Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін у эфіры выдання «Суспільне» пацвердзіў інфармацыю, што Расія ўжо нібыта выкарыстала на вайне супраць Украіны ракеты з Паўночнай Карэі.
«Што тычыцца Паўночнай Карэі, то днямі мы атрымалі першыя доказы выкарыстання арміяй РФ ракет, вырабленых у гэтай краіне. Вынікі папярэдняй навукова-тэхнічнай экспертызы пацвярджаюць, што выпушчаная 2 студзеня па цэнтральнай частцы Харкава ракета з'яўляецца ракетай малой далёкасці, якая распрацавана Паўночнай Карэяй», — сказаў генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін.
Косцін дадаў, што да такіх самых высноў прыйшлі таксама вайсковыя эксперты з міжведамаснай працоўнай групе пры офісе генпракурора.
Эксперты таксама былі на месцы абстрэлу і рабілі папярэдні агляд і аналіз частак ракеты. Цяпер працягваецца комплексная камісійная экспертыза, якая павінна канчаткова пацвердзіць гэты факт.
«Мы таксама працуем над выяўленнем іншых фрагментаў боепрыпасаў, выяўленых на месцах нядаўніх нападаў у Харкаўскай і Адэскай абласцях», — сказаў Андрэй Косцін.
Каментары