Улады Ірана не далі паехаць на цырымонію ўручэння прэміі Сахарава сям'і дзяўчыны, забітай за няправільнае нашэнне хіджабу
У пятніцу ў тэгеранскім аэрапорце імя імама Хамейні маці, бацьку і брату Махсы Аміні паведамілі, што ім забаронены выезд за мяжу. У іх забралі пашпарты.
Махсу Аміні ў верасні 2022 года затрымалі супрацоўнікі паліцыі па абвінавачанні ў няправільным нашэнні хіджабу. З паліцэйскага ўчастка дзяўчыну павезлі ў лякарню, дзе праз некалькі дзён яна памерла. Сваякі Аміні лічаць, што прычынай яе смерці стала збіццё супрацоўнікамі сілавых структур.
Пасля смерці дзяўчыны па Іране пракацілася хваля пратэстаў пад лозунгам «Жанчыны, жыццё, свабода».
Прэмія Сахарава была зацверджана Еўрапарламентам у 1988 годзе і ўручаецца асобам, якія «ўнеслі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Яна названа ў гонар савецкага праваабаронцы і дысідэнта Андрэя Сахарава. Прэмія ўручаецца разам з сумай 50 000 еўра.
19 кастрычніка Еўрапарламент прысудзіў прэмію Сахарава за свабоду думкі Аміні і руху «Жанчыны, жыццё, свабода». Цырымонія ўзнагароджання запланавана на 13 снежня ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу.
Каментары