Расійскі палітвязень Ілля Яшын: Забойства Навальнага было спланавана спецслужбамі РФ, і момант перад выбарамі абраны свядома
Асуджаны на восем з паловай гадоў калоніі Ілля Яшын адказаў на пытанні Bild з калоніі ВК-3 у Смаленскай вобласці. Выданне прыводзіць асноўныя тэзы.
Пра гібель Аляксея Навальнага
«Да апошняга я спадзяваўся, што гэта толькі чуткі і мой сябра жывы. <…> Я быў агаломшаны. Скажу шчыра: у глыбіні душы ўсе мы, вядома, разумелі, што Пуцін можа забіць Навальнага. Аднойчы ён ужо спрабаваў гэта зрабіць, і Аляксей тады цудам перажыў атручэнне. <…> Але ўсё роўна здавалася, што Пуцін не асмеліцца, не вырашыцца. Бо ўсім будзе бачна, што ён забіў. <…>
Аднак ён рашыўся. І калі я даведаўся пра гэта, у мяне пацямнела ў вачах ад жаху і гора. <…> Я не сумняваюся, што забойства Аляксея было дакладна спланавана спецслужбамі і што момант перад выбарамі абраны свядома.
Менавіта гэтая паказальная расправа, паводле задумы Крамля, павінна стаць рэальным сімвалам падаўжэння ўлады Пуціна на тэрмін, роўны астатку яго жыцця».
Пра боязь за ўласнае жыццё
«У свядомасці зняволеных і ахоўнікаў, якія мяне атачаюць, укаранілася разуменне таго, што быць у апазіцыі ўлады — значыць падвяргаць сябе смяротнай небяспецы. І ў гэтым сэнсе гібель Навальнага ўяўляецца ім цалкам лагічнай. <…>
Здзіўленне сукамернікаў выклікае хутчэй тое, што я да гэтага часу жывы.
І за апошнія дні я рэгулярна чуў ад іх пытанне: «Як думаеш, а чаму цябе яшчэ не забілі?» У афіцыйную версію пра тромб, які адарваўся, і натуральную смерць Аляксея, падобна, тут наогул ніхто не верыць. <…>
Я ўсведамляю свае рызыкі. За кратамі ніхто не можа гарантаваць бяспеку, маё здароўе і маё жыццё залежаць выключна ад волі Пуціна.
Пры гэтым разумею, што я застаюся раздражняльнікам для Крамля і спецслужбаў, бо, як і Навальны, не замоўк пасля арышту. <…> Зразумела, гэта ператварае мяне ў патэнцыйную мішэнь.
Мне таксама вядома пра небяспеку, якую ў адным з інтэрв'ю агучыў журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў, які ў 2020 годзе вылічыў атрутнікаў Навальнага з ФСБ. Спасылаючыся на свае крыніцы, Грозеў папярэдзіў, што пасля расправы над Аляксеем у Расіі можа пачацца хваля рэпрэсій і забойстваў, што ў Пуціна «асаблівыя планы» на апазіцыйных лідэраў і што ў асабліва ўразлівым становішчы зараз знаходзяцца Уладзімір Кара-Мурза і я.
Зразумела, усё гэта моцна непакоіць. Але для мяне гэта нічога не мяняе. Маўчаць я ўсё роўна не збіраюся і любую даступную мне магчымасць выкарыстоўваю, каб расказваць пра злачынствы Пуціна і заклікаць да вываду расійскіх войскаў з Украіны».
Пра адмову шыць форму для салдат ва Украіне
«Пасля каранціну ў калоніі мясцовая адміністрацыя спрабавала прымусіць мяне працаваць на будаўніцтве новага лагернага барака ці ў швейным цэху, дзе вырабляюцца спальныя мяшкі і адзенне частак расейскага войска, якія ваююць ва Украіне.
Я ветліва адмовіўся, растлумачыўшы, што такая праца супярэчыць маім перакананням. <…> Адмова ад працы стала фармальнай падставай для пераводу мяне на строгія ўмовы ўтрымання ў замыканым памяшканні».
Пра ўмовы ўтрымання
«Цяпер тут са мной сядзяць шасцёра мужчын. Усе яны асуджаныя за гвалтоўныя злачынствы: рабаванні, рэкет, збіццё людзей…. Зрэшты, я змог выбудаваць са ўсімі карэктныя адносіны і пазбягаю канфліктных сітуацый. Ежу нам прыносяць тры разы на дзень: як правіла, кашу, бульбу з капустай і рыбныя кансервы. <…> Умовы ў мяне, зразумела, няпростыя, але я ведаю, што Навальны сядзеў значна горш. Яго фактычна катавалі карцарам і голадам»
Пра Юлію Навальную
«Мы шмат гадоў сябравалі і працавалі разам з Навальным, і ён пазнаёміў мяне са сваёй жонкай больш за 20 гадоў таму. Я вельмі цёпла да яе стаўлюся і ведаю, што яна была не толькі жонкай, але і важным дарадцам Аляксея, чыё меркаванне ён заўсёды вельмі шанаваў.
Юля — чалавек з моцным характарам, магутным унутраным стрыжнем і неверагоднай харызмай. Не сакрэт, што яна ніколі не хацела быць палітыкам.
Але я шчыра рады, што Юля аказалася гатова падхапіць сцяг свайго загінулага мужа. І, вядома, яна заўсёды можа разлічваць на маю падтрымку».
Пуцін абмяркоўваў абмен Навальнага ўсяго за некалькі гадзін да яго гібелі
Навальны — адвакатцы ў 2023: «Баюся падацца параноікам, але, здаецца, у калоніі мяне прытручваюць»
Бенедыкт Камбербэтч са сцэны Альберт-хола ў Лондане прачытаў ліст Аляксея Навальнага
Хрыста Грозеў: Забойствы крытыкаў Пуціна могуць працягнуцца
«Гулагу нет» заяўляе, што мае звесткі пра катаванні Навальнага перад смерцю
Каментары