Усяго патроху33

«Нашы пакоі памерам з купэ ў цягніку». Беларус расказаў, як некалькі гадоў працуе цыркавым артыстам на круізным лайнеры

Некалькі гадоў таму Міша трапіў на лайнер, каб працаваць там цыркавым артыстам. На круізным караблі хлопец выступае з уласнай праграмай: глытае шпагі, танчыць на пілоне і круціцца на абручы. Citydog.io папрасіла яго расказаць пра сваё марское жыццё.

Міша родам з Пінска, яму 32 гады. У Пінску ён скончыў каледж мастацтваў, а потым пераехаў у Мінск, каб вучыцца ў інстытуце культуры. У канцы 2018 года хлопец практычна выпадкова трапіў на круізны карабель. З таго часу ён працуе на лайнерах, дзе ўдзельнічае ў забаўляльных шоу з уласнай праграмай: выконвае гімнастычныя элементы на спецыяльным кольцы, танчыць на пілоне і глытае шпагі.

«У індустрыі мастацтва і забаў ёсць дастаткова шмат напрамкаў для працы. Некаторыя артысты застаюцца ў Беларусі, іншыя едуць на заробкі ў Кітай, нехта выбірае Турцыю — у цэлым выбраць можна ўсё, што душы трэба. Шоу на круізным караблі — яшчэ адна пазіцыя, куды можна ўладкавацца.

Я не памятаю дакладна, як убачыў навіну пра набор людзей на лайнер. Магчыма, мне нехта скінуў вакансію, а можа быць, я сам яе знайшоў у фэйсбуку. У любым выпадку я проста скінуў сваё рэзюмэ, адправіў некалькі фота і відэа. Так і трапіў на свой першы карабель.

Прычына, па якой я абраў менавіта лайнеры, даволі простая і банальная. Хто першы прапанаваў месца, да таго я і пайшоў. На той момант я актыўна адгукаўся на ўсе даступныя варыянты. Агент з карабля аказаўся самым хуткім, таму неўзабаве ў мяне ўжо былі на руках білеты і кантракт на чатыры месяцы працы.

Першы мой круіз быў на італьянскім караблі. Мы крыху пабылі ў Еўропе, а затым паплылі праз акіян у Бразілію. Другі кантракт быў больш цікавым. Тады наш маршрут праходзіў у асноўным па Паўночнай Амерыцы, плылі праз Мексіку ў бок Бразіліі. Цяпер я больш працую на еўрапейскіх лайнерах, якія ходзяць кругамі паблізу Іспаніі, Італіі, а потым накіроўваюцца ў бок Германіі.

Аб працоўных буднях артыста: «Мая руціна залежыць ад таго, прычальваем мы ці не»

Раней я быў танцорам балета, адпаведна працаваў у групе. Цяпер я больш выступаю як сола-артыст. Гэта дазваляе мне быць мабільным, таму што не трэба падладжвацца пад іншых удзельнікаў.

У мяне ёсць два асноўныя распарадкі дня ў залежнасці ад таго, знаходзіцца карабель у порце ці плыве ў адкрытым моры. Калі мы прышвартаваныя, звычайна я ўстаю рана, снедаю і адпраўляюся на шпацыр па горадзе. Часта выбіраю месцы, дзе можна пасядзець, адпачыць.

Інтэрнэт на караблі павольны і дарагі. Тры гігабайты каштуюць прыкладна 10 еўра. Таму часта я лаўлю яго недзе на сушы.

Калі мы цэлы дзень знаходзімся ў адкрытым моры і карабель не прычальвае, руціна становіцца крыху іншай. Пасля сняданку я звычайна праводжу першую палову дня ў сваёй каюце. Гэта час, калі можна расслабіцца і пачытаць кнігу.

Затым — трэніроўка ў спартыўнай зале. На яе звычайна патрэбна каля дзвюх гадзін. Потым у нас перапынак на ежу, рэпетыцыя і само шоу.

Выступленні бываюць розныя. Часам мы паказваем проста цыркавую праграму, дзе часцей за ўсё выступаюць чатыры артысты. Спачатку ідуць танцавальныя замалёўкі з усімі хлопцамі з трупы, а потым кожны ўдзельнік паказвае асобны нумар.

Я працую ў трох жанрах: кручуся на коле Сіра, выконваю акрабатычныя элементы на кітайскім пілоне і глытаю шпагі.

Усе часткі свайго выступу я люблю па-свойму. Мусіць, больш за ўсё мне падабаецца выконваць трук са шпагамі. У ім падключаецца больш артыстызму, там трэба чапляць гледачоў харызмай, а не толькі сваёй фізічнай падрыхтоўкай.

Шоу нам ставяць прафесійныя харэографы. Перад тым, як трапіць на карабель, усе ўдзельнікі пастаноўкі сабраліся ў Берліне, дзе мы вучылі звязкі і рэпетавалі іх. Пасля ўжо праганялі іх на сцэне тэатра.

Як выглядае побыт на караблі: «Каюта памерам з купэ ў цягніку»

Па сваёй сутнасці лайнер — гэта гатэль на моры. Пасажыры бываюць рознымі: часцей за ўсё гэта еўрапейскія пенсіянеры, часам сустракаюцца сямейныя пары з дзецьмі. З іншага боку, ёсць рэйсы і для моладзі. Праўда, я на такіх не працаваў.

Што тычыцца стэрэатыпу, што круіз — гэта забаўка толькі для багатых, то тут усё адносна. Існуюць каюты з розным сэрвісам. Напрыклад, на нашым судне ёсць VIP-ложы. Пасажыры гэтага класа плацяць значна больш, затое ўсюды яны праходзяць без чаргі, і від з іх кают прыкладна такі ж, як у капітана карабля ў яго рубцы. Таксама ў іх ёсць асобны рэстаран і ліфт.

Звычайна на караблі знаходзіцца каля 3-4 тысяч пасажыраў, акрамя работнікаў. Тых, хто займаецца сэрвісам, на лайнеры яшчэ каля 1,5 тысячы.

Унутры ўсё зроблена для забавы пасажыраў. Тут практычна ў любы час сутак ёсць чым заняцца. Вялікая колькасць рэстаранаў і бараў, спа, адкрытыя і закрытыя басейны, трэнажорныя залы, некалькі спартыўных кортаў, латарэі, тэатр. На лайнеры ёсць нават дзіцячы садок, куды бацькі могуць адвесці сваё дзіця і спакойна гуляць без яго.

Калі карабель прычальвае ў порт, то для гасцей ёсць вялізная колькасць экскурсій з нашымі гідамі. Пры гэтым у пасажыраў заўсёды ёсць выбар — і яны могуць адправіцца аглядаць горад самастойна.

На сваім першым караблі я адпрацаваў два гады. Там я дзяліў каюту з яшчэ адным артыстам. Наш пакой па памеры быў прыкладна як паўтара купэ ў звычайным цягніку: два аднамесныя ложкі, шафа і сумесны душ з прыбіральняй.

Цяпер я жыву ў пакоі адзін. Гэтым разам ён большы: памерам з два купэ. Тут ужо ёсць стол, двухспальны ложак, тэлевізар, ванны пакой.

Для кают супрацоўнікаў выдзелены асобны паверх. У нас ёсць сталовая, кавярня, бар, зона для адпачынку. Мы можам наведваць практычна ўсе тыя ж зоны, што і пасажыры: напрыклад, разам з гасцямі карабля трэніравацца ў спартзале.

Пры такой працы дастаткова складана ладзіць асабістае жыццё. У Мінску ў мяне ёсць дзяўчына, якая чакае мяне з усіх маіх паездак. Цяпер кампанія, у якой я працую, дае магчымасць прыязджаць на карабель сямейнікам экіпажа або партнёрам. Такія ўмовы дапамагаюць падтрымліваць адносіны.

Пра шторм і адчуванне на караблі: «Марская хвароба ўзнікае ва ўсіх»

Тое, што ты знаходзішся на вадзе, а не на сушы, вядома, адчуваецца. У шторм лайнер трапляе досыць рэдка. За чатыры гады працы я заспеў яго толькі адзін раз. Звычайна маршрут турыстычных круізаў ствараецца такім чынам, што мы не выходзім далёка ў адкрытае мора, а плаваем уздоўж берага. Акрамя таго, сучасныя караблі дастаткова складана разгайдаць. Яны ў некалькі разоў буйнейшыя і надзейнейшыя, чым знакаміты «Тытанік».

Падчас моцнага хвалявання на моры ўнізе карабля, пад вадой, адчыняюцца велізарныя крылы, амаль як у самалёта. З такімі прынадамі немагчыма падтрымліваць высокую хуткасць, затое яны дапамагаюць захаваць баланс судна.

Тут можна прыблізна пабачыць памер лайнера ў параўнанні з ростам хлопца

Калі карабель усё ж трапляе ў шторм, капітан карабля па гучнай сувязі адразу папярэджвае ўсіх і раіць зачыніць усе шафы, каб нічога не лётала па каюце.

Марская хвароба падчас моцнай гайданкі ўзнікае ва ўсіх. Магчыма, з часам яна знікае, але я пакуль усё яшчэ адчуваю.

Са складанасцяў — не ва ўсіх каютах ёсць вокны. Напрыклад, у маёй іх няма. Таму важна кожны дзень выходзіць на палубу, каб убачыць сонечнае святло.

Пра цяжкасці марскога жыцця: «Неяк я плаваў без перапынку адзінаццаць месяцаў. Апошнія з іх былі пакутай»

Першае маё плаванне заняло чатыры месяцы, наступнае — адзінаццаць. Гэта выйшла выпадкова: першапачаткова кантракт быў на паўгода, пасля мне проста прапанавалі яго працягнуць. Я пагадзіўся. Асаблівай стомленасці я не адчуваў, тым больш грэла думка аб прыстойным заробку.

Самае цяжкае пачалося на шосты месяц плавання. Гэта толькі з першага погляду падаецца, што ўсе парты аднолькава цікавыя. Па факце яны новыя толькі для пасажыраў карабля, экіпаж жа ездзіць па адным і тым жа маршруце.

У нейкі момант пачынае надакучваць ежа. Тут працуе такі ж прынцып, як і з бухтамі: стравы кожны дзень розныя толькі для пасажыраў, якія знаходзяцца на лайнеры ўсяго тыдзень. Для мяне ж гэта ўсё паўтараецца, таму ў нейкі момант знікае апетыт.

Моцна адбівалася назапашаная стомленасць. Памятаю, што ў мяне ўзнікала дыхавіца ўжо на моманце размінкі. У мяне былі выхадныя, але іх усё роўна не хапала для аднаўлення. Асабліва яскрава гэта адчулася пасля таго, як на змены прыязджалі новыя хлопцы: усе маладыя, энергічныя, зараджаныя на працу і шпацыры. Мне ж не хацелася нічога. Адчуваў сябе старым, бо хацелася, каб мяне пакінулі ў спакоі.

Першыя месяцы пасля вяртання ў Беларусь адчуваюцца цяжка: «Арганізм за час круізу адвыкае адпачываць».

Пасля таго як заканчваецца кантракт, я вяртаюся ў Беларусь. Звычайна — за выключэннем перыяду пандэміі — калі я вяртаўся дадому, у мяне ўжо была падпісана наступная дамова. Перапынкі паміж паездкамі могуць быць рознымі, але, як правіла, цягнуцца яны літаральна некалькі месяцаў.

Першы час дома арганізм увечары не разумее, чаму мы не працуем, а ляжым на канапе. Падладзіцца пад новы распарадак дня часам таксама дастаткова складана.

Прыязджаць у Мінск мне неабходна яшчэ і для таго, каб зрабіць сабе візу. Таксама раз на два гады трэба рабіць медыцынскае абследаванне.

Пра планы: «Хочацца развівацца як асобны артыст, збіраць аўдыторыю»

Я і надалей хачу развівацца як цыркавы артыст. Было б выдатна паспрабаваць сябе ў Еўропе. У гэтым годзе я пабываў у Берліне і ўбачыў, наколькі там іншы ўзровень перформансаў. У іх шмат розных фарматаў, мільён розных шоу і эксперыментаў. Канешне, там вышэйшая канкурэнцыя.

Я б марыў раскручваць сябе і як сола-артыст. У Еўропе цыркавая сцэна вельмі шмат усяго ўбірае ў сябе: бурлеск, кабарэ, іншыя кірункі. Многія артысты гэтых напрамкаў маюць сваіх фанатаў. Які-небудзь жанглёр цалкам спакойна будзе мець тысячы падпісчыкаў. У Беларусі пакуль гэта цяжка ўявіць.

Хаця было б выдатна развівацца і на радзіме. Аднак, па адчуванні, пакуль што мая сфера асабліва нікому там не патрэбна. Забавы — гэта тая патрэба, якую людзі закрываюць у апошнюю чаргу. Цяпер, здаецца, шмат у якіх беларусаў праблемы з настроем, таму больш паспяхова я змагу сябе ў дадзены момант развіваць толькі за мяжой.

Я не ведаю, колькі яшчэ буду плаваць. Гэта выдатны спосаб падарожнічаць, знаёміцца з новымі людзьмі. І калі я сыду з карабля, то дакладна не буду казаць, што гэта назаўжды. Гэта глупства. Усе, хто так казаў, праз год ці два пісалі мне і пыталіся, ці не патрэбныя супрацоўнікі на лайнер. На судне мы ў першую чаргу маракі, а ад гэтага так проста не адмовішся.

Каментары3

  • Крыпт
    22.12.2023
    Аж шкада яго.
  • дочка Максима Дизайнера
    23.12.2023
    ай бедны бедны
  • The Little Mermaid
    23.12.2023
    дочка Максима Дизайнера, а почему бы вам не пойти на лайнер работать ? Нет, не клоуном (как можно?) старшим механиком, или боцманом.

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ19

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

Што прадугледжвае мірны план будучага спецпрадстаўніка Трампа па Украіне1

Супрацоўнік дзіцячага садка з Аўстраліі на працягу 20 гадоў гвалтаваў дзяцей1

У Паўднёвай Карэі адкрылі незвычайны Starbucks — з магчымасцю назіраць за жыхарамі КНДР2

Экспарт расійскай зброі абваліўся ў параўнанні з 2021 годам у 14 разоў 

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна11

Афіцыёзную палітінфармацыю сталі праводзіць і на прыватных прадпрыемствах4

Завяршылі рэстаўрацыю Нотр-Дама ў Парыжы ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ19

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →