскіх прыхільнасцяў, ні ў якую царкву я хаджу ці не хаджу. Гэта я лічыў не тое, што непатрэбным, а шкодным для журналіста, для выдаўца газеты. І таму знайсці, што я «являлся приверженцем какого-то политического движения» проста немагчыма.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе (артыкул 16 і артыкул 356) гаворыцца «приговор не может быть основан на предположениях». Лічу, што прызнанне шэрагу рэсурсаў і публікацый «Рэгіянальнай газеты», на базе чаго пабудавана мая крымінальная справа, экстрэмісцкімі, у адсутнасці належнай экспертызы, з’яўляецца тым самым предположением, дапушчэннем. Гэта раз.

Другое. Сцвярджэнне, што я выказваў «безнравственный интерес к экстремистской деятельности», являясь её сторонником, з’яўляецца такім самым дапушчэннем, предположением. І трэцяе. Тое, што ў мяне былі матывы политической и идеологической вражды — таксама дапушчэнне. І тут наступае прэзумпцыя невінаватасці. І адсутнічае склад злачынства.

Ну, а тое, што я «дзейнічаў у групе асоб» — зразумела, я ж кіраваў рэдакцыяй, вядома, я працаваў з людзьмі. Рэдакцыя — гэта людзі. І толькі дзякуючы калектыву, «Рэгіянальная газета» за 28 гадоў свайго існавання стала вядомым, пазнавальным, аўтарытэтным і паважаным выданнем.

Гэтаму ёсць шмат сведчанняў і прыкладаў, але вазьміце сёння выйдзіце на вуліцу і правядзіце апытанне сярод простых людзей, сярод мінакоў — і вы знойдзеце пацвярджэнне таму, што я цяпер гавару. Хто ж яны, гэтыя людзі «РГ»?

Ніна Манцэвіч, намесніца дырэктара, галоўны бухгалтар, мая падтрымка ва ўсім, мая спадарожніца жыцця, яна шмат зрабіла для «Рэгіянальнай газеты», і без яе «Рэгіянальнай газеты» не было б ніколі. Яна ведае, што я нішто нідзе ніколі не парушыў, хіба што перавёў яе з хворымі нагамі не на пераходзе, за што мне вынесена адміністрацыйнае папярэджанне.

Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара, аўтарка шматлікіх ідэй і праектаў, публікацый, кіраўніца творчага журналісцкага калектыву, збіральніца людскіх гісторый і лёсаў, якая ніколі не парушала журналісцкіх стандартаў і навучала ім іншых.

Марыя Браніславаўна Бераснева, стыль-рэдактар, адна з найстарэйшых работніц рэдакцыі, яна вучыла маладых, як правільна пісаць, побач з ёй маладыя работнікі атрымлівалі каштоўны досвед, вучыліся разумець сэнс і вагу кожнага слова. Гэта таксама чалавек, які стаяў на варце інтарэсаў таго, што мы гаворым і пра што мы гаворым, і якая таксама ніколі б не дапусціла ў нашых матэрыялах ні экстрэмізму, ні заклікаў да чаго-небудзь дэструктыўнага.

Аксана Ярашонак, карэспандэнт, пісьменніца, паэтка, перакладчыца, умее і любіць пісаць пра культуру, гісторыю, людскія лёсы. Разам з чытачом са Смаргоншчыны Жылкам яна раскрыла для чытачоў «Рэгіянальнай газеты», і не толькі, вярнула для Беларусі з небыцця дзесяткі імён беларусаў, беларускіх сыноў, якія загінулі на тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе, першымі у Еўропе прыняўшыя ўдары гітлераўскіх войск на сябе, і былі пахаваныя ў горадзе Пётркуве-Трыбунальскім. Родныя не ведалі, дзе падзеліся іх блізкія. Я ведаю сам адну сям’ю па прозвішчу Сцебурака, дзе брат знайшоў свайго брата.

Праз год брата ў Беларусі, каторы дачакаўся гэтай весткі, не стала. Але наколькі спакойным ён адышоў у небыццё, пасля таго, як даведаўся, дзе ж дзеўся ягоны брат, якога ён праводзіў на вайну? І да апошняга дня Аксана заставалася разам з чытачом.

Ігар Палынскі, пра якога тут згадвалі, — гэта тэхнічны рэдактар, паэт, музыка, журналіст, мультыінструменталіст, калі так можна сказаць, настолькі шматфункцыянальны, што можа зрабіць амаль усё ў журналістскай прафесіі і ў тэхнічнай яе рэалізацыі. Таму па пасадзе ён быў тэхнічны рэдактар, хаця і пісаў, і здымаў, і гаварыў, і ствараў добрыя журналісцкія матэрыялы.

Настасся Уткіна — самая маладая ўдзельніца нашай каманды, любіць спорт і любіць пісаць пра спорт, любіць фатаграфію. Менавіта фотарэпартажы Настассі Уткінай, Зоі Хруцкай, відэа і тэксты Зоі Хруцкай і Ігара Палынскага зафіксавалі тое, што адбывалася ў 20-м годзе, прытрымліваючыся высокіх прафесійных стандартаў.

Жанна Горбань, спецыяліст па рэкламе, сумленны чалавек, педантычны ў лепшым сэнсе, бо скрупулёзнасць і педантычнасць патрабуецца пры зборы рэкламы і грошай. Яна працавала з рэкламай, з грашыма, і можна было абсалютна спакойным быць за касу прадпрыемства, бо з касай працавала Жанна.

На жаль, сёння каса пустая, усе рэсурсы «РГ» прызнаныя экстрэмісцкімі, людзі засталіся без працы, а галоўны рэдактар абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся, што працаваў з гэтымі людзьмі ў адной камандзе, камандзе прафесіяналаў з вялікай літары, для якіх праўда была вышэйшая за ўтульнасць. Яны маглі спакойна спаць пасля кожнай сваёй публікацыі, бо пісалі толькі праўду. Таксама спакойна мог спаць і я, таму што не перажываў за тое, што мы нібыта пішам хлусню ці на кагосьці ўзвялі паклёп. І зразумела, наш калектыў не займаўся экстрэмізмам.

Я меў шчасце за сваё журналісцкае жыццё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам, якія, вядома, не дапусцілі б у кола сваіх знаёмых, а ў некаторых выпадках, я б сказаў і сяброў, людзей неразборлівых у адносінах да Беларусі.

Я і сёння чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыенціры ў жыцці. Вучылі жыць па прынцыпе «ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне». І для мяне Бацькаўшчына — не толькі крыніца ля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысціў са свамім вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч, і яна сёння бруіць; не толькі студня ў Іказні на Браслаўшчыне, якую завуць Манцэвічавай студняй, таму што мой дзед будаваў сабе хату, — сорак першы год не даў дабудаваць — а студня засталася; але і мой народ, мая Беларусь, служэнню якім я паклаў сваё жыццё.

Год таму не стала майго бацькі, журналіста і пісьменніка Барыса Флоравіча Манцэвіча, якому я не змог да гадавіны паставіць помнік, бо з-за кратаў гэта не робіцца. Але помнікам для пісьменнікаў становяцца іх кнігі. Апошняя яго прыжыццёвая кніга 21-га года выдання, прысвечаная аднакашніку па філалагічным факультэце, з якім яны разам вучыліся і сябравалі, Нілу Сымонавічу Гілевічу носіць сімвалічную назву «Беларушчына». Сёння сына аўтара гэтай кнігі судзяць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, не знайшоўшы для абвінавачання, і мы з маім абаронцам паказалі гэта, ніводнага факта дыскрэдытацыі, якога б нельга было абвергнуць.

Я не летуценнік, але тое, што праз нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры, а можа, у маленькай вёсачцы Верхнія Друі на Маладзечаншчыне, з’явіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты» — гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная. Нягледзячы на тое, што напаткала «Рэгіянальную газету», яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі. Газета, якая насамрэч мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, давала людзям праўдзівае слова на блізкай ім мове, заўсёды жыла клопатамі і праблемамі сваіх чытачоў і іх суседзяў.

У падручніках па гісторыі беларускай журналістыкі тыя, хто будуць яе вывучаць, а такія заўсёды знаходзяцца, бо журналістыка адна з самых старажытных прафесій, абавязкова будуць апісанні найлепшых прыкладаў працы каманды «Рэгіянальнай газеты», якая заклікала і была пакліканая пісаць толькі праўду — пра што сёння гэты працэс.

Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрымання мне гаварылі аператыўныя работнікі: «Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер, — хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў бальніцу. — Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра».

Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі.

Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам. Я думаю, што яна знойдзе правільныя словы, а ў мяне застанецца сумленне чыстым, унуку ж не будзе сорамна за дзедава імя. Шкада праектаў, якія я відавочна ўжо не рэалізую, бо не хопіць гэтых 4-х гадоў, а ў тое жыццё я не веру, шкада «Рэгіянальнай газеты», сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, што засталіся без шчырага сябра «РГ». Падзеі пасля лета 21-га года вакол «Рэгіянальнай газеты» знішчылі найцудоўны праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю.

Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне. Бясконцы дзякуй маёй сям’і, сябрам і калегам, усім тым, хто прыходзіў усе гэтыя 7 дзён на пасяджэнні, хто не прыходзілі, і перажывалі за мяне, хто пісаў мне пісьмы ў Жодзіна, хто дасылаў пасылачкі і не толькі, дзякуй усім. Дзякуй, Рыгор Фёдаравіч, за нашу сумесную працу. Дзякуй, высокі суд, за магчымасць прамовіць апошняе слова.

Дзякуй усім іншым удзельнікам і ўдзельніцам працэсу, усім прысутным. А тэзісы майго выступу прашу высокі суд далучыць да матэрыялаў судовага працэсу, бо напісанае застаецца».

Каментары10

  • Алесь
    04.11.2023
    Сумленнем прасякнута кожнае слова! Трымайцеся спадара Манцэвіч! Вуліца "Рэгіянальнай Газеты" абавязкова будзе!!!  
    Жыве!

  • Ідзе акупацыя Беларусі Расеяй.
    05.11.2023
    Зачышчаецца ўсе беларускае рукамі здраднікаў ва ўладзе і судах. Калі Беларусь будуць заганяць у склад Расеі, то каб не было ніводнага чалавека, які б мог сказаць хоць слова супраць гэтага. А потым беларусікаў пагоняць на ўбой, каб захопліваць Прыбалтыку ці яшчэ якую Грузію ці Казахстан. Усё ідзе па планах ардынскай, імперскай Расеі. Да прыкладу, буратам, тувінцам ці якім якутам было далёка да Украіны, але крамлёўскія імперыялісты адправілі іх на крывавую вайну, каб загнаць украінцаў у расейскае, дзікае, гнілое стойла. Тое ж чакае і беларусаў.
  • Суповой пакетик
    05.11.2023
    Александр Борисович, спасибо Вам великое за Вашу жизнь и за Ваши слова! Для меня Вы и еще Степан Латыпов всегда будете образцом честности, чести и обыденного, такого будничного, - но героизма. Уверена, что ваши имена и потомки будут чтить - даже не на уровне названий улиц, на уровне глубины души.
    Жыве! 

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»30

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →