Самы актыўны даносчык Бамбіза на выбарах заняў апошняе месца з усяго Мінска — яму намалявалі 1,999%
Анатоль Бамбіза — дырэктар кампаніі «Вогнеабарона». Але вядомы ён перадусім не сваім бізнэсам, а колькасцю даносаў, зробленых падчас пратэстаў-2020.
У Чорнай кнізе Беларусі згадваецца мінімум чатыры звароты ў міліцыю — Бамбіза паведамляў пра аўтамабіль з бел-чырвона-белым сцягам, скардзіўся на грамадзяна, які расклейваў налепкі, абураўся лампадкам у памяць забітага Рамана Бандарэнку…
У 2022 годзе міліцыя нават узнагародзіла яго за «актыўную грамадзянскую пазіцыю».
А ў 2024-м Бамбіза пайшоў балатавацца ў Мінскі гарадскі савет. Вылучаўся ад Камуністычнай партыі, подпісаў у сваю падтрымку не збіраў.
Чым адметны вынік Бамбізы на выбарах? Яму напісалі найменшую колькасць галасоў сярод усіх 159 кандыдатаў з розных акруг. Мізерныя 237 галасоў на Заслаўскай акрузе №43 — гэта абсалютны антырэкорд.
Але як сфарміравалася лічба, калі ніхто не лічыў галасы? Вельмі проста. Вынік Бамбізы — 1,999% галасоў. Калі б яму падкінуць яшчэ хоць адзін бюлетэнь, то пераваліў бы за сімвалічную мяжу. Але такога ўказання, відаць, не было.
Каментары