Цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» адбудзецца 17 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю.
На імпрэзе стануць вядомыя пераможцы ў 13 намінацыях прэміі, а таксама атрымальнікі ўзнагароды «Спецыяльная згадка».
Найлепшыя сярод беларускіх фільмаў 2021 і 2022 гадоў будуць названыя на цырымоніі ўзнагароджання кінапрэміі «Чырвоны верас», якая адбудзецца ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю.
Падзея прызначаная на 19:00 17 лютага ў Gropius Bau Cinema, што месціцца ў галоўным будынку кінарынку Martin Gropius Bau.
«Гэта гонар, што ў час гуманітарнага крызісу ў краіне беларускае кіно не губляецца, а, наадварот, знаходзіць сваімі пляцоўкамі прэстыжныя міжнародныя фестывалі, якім яго патэнцыял і належыць, — кажуць сузаснавальнікі кінапрэміі «Чырвоны верас» Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. — Мы спадзяемся, што цырымонія ўзнагароджання стане дадатковым натхненнем і матывацыяй для беларускіх кінааўтараў, каб працягваць сваю важную справу».
Прэміі «Чырвоны верас» будуць уручаныя ў катэгорыях:
- «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм», «Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм»,
- «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка»,
- «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»,
- «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Адкрыццё года».
Якія фільмы трапілі ў кароткі спіс кінапрэміі «Чырвоны верас», чытайце па спасылцы.
Пераможцаў вызначала журы з 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў. У доўгі спіс «Чырвонага верасу» ўвайшлі 70 дакументальных, ігравых і анімацыйных фільмаў.
Каментары