Арганізатары выбараў фактычна прызналіся ў фальсіфікацыях у Мінску. Сачыце за рукамі
У акругах Партызанскага раёна выбарцы сапсавалі 1231 бюлетэнь, а ў Кастрычніцкім раёне — нуль.
Колькасць «несапраўдных» бюлетэняў на выбарах выдатна даказвае ўсеагульнасць беларускіх фальсіфікацый.
Несапраўдныя бюлетэні — тыя, дзе выбарцы не паставілі ніводнай пазнакі ці паставілі адразу некалькі. Альбо напісалі нейкае пасланне членам камісій. Існаванне такіх бюлетэняў — нармальная практыка ў любым грамадстве. Іх колькасць заносіцца ў пратакол.
Аднак тэрытарыяльныя камісіі не маюць строгага ўказання, якую лічбу трэба маляваць у гэтым радку выніковага пратакола. Ёсць арыенцір, што пераможца мусіць атрымаць 55%, а яго спарынг-партнёр, напрыклад, 30%.
А што пісаць у «несапраўдных бюлетэнях»? Агульнай інструкцыі па краіне няма. Таму на месцах робяць усё на свой густ. І ў выніку атрыманыя лічбы неверагодна адрозніваюцца ад лічбаў суседзяў.
Важны момант: падлічыць сумленна хаця б адну гэту лічбу немагчыма — бо тады пасыпяцца ўсе астатнія лічбы, прыдуманыя.
На парламенцкіх выбарах Мінск традыцыйна дзеляць на 20 акругаў. Улады стараюцца, каб акругі групаваліся па існуючых раёнах Мінска. Напрыклад, у Фрунзенскі раён уваходзяць Заходняя, Каменнагорская, Кальварыйская і Лынькоўская акругі.
Аднак паколькі ёсць патрэба, каб у акругах была сувымерная колькасць выбарцаў, даводзіцца часткова карэктаваць межы. Напрыклад, у Лынькоўскую ўключылі яшчэ і некалькі кварталаў Цэнтральнага раёна, аднак «каардынуецца» яна ўсё адно Адміністрацый Фрунзенскага раёна. Мы пакажам гэта пасля.
Мы згрупавалі акругі па раёнах Мінска і пазначылі колькасць несапраўдных бюлетэняў, якія камісіі нібыта налічылі там.
Заводскі раён
- Паўночная акруга №91 — 275
- Машынабудаўнічая акруга №92 — 262
- Васняцоўская акруга №93 — 172
Ленінскі раён
- Купалаўская акруга №94 — 779
- Свіслацкая акруга №95 — 806
Кастрычніцкі раён
- Кастрычніцкая акруга №96 — нуль
- Чкалаўская акруга №97 — нуль
Маскоўскі раён
- Дзяржынская акруга №98 — 131
- Ясенінская акруга №99 — 102
- Паўднёвазаходняя акруга №100 — 97
Фрунзенскі раён
- Заходняя акруга №101 — 602
- Каменнагорская акруга №102 — 622
- Кальварыйская акруга №103 — 595
- Лынькоўская акруга №104 — 635
Цэнтральны раён
- Старавіленская акруга №105 — 280
Савецкі раён
- Коласаўская акруга №106 — 978
- Усходняя акруга №107 — 1136
Першамайскі раён
- Першамайская акруга №108 — 224
- Уручанская акруга №109 — 217
Партызанскі раён
- Партызанская акруга №110 — 1231
Выдатна бачна, што ў кожным раёне быў свой арыенцір на несапраўдныя бюлетэні. У Фрунзенскім пісалі каля 600, у Маскоўскім — каля 100. Рэкардсменам стаў Партызанскі — тут «налічылі» ажно 1231 сапсаваны бюлетэнь.
А вось у Кастрычніцкім, такое адчуванне, пра несапраўдныя бюлетэні проста забыліся і пакінулі ў пратаколах нуль. Калі верыць гэтым махлярам, то з 75 тысяч чалавек, якія прыйшлі на ўчасткі ў абедзвюх акругах гэтага раёна, не было ніводнага сапсаванага бюлетэня.
Матэматычная імавернасць такога супадзення абсалютна нулявая. Чарговае пацверджанне фальсіфікацый.
Каментары