Не будзь як Саладуха. Што не так з «ядзерным» адбельваннем зубоў
Белыя роўныя зубы — адзін з must-have сучаснага стыльнага вобраза. І ўсё ж часам нават самыя дарагія вініры або адбельванне могуць звесці на нішто ўсе намаганні выглядаць свежа і модна. Разбіраемся, чаму так адбываецца, на прыкладзе Аляксандра Саладухі.
Як адбельванне ўвайшло ў моду
Нягледзячы на тое, што прыродны колер зубной эмалі далёкі ад інстаграмных стандартаў, беласнежная ўсмешка стала сімвалам здароўя, поспеху і ўпэўненасці ў сабе.
Прынята лічыць, што гэтая мода з'явілася ў Галівудзе: у 50-я непаўторная Мэрылін Манро дзівіла гледачоў усмешкай колеру папяровага ліста і стымулявала іх надаваць больш увагі прыгажосці свайго рота.
Яшчэ некалькі стагоддзяў таму людзі нярэдка паміралі ад разнастайных зубных інфекцый, а адсутнасць зубоў лічылася цалкам нармальнай з'явай амаль да пачатку 1800-х гадоў.
Напрыклад, Людовік XIV, той самы Кароль-Сонца, таксама быў бяззубым. У юныя гады манарх вельмі любіў салодкае, да таго ж карыстаўся жудасным зубным парашком, які хоць у кароткачасовай перспектыве і пазбаўляў яго ад наступстваў цукру, але разам з гэтым здзіраў з зубоў эмаль.
Стаматолагі XVII стагоддзя ўжо ведалі, што цёмны налёт можа быць крыніцай небяспечных інфекцый, таму, каб прадухіліць іх распаўсюджванне, вырашылі выдаліць Людовіку ўсе хворыя зубы — такіх да таго моманту ў караля ўжо было шмат.
У тыя часы падобная аперацыя больш нагадвала катаванне, чым медыцынскую працэдуру — абязбольвальнага яшчэ не існавала, як і большасці сучасных прылад. У выніку каралю зламалі ніжнюю сківіцу, а з верхняй, разам з адным асабліва моцным зубам, выпадкова вырвалі частку нёба. З тых часоў на партрэтах французскі кароль маляваўся з густымі вуснамі.
Зрэшты, часцей праблемы стаматалагічнага характару сведчылі не пра безлімітны доступ да цукерак, а пра генетычныя захворванні. Крывыя цёмныя зубы сігналізавалі патэнцыйнаму партнёру, што заводзіць дзяцей з чалавекам не варта.
Зразумела, тыя, каму не пашанцавала з усмешкай, шукалі спосабы паправіць сваё незайздроснае становішча і былі гатовыя выкладваць круглыя сумы на пакутлівыя працэдуры. Так нарадзілася эстэтычная стаматалогія, а разам з ёй і паказчык сацыяльнага статусу чалавека праз усмешку.
Кажучы коратка, цяпер мы не саромеемся насіць брэкеты таму, што ведаем, колькі каштуе артадантычнае лячэнне. Як і стагоддзі таму, роўныя белыя зубы сёння — прэрагатыва «крутышоў» з заробкам вышэй за сярэдні. Таму патрапіць у гэтыя шэрагі чакана жадаюць усе.
Даследаванне American Academy of Cosmetic Dentistry тлумачыць павальнае жаданне адбяліць зубы іншымі сацыяльнымі фактарамі. Іх праца паказала, што людзі з непрывабнай усмешкай маюць цяжкасці з адаптацыяй у калектыве і нават падвяргаюцца дыскрымінацыі на працы. Нядзіўна, што папулярнасць адбельваючых працэдур з пачатку стагоддзя ў Амерыцы вырасла на 300%.
Што не так з усмешкай Саладухі
З часам у эстэтычнай стаматалогіі з'явіўся асобны тэрмін, які азначае ненатуральны колер зубоў — «фаянсавая ўсмешка». Так кажуць, калі беласнежныя зубы больш падобныя да элемента сантэхнікі.
Людзі заўважаюць гэты дысананс з-за тонкіх працэсаў, якія адбываюцца ў мозгу ў момант, калі мы ацэньваем знешнасць іншага чалавека. Усё, што адрозніваецца ад нормы, інстынктыўна выклікае ў нас насцярожанасць і пытанні наконт здароўя. Таму, калі мы бачым ненатуральную «кераміку», мозг сігналізуе, што гэтыя зубы «не свае».
Да таго ж «фаянсавая ўсмешка» можа падкрэсліваць немалады ўзрост.
Сляпучая ўсмешка кажа і пра адсутнасць густу ды дагледжанасці — што не смяротна, але не дадае плюсаў іміджу.
Таму калі не жадаеце, каб вас лічылі безгустоўным, не будзьце як Саладуха — і пры неабходнасці выбірайце больш натуральныя адценні зубной эмалі.
Каментары