У Польшчы сцвярджаюць, што з Украіны магла заляцець расійская ракета
Польскі тэлеканал Polsat News па «неафіцыйнай інфармацыі з вайсковых крыніц» паведаміў, што невядомым аб'ектам, які парушыў паветраную прастору Польшчы ў пятніцу, 29 снежня, стала расійская ракета.
Інфармацыя крыніц Polsat News нібыта сведчыць пра тое, што аб'ектам, які заляцеў на тэрыторыю Польшчы ў пятніцу раніцай, хутчэй за ўсё, была расійская крылатая ракета Х-22 або Х-101.
«Паводле неафіцыйнай інфармацыі з вайсковых крыніц, ракета нібыта праляцела ўздоўж мяжы і парушыла нашу паветраную прастору. Пасля змены траекторыі яна павінна была вярнуцца на ўкраінскую тэрыторыю і там, імаверна, была збітая ўкраінскай сістэмай супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў матэрыяле.
Такую ж версію выказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы генерал Веслаў Кукула:
«Усё сведчыць пра тое, што расійская ракета ўварвалася на тэрыторыю Польшчы. Яе адсачылі, а затым яна вылецела з нашай тэрыторыі. Мы вядзем пошукі, каб яшчэ праверыць гэта».
Кіраўнік Мінабароны Польшчы заявіў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам, начальнікам Генеральнага штаба і аператыўным камандуючым Узброеных Сіл.
Раней паведамлялася, што раніцай у паветраную прастору Польшчы з боку мяжы з Украінай заляцеў неапазнаны паветраны аб'ект, які з моманту перасячэння мяжы да месца знікнення сігналу назіраўся радыёлакацыйнымі сродкамі сістэмы СПА краіны.
Аб'ект заўважылі жыхары гміны Даўгабычаў Люблінскага ваяводства. Гаворка ідзе пра раён вакол Пшэводава — менавіта тут год таму выбухнула ракета, якая прыляцела з-за мяжы.
Гэта адбылося на фоне таго, што ў ноч на 29 снежня Расея нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Пад ударам апынуліся Кіеў, Харкаў, Дняпро, Адэса, Львоў, Запарожжа і іншыя гарады. Ёсць загінулыя і параненыя.
Каментары
…Нибыта праляцела…
и…ракета уварвалася)))
Яны сачыли))але не збили)) што за диво??🤣🤣🤣