Гродзенка, якую раней судзілі за БЧБ-штаны, паклікала ўсіх на выбары і сфатаграфавалася з былым сілавіком
Гродзенка Любоў Сарлай, якую яшчэ летась судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і некалькі разоў затрымлівалі на мітынгах, публічна заклікала ўсіх ісці на выбары лукашэнкаўскіх дэпутатаў і сфатаграфавалася з Яўгенам Дудко, былым прэс-сакратаром УУС Гродзенскага гарвыканкама, заўважыла Hrodna.life.
«Галасуем, выключна, за годных кандыдатаў», — падпісала жанчына фота ў інстаграме. І дадала хэштэгі #25февраля і #обожаювыборы.
Любоў заклікала галасаваць за дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Андрэя Анісімава. Менавіта з «Белпошты» яе звольнілі ў 2021 годзе за прагул. Тады гродзенка хацела ўзяць адгул на 25 сакавіка, калі адзначаецца Дзень Волі, але ёй яго не далі.
Фота з Яўгенам Дудко яна падпісала хэштэгамі #обожекакоймужчина і #малиновоеваренье.
Дудко з прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама перайшоў у Гродзенскую абласную арганізацыю фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама», дзе стаў намеснікам старшыні савета. У 2020 годзе ён быў на акцыях пратэсту і сачыў за затрыманнямі.
Гродзенцы, якія не ведалі пра змену грамадска-палітычнай пазіцыі Сарлай, дзівяцца ў каментарах.
«Свайму сябру Дудко перадавай вітанкі ад сапраўдных гарадзенцаў. Можа, ён не толькі з прадажнымі будзе фоткацца», — напісала палітэмігрантка Юлія Сліўко.
Некаторыя каментары, напрыклад, журналіста Руслана Кулевіча, Любоў ужо выдаліла, а на іншыя адказвае смайлікамі.
Што паўплывала на змену пазіцыі Любові, невядома. Да гэтага яна ўдзельнічала ў забегах, арганізаваных уладамі, у якіх, як правіла, удзельнічаюць і сілавікі. Але зусім ужо непрыхавана раскрылася толькі 9 лютага.
У 2020-м праславілася БЧБ-штанамі
Любоў Сарлай неаднаразова затрымлівалі і судзілі пасля выбараў 2020 года. Спачатку яе затрымалі 31 кастрычніка 2020 года. Потым праваахоўнікі склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах за фота ў інстаграме. Некаторыя справы спынілі з-за заканчэння тэрміну даўніны.
Вядомай стала гісторыя пра штаны з БЧБ-лампасамі — за прагулку ў іх дзяўчына выплаціла штраф у 20 базавых велічынь (тады — 580 рублёў).
У красавіку 2023 года Любоў аштрафавалі на 30 базавых велічынь за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Каментары