У Гродне судзяць былога дырэктара кампаніі «Агат — сістэмы кіравання»
У Гродзенскім абласным судзе за хабар судзяць Мікалая Васільевіча Балігатава, заўважыла Hrodna.life. Чалавек з такімі данымі — былы дырэктар ААТ «Агат — сістэмы кіравання», кіраўнічай кампаніі холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання».
Прадпрыемства, якое ўзначальваў Балігатаў, займаецца пераважна комплексамі кіравання агнём. Пасяджэнне пройдзе 12 лютага ў Гродзенскім абласным судзе.
Мікалая Балігатава судзяць па арт. 430 ч. 1 КК «Атрыманне хабару» і арт.424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі». Суддзёй на працэсе над ім будзе Аляксандр Козел.
Мікалай Балігатаў быў затрыманы ў красавіку 2023 года, да таго ён узначальваў прадпрыемства ўсяго 9 месяцаў.
Папярэдняга дырэктара, генерала Генадзя Казакова, арыштавалі ў канцы красавіка 2022-га і ў выніку асудзілі да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 3 арт. 430 — хабарніцтва ў асабліва буйным памеры.
На змену яму ў ліпені таго ж года прыйшоў Мікалай Балігатаў, які да таго ўзначальваў адно з прадпрыемстваў холдынга — «Агат — электрамеханічны завод».
«Агат» — адно з цэнтральных прадпрыемстваў беларускай абаронкі, якое займаецца пераважна комплексамі кіравання агнём.
Каментары