«Для вас ён звер, а для мяне сын». Бацька гвалтаўніка, які забіў беларуску, пракаментаваў трагедыю і выклікаў абурэнне
На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках мужчына, які прадставіўся бацькам Дарыяна С., падазраванага ў згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы, пракаментаваў трагедыю, якая здарылася ў канцы лютага пасярод Варшавы. Ён запэўнівае, што хацеў бы павярнуць час назад, але пры гэтым не пакіне ўласнага сына, піша Telegraf.news.
«Я нікому не жадаю таго, што з намі здарылася. Для вас гэта сенсацыя, а для нас — трагедыя», — такімі словамі пачаў зварот бацька арыштаванага хлопца. Затым мужчына запэўніў, што «калі б мог, то аддаў бы сваё жыццё 25-гадовай Лізе».
«Мы, бацькі, не пакінем уласнае дзіця ў цяжкую хвіліну. Для вас ён звер, а для мяне сын», — напісаў мужчына. «І калі я думаю пра тое, што ён зрабіў, што ўсё жыццё будзе за кратамі, я не магу гэта прыняць», — пераказвае ягоныя словы выданне Wp.pl.
Напрыканцы бацька меркаванага гвалтаўніка звярнуўся да чытачоў з заклікам: «Калі ласка, перастаньце, таму што ўся гэтая нянавісць не мае нічога агульнага з чалавечнасцю, а ваша нянавісць — усяго толькі дэманстрацыя таго, якія вы людзі».
У польскім выданні Wp.pl артыкул пра гэта сабраў амаль 500 каментароў, і ўсе яны, цалкам чакана, асуджаюць учынак гвалтаўніка.
«Выдатны прыклад вы падалі дзіцяці! Вы таксама так ставіліся да яго маці? У мяне сын такога ж узросту, і хоць я не ўпэўненая, што ён выпадкова не ўступіць у дурную бойку, я ведаю, што ён ніколі не падыме руку на больш слабога чалавека», — пракаментавала чытачка рэсурсу.
«Татачка, пісаць праўду пра вашага сына — не нянавісць. Толькі псіхапат можа дазволіць сабе такі ўчынак. Лепш падумайце, як вы яго выхавалі!», — пакінуў меркаванне іншы жыхар Польшчы.
Жорсткае згвалтаванне маладой беларускі адбылося ў цэнтры Варшавы 28 лютага. Пагражаючы нажом, злачынца зацягнуў яе да лесвіцы дома, душыў, а пасля згвалтаваў. Дзяўчыну даставілі ў бальніцу, а праз некалькі дзён яна памерла. Цяпер 23-гадоваму падазраванаму, як мяркуецца, пагражае пажыццёвае зняволенне.
$5000 за месца на могілках, $330 за святара. На што хлопец Лізы патраціць сабраныя грошы?
Грошы, якія ахвяравалі на рэабілітацыю згвалтаванай у Варшаве беларускі, вяртаюцца на рахункі. Але запушчаны новы збор
Сведкі распавялі, чаму не выклікалі паліцыю падчас згвалтавання беларускі ў Варшаве
«Мы вінны ёй». У Варшаве пройдзе марш у памяць аб згвалтаванай і забітай беларусцы
«Мне пашчасціла. А Лізе — не». Пасля смерці беларускі ў Варшаве ў сеціве шырыцца хэштэг #хопіцьгвалціць — вось што пішуць
Каментары