«Беларусы — тыя ж рускія, проста не ўсе яшчэ зразумелі». Як беларусы пад бел-чырвона-белым і расійскім сцягамі ўдзельнічаюць у тыкток-батлах
Чупа, Чарадзей, Бяссмертны — калі вы ўпершыню чуеце гэтыя мянушкі, то дакладна не ведаеце, што такое палітычныя батлы ў тыктоку. «Наша Ніва» паспрабавала высветліць, што гэта за трэнд і хто з беларусаў пад якім сцягам змагаецца.
Што такое батл і як на ім зарабляюць?
Каля двух гадоў таму тыкток даў карыстальнікам магчымасць праводзіць так званыя батлы. Гэта калі цягам пяці хвілін карыстальнікі (два, ці, напрыклад, чатыры) неяк спаборнічаюць. Спачатку людзі дэманстравалі, хто лепей спявае ці танчыць. Але цяпер ёсць самыя розныя варыянты.
Хто пераможа, вырашаюць гледачы стрыму — яны дасылаюць тыктокерам розныя падарункі.
Для гледача, які ўпершыню вырашыў паглядзець батлы, тое, што адбываецца на экране, можа падацца дзіўным. Напрыклад, дзве прыгожыя дзяўчыны сядзяць і ляніва абмяркоўваюць мандарыны. Адна скардзіцца на тое, што набыла мандарыны, але ў іх зашмат костак, а другая пытае, у якой краме прадаюцца такія няўдалыя.
Ці жанчыны ў гадах гавораць пра тое, на якім булёне лепш за ўсё варыць боршч. Відаць, што гэта не вельмі цікава нават ім самім. Але найбольш тыповая сітуацыя, гэта калі два чалавекі на розных баках экрана проста просяць публіку кідаць ім падарункі — напрыклад, пончыкі ці ружачкі.
Набыць падарункі, каб дапамагчы любімаму блогеру, можна за тыктокаўскія манеты — а каб атрымаць іх, зразумела, трэба заплаціць рэальныя грошы. Напрыклад, 5 тыктокаўскіх манет каштуюць 8 цэнтаў (прыкладна 26 беларускіх капеек), 70 манет — 1 долар 10 цэнтаў (каля 3 рублёў 66 капеек).
Падарункі ў тыктокаўскай краме ёсць на любы бюджэт — ад танных руж па 1 манеце да яхты за 20 тысяч манет ці TikTok Stars амаль за 40 тысяч манет (у беларускіх рублях гэта будзе прыкладна 2000). Логіка простая: у батле перамагае той блогер, хто атрымлівае падарункаў на большую суму. Можна дапамагаць блогеру і не трацячы ўласных грошай: ёсць бясплатны варыянт — «тапаць» па экране (то-бок шмат разоў націскаць на экран — у гэты момант у тыктокера ляцяць сэрцайкі). Але гэтыя бясплатныя сэрцайкі амаль нічога не каштуюць супраць падарункаў за грошы (асабліва дарагіх).
Ёсць асобная катэгорыя блогераў, які выходзяць на батлы-маўчанкі: гэта значыць, яны ўключаюць свае камеры, але нават не сядзяць перад імі — ці ўвогуле ставяць на застаўку свае аватары. Наўрад ці яны атрымліваюць шмат падарункаў, але ж гэта варыянт зарабіць хоць якія грошы, не робячы нічога.
Пасля таго, як батл скончаны, абодва ўдзельнікі атрымліваюць на свой рахунак у тыктоку «алмазы» (менавіта ў іх канвертуюцца атрыманыя падарункі). Як толькі колькасць «алмазаў» становіцца адпаведнай 100 далярам, тыктокер можа вывесці грошы на сваю банкаўскую картку ці ў PayPal.
Камунікацыя з аўдыторыяй
Тыктокеры, якія часта ўдзельнічаюць у батлах, збіраюць сваіх прыхільнікаў у тэлеграм-каналах — бо вельмі добра мець каманду людзей, якія дакладна прыйдуць на твой батл і забяспечаць нейкі мінімум падарункаў.
Дарэчы, камунікацыя з аўдыторыяй — гэта вельмі важны момант. Сталым падпісчыкам тыктокеры надаюць адмысловую ўвагу: «Міланачка, бачу, ты далучылася. Як ты? Вылечыла ўжо ангіну? Вельмі рады цябе зноў бачыць».
Сталыя падпісчыкі адчуваюць сваю адказнасць за поспех блогераў. Адна дзяўчына, толькі далучыўшыся да батла, адразу напісала ў каментарыях любімаму тыктокеру: «Выбачай, сёння няма манет, усё ўчора патраціла». Ён дабрадушна адказвае: «Нічога, дзякуй, што ты прыйшла».
За данаты тыктокеры таксама вельмі актыўна дзякуюць: «Волечка, дзякуй, даражэнькая! Зычу табе сустрэць добрага мужа!» Асабліва дзіўна чуць такое ад мужчыны ў балаклаве. Але ж яхты — нават віртуальныя, але за вельмі рэальныя грошы — самі сябе не падораць.
Тыя, хто дорыць падарункі, могуць папрасіць тыктокера зрабіць нешта падчас стрыму — напрыклад, уключыць гімн сваёй краіны ці любімую песню (для расіян гэта звычайна «Я русскій» у выкананні Шамана). І гэтыя просьбы часта выконваюць.
Палітычныя батлы
Асобную нішу займаюць палітычныя батлы. Спачатку алгарытмы тыктоку спрабавалі баніць такія стрымы, але на фоне палітычнай сітуацыі ў свеце — вайны Расіі і Украіны, сітуацыі ў Нагорным Карабаху ці нападу ХАМАС на Ізраіль — стала зразумела, што спажыўцоў такога кантэнту з кожным днём будзе ўсё больш. Таму тыкток цяпер не вельмі змагаецца з такой з’явай.
У палітычных батлах блогеры выступаюць на фоне сцягоў краін, якія яны падтрымліваюць (напрыклад, Расіі і Украіны або Ізраіля і Палесціны). Часта людзі ў кадры надзяваюць на сябе вайсковую форму. Неабавязкова быць грамадзянінам той краіны, якую ты падтрымліваеш (напрыклад, у падтрымку Палесціны часта выступаюць людзі з Турцыі).
Нейкіх займальных дыскусій і цікавых аргументаў тут чакаць не прыходзіцца. У большасці выпадкаў тыктокеры або спрачаюцца на ўзроўні «Мы пераможам!» — «Не, мы пераможам!» — «Чаму?» — «Таму што!», або адкрыта абражаюць адно аднаго. Напрыклад, жанчына, якая ўдзельнічае ў батлах пад нікам Русская девіца любіць называць свайго апанента Чарадзея Чарагеем.
Часам у канцы батла той, хто прайграў, выконвае жаданне пераможцы — напрыклад, пастаяць у «бярозцы» або выпацкаць твар кашай. Гледачы таксама могуць прапаноўваць свае варыянты «пакарання».
Хто з беларусаў змагаецца ў батлах
Ёсць у батлах і ўдзельнікі, якія называюцца беларусамі. Раскажам пра самых адметных з іх.
Чарадзей
Чарадзей пазіцыянуе сябе як беларус, які падтрымлівае Украіну. Звычайна ён выступае на фоне сцяга Украіны ў кепцы з БЧБ-сцягам. Твар яго заўсёды схаваны. Кажа, што бярэ ўдзел у тыкток-батлах для таго, каб зліваць негатыў на акупантаў.
Хлопец мае 19 тысяч падпісчыкаў. На старонцы Чарадзея ёсць толькі восем відэа — некалькі быццам бы вайсковых, а таксама відэа з жартамі Славы Камісаранкі на тэму «чык-чырыка».
«Наша Ніва» звярнулася да тыктокера з просьбай расказаць, як даўно ён пачаў удзельнічаць у батлах, з якой мэтай і ці рэальна зарабіць на гэтым.
Чарадзей адказаў, што ўсё, што ён гатовы паведаміць пра сябе — гэта тое, што частку атрыманых дзякуючы «падарункам» грошай пералічвае ўкраінскім дзецям і вайскоўцам.
Бессмертный
Тыктокер Бессмертный
Гэта часты апанент Чарадзея ў Батлах. Бессмертный толькі пачынае раскрутку свайго акаўнту. Пакуль што хлопец мае менш за 4 тысячы падпісчыкаў.
Бессмертный сцвярджае, быццам бы мае двайное грамадзянства — Беларусі і Расіі. Выходзіць на стрымы звычайна на фоне трох сцягаў — расійскага, афіцыйнага беларускага і сцяга СССР.
Заўсёды хавае свой твар, апранаецца ў вайсковую форму. Мае нашыўку, на якой разам два сцягі — афіцыйны беларускі і расійскі трыкалор. Гаворыць пра тое, што беларусы — гэта тыя ж рускія, проста не ўсе гэта яшчэ зразумелі.
Стараецца зрабіць уражанне, быццам бы ваюе на баку Расіі. Калі ў Чарадзея гледачы пытаюцца, ці перайшоў бы ён на бок Расіі за мільён даляраў, Бессмертный смяецца: «Я нават бясплатна перайшоў».
Але гледзячы на тое, колькі часу хлопец траціць на батлы ў тыктоку, тое, што ён паспявае ваяваць у рэальным свеце, выклікае сумненне.
Чупа
Тыктокер Чупа
Адзін з найбольш актыўных удзельнікаў палітычных батлаў — гэта Чупа. Хлопец, якога завуць Андрэй Чупрыгін, мае ў тыктоку больш за 330 тысяч падпісчыкаў.
Ён называе сябе патрыётам Расіі і Беларусі — менавіта ў такой паслядоўнасці, нягледзячы на тое, што сам Чупа беларус. У 2021 годзе хлопец скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Кіраўнік аркестра (ансамбля). Выкладчык». У тэорыі Андрэй можа кіраваць ансамблем або вучыць дзяцей іграць на гітары, але ён абраў зусім іншы шлях.
У яго акаўнце шмат відэа, дзе ён у вайсковай форме з беларускім ці расійскім сцягам — а часам нават з двума адразу. Андрэй запісвае віншаванні з днём нараджэння Пуціну, выкладае жартаўлівыя відэа з Зяленскім, робіць апытанкі «Колькі нас за вольную Палесціну?». Чупа таксама з’яўляецца прыхільнікам Лукашэнкі, бо пахваляецца рэчамі з крамы яго мерчу.
У батлах Чупа часта ўдзельнічае разам з сябрам Сцяпанам. Тыктокер любіць публікаваць відэа паспяховых батлаў пад музыку накшталт «Для меня Россія — мама, папа — яркій тріколор». Яму таксама падабаецца даваць тым, хто прайграў батл, нейкія дурнаватыя заданні — напрыклад, бегаць туды-сюды па пакоі і круціць дупай перад камерай.
Расказаць, колькі атрымоўваецца зарабляць у тыктоку, а таксама ці плацяцца з гэтага падаткі, Чупа не захацеў.
Хлопчык з Лунінца стварае з кардону вялікія фуры — яго відэа набіраюць сотні тысяч праглядаў
З якой дзяўчынай хлопцы больш ахвотна пазнаёмяцца? Псіхалагіня з Мінска правяла эксперымент на мільёны праглядаў
«Дзеці стаялі і плакалі». Чарга па салдацкую кашу ў Гомелі расцягнулася на сотні метраў, не ўсім хапіла
Каментары