Яшчэ адзін банк уводзіць камісію за захоўванне валюты на рахунку
З 1 лютага Альфа-Банк уводзіць камісію за вядзенне рахункаў у далярах і еўра. Падрабязнасці Office Life распавялі ў банку.
Камісія будзе прымяняцца да рахункаў з астаткам ад 160 тыс. рублёў у эквіваленце. Яна складзе 0,1% ад сярэднядзённага астатку і будзе мінімум 500 рублёў, але не перавысіць 3000 рублёў.
У банку падкрэслілі: калі ў вас на рахунку сума меншая, камісія спісвацца не будзе.
Як патлумачылі ў Альфа-Банку, цяпер банкам не патрэбныя даляры і еўра ў вялікім аб'ёме: з-за абмежаванняў, праблем з міжнароднымі SWIFT-пераводамі банкі менш маюць патрэбу ў дадзеных валютах, таму прымаюць такія меры.
У якасці альтэрнатывы Альфа прапануе дэпазіты ў кітайскіх юанях, якія даступныя для ўсіх кліентаў са стаўкай да 3,25% гадавых. Яшчэ адна альтэрнатыва — адкрыць дэпазіт у беларускіх або расійскіх рублях з максімальнымі стаўкамі 13,5 і 8% гадавых адпаведна.
Калі ж прынцыпова захоўваць даляры, гэта можна зрабіць без камісіі, аформіўшы безадзыўны дэпазіт на 25 месяцаў, раяць у банку.
З 1 чэрвеня мінулага года Прыёрбанк ўвёў плату за абслугоўванне бягучых рахункаў фізічных асоб з астаткам $50 тыс. Пазней БНБ-Банк таксама ўстанавіў штомесячную плату за абслугоўванне рахункаў фізічных асоб з астаткам ад $50 тыс. або €50 тыс. Першапачаткова камісія была фіксаванай — 750 і 500 рублёў адпаведна. Але ўжо да верасня банкі перагледзелі падыход і зрабілі яе дыферэнцыраванай, БНБ-Банк таксама знізіў парог для рахункаў з камісіяй да $40 тыс. у эквіваленце.
Каментары