Свет66

Па Кыргызстане распаўзаецца страх. Што адбываецца ў гэтай краіне і чаму там масава саджаюць журналістаў

Выданне «Важные истории» расказала, як Кыргызстан, які дзесяцігоддзямі вылучаўся на фоне сваіх аўтарытарных суседзяў куды больш мяккім рэжымам і даволі развітай грамадзянскай супольнасцю, імкліва траціць сваю адметнасць. 

У пачатку 2024 года ўлады Кыргызстана ўчынілі беспрэцэдэнтную атаку на мясцовыя медыя. 16 студзеня пракацілася хваля ператрусаў у памяшканнях рэдакцый і дамах журналістаў. Тэхніку канфіскоўвалі, журналістаў канваявалі ў ізалятар. Усяго былі затрыманыя 11 журналістаў, былых і дзейных супрацоўнікаў рэдакцыі Temirov Live, аднаго з самых яркіх расследавальных праектаў краіны. Сярод іх апынуліся і некалькі чалавек, якія даўно не супрацоўнічаюць з Temirov Live, а працуюць у іншых медыя.

Абвінавачванне: ч. 3 арт. 278 КК Кыргызстана — заклікі да масавых беспарадкаў. Калі справа не разваліцца, то ім пагражае правесці за кратамі ад пяці да васьмі гадоў. Сваёй віны ніхто з іх не прызнае. Суд пастанавіў не адпускаць журналістаў на час следства, яны сядзяць ужо два месяцы. Мера стрымання дзейнічае да 13 сакавіка, на гэтым тыдні адбудуцца пасяджэнні па яе працягванні.

«Яны не ворагі, вядома, яны памыліліся»

Атака на датычных да стварэння Temirov Live — гэта толькі адзін з сімптомаў хваробы, якая імкліва развіваецца ў некалі самай свабоднай з дзяржаў рэгіёну. Да нядаўняга часу Кыргызстан па праве называўся «дэмакратычнай вітрынай» Цэнтральнай Азіі. Нават тры рэвалюцыі, якія адбыліся тут з 1991 года, — праява той жа дэмакратычнай тэндэнцыі.

Акружаны аўтарытарнымі суседзямі, Кыргызстан мог пахваліцца канкурэнтнымі выбарамі, яркімі медыя і — прынамсі ў сталічным Бішкеку — актыўнымі грамадзянскімі пачынаннямі, якія супрацьстаялі архаіцы: тут былі і эколагі, і прыхільнікі роўнасці палоў, і абаронцы правоў людзей з інваліднасцю. Знаходзілася месца і следчай журналістыцы.

У апошнія гады прастора свабоды пачала драматычна скарачацца. У 2021 годзе ў прэзідэнцкім крэсле апынуўся новы прэзідэнт, Садыр Жапараў, які спалучае папулісцкую рыторыку з добра знаёмымі беларусам ці расейцам метадамі кіравання.

Улады перайшлі да актыўнага закручвання гаек. У прыватнасці, яны заняліся медыя: пад удар трапілі многія незалежныя выданні, некаторыя былі вымушаныя закрыцца. У сусветным індэксе свабоды прэсы, які штогод складаецца «Рэпарцёрамі без межаў», Кыргызстан за адзін год страціў 50 пазіцый, скаціўшыся з узроўню Японіі да паказчыкаў Паўднёвага Судана.

Балоту Тэміраву (злева) не раз даводзілася мець справу з паліцыяй. Фота: Азіза Раімбердыева

Затрыманне супрацоўнікаў Temirov Live — частка гэтай кампаніі, накіраванай як супраць самога выдання, так і супраць яго заснавальніка, Балота Тэмірава, аднаго з самых актыўных і нязручных для ўлады журналістаў Кыргызстана. Сам Тэміраў для кыргызскіх уладаў недасягальны — ён знаходзіцца ў Еўропе.

За што ўлады насамрэч пераследуюць Temirov Live

«Улады маюць намер выпаліць усё жывое вакол Тэмірава, каб у яго не засталося каманды, — мяркуе кыргызстанская праваабаронца Лэйла Назгуль Сейтбек, якая з'ехала з краіны. — Больш за ўсё ім цяпер хочацца, каб усе прамаўчалі, каб нічога не адбывалася. Пытанне, ці гатовыя людзі з гэтым пагадзіцца?»

Ёсць адзін чалавек, які дакладна не гатовы замаўчаць. Гэта сам 44-гадовы Балот Тэміраў — ён занадта дорага заплаціў за магчымасць займацца расследаваннямі. Яго збівалі, праслухоўвалі, пазбавілі грамадзянства і дэпартавалі ў Расію. Ягоная жонка Махабат Тажыбек, якая працавала дырэктаркай Temirov Live, аказалася адной з тых, каго арыштавалі ў студзені.

Улады не першы раз спрабуюць прымусіць Тэмірава замаўчаць, заходзячы праз яго блізкіх і супрацоўнікаў. У прыватнасці, высветлілася, што ў 2022 годзе Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстана шантажаваў адну з калегаў Тэмірава. Спачатку яны падаслалі да яе «залётніка», а затым пагражалі апублікаваць здабытыя ім інтымныя відэа. Каб пазбегнуць гэтага, патрабавалася пасупрацоўнічаць — расказваць пра Тэмірава і яго бягучыя праекты.

Махабат Тажыбек — жонка Балота Тэмірава і дырэктарка Temirov Live — арыштаваная за сваё відэа пра карумпаваныя эліты. Фота: Politklinika

Па словах Тэмірава, і гэтым разам кожнага з затрыманых нязменна пытаюцца пра самога Тэмірава і яго месцазнаходжанне. Махабат Тажыбек таксама пагражалі, што, калі яна будзе ўпарціцца, іх з Тэміравым 11-гадовага сына адправяць у дзіцячы дом.

На адпраўленыя пры падрыхтоўцы гэтага артыкула пытанні кыргызстанскія ўлады адказваць не сталі. Адмаўчаліся адміністрацыя прэзідэнта, МУС, пракуратура і Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі. Аднак за два месяцы, якія прайшлі з часу арышту, некалькі чыноўнікаў выказаліся пра справу публічна.

На ток-шоу радыё «Азатык» віцэ-прэм'ер Кыргызстана Эдыль Байсалаў прадставіў крымінальную справу ў якасці свайго роду педагагічнай меры.

«Вось гэтыя нашы маладыя хлопцы і дзяўчаты, вядома, яны не ворагі, вядома, яны памыліліся. Яны ніякія не здраднікі. Хто б ні быў прэзідэнт, органы, суды — ні ў каго няма думкі згнаіць іх у турме, — сказаў Байсалаў. — Гэта выхаваўчае пытанне; бацькоўскі, братэрскі абавязак — выхаванне. У некаторых выпадках хтосьці, хай гэта будзе галава сям'і, гаспадар дома, павінен заклікаць да парадку».

Адказваючы на запыт адносна гэтых рэмарак, Байсалаў напісаў:

«Хачу паўтарыць, што ніхто гэтых хлопцаў ва ўладзе не лічыць за ворагаў народа і іншае… я кажу пра выхаванне, таму што задача — пераарыентаваць моладзь. Нам трэба будаваць краіну і падымаць народ; адцягнуць яе ад пустых заняткаў, сказаць, што гэта ўжо нямодна і няварта».

У сваю чаргу, прэзідэнт Жапараў распавёў пра свой погляд на сітуацыю газеце «Вячэрні Бішкек». На ягоную думку, свабода слова павінна быць абмежаваная ў інтарэсах бяспекі.

«У цяперашнія неспакойныя і турбулентныя часы свабода слова цесна спалучаная з адказнасцю, — сказаў Жапараў і, як вядзецца, спаслаўся на сусветны досвед. — Краіны, якія можна залічыць да дэмакратычна развітых, ужо ўводзяць абмежаванні супраць тых, хто выкарыстоўвае свабоду слова для дасягнення палітычных мэтаў і дэстабілізацыі грамадства.

У гэтай сувязі мы вымушаныя прымаць прэвентыўныя меры. У гэтым канкрэтным выпадку, згодна з заключэннем судова-экспертнай службы пры Міністэрстве юстыцыі КР, устаноўлена, што ў відэазваротах Тажыбек кызы Махабат маюцца прыкметы заклікаў да масавых беспарадкаў».

Відэа, на якое спасылаецца прэзідэнт, жонка Тэмірава запісала ў снежні. У ім Тажыбек выступае супраць карупцыі і крытыкуе эліты, якія «па 30 гадоў сядзяць у сваіх крэслах». Ніякіх заклікаў да бунту або гвалту ў роліку няма.

«Яна ў гэтым відэа гаворыць пра тое, што ўсе гэтыя перавароты, рэвалюцыі — яны бескарысныя, таму што адзін клан змяняе іншы клан, — тлумачыць Тэміраў. — Гэта значыць, заклікам да беспарадкаў гэта складана назваць».

На ягоную думку, у дачыненні да тэксту роліка абвінавачванне папросту абсурднае. Пры гэтым, па словах некалькіх крыніц, знаёмых з ходам справы, відэа Тажыбек — адзінае, на чым грунтуецца следства. З доказнай базы — выключна неапублікаваная «экспертыза» роліка, на якую спасылаецца абвінавачванне.

Арыштаванымі аказаліся 11 чалавек, з якіх шасцёра ўжо не працуюць на Temirov Live, некаторыя пакінулі праект некалькі гадоў таму.

Канал, на якім было апублікавана відэа, называецца «Айт айт дэсэ» — гэта адзін з самых арыгінальных праектаў Тэмірава. У адрозненне ад асноўнага канала Temirov Live, на «Айт айт дэсэ» відэа выходзяць выключна на кыргызскай мове.

«Наша мэта была быць бліжэй да народа, стаць голасам народа і размаўляць з насельніцтвам на адной мове», — кажа Тэміраў.

Акрамя звыклых журналісцкіх фарматаў, на «Айт айт дэсэ» выходзяць рыфмаваныя ролікі, запісаныя акынамі — паэтамі, чые куплеты заснаваныя на народнай выканальніцкай традыцыі. Акыны заклікаюць змагацца супраць сацыяльнай несправядлівасці і карупцыі, а часам нават пераказваюць расследаванні Temirov Live у аўтэнтычнай распеўнай манеры.

Напрыклад, у адным з відэа акын Балот Назараў у вершах рэзюмуе расследаванне пра мальтыйскія афшоры сям'і старшыні Рады міністраў Кыргызстана, у іншым — крытыкуе ўладны дуумвірат, які склаўся ў краіне, прагных да ўлады прэзідэнта Жапарава і кіраўніка спецслужбаў Ташыева.

Выступы акынаў — выдатная знаходка, лічыць актывістка Лэйла Назгуль Сейтбек, якая жыве цяпер у Вене:

«Акыны ў кыргызстанскай традыцыі — гэта голас народа, яны фармулююць праблемы людзей, спяваюць пра іх. І зноў жа, паводле звычаю, уладары краіны не чапаюць акынаў, чыё прызначэнне — гаварыць пра цяжкасці і высмейваць кіраўнікоў».

Зорка «Айт айт дэсэ», рэпер і паэт Азамат Ішэнбекаў, апынуўся ў ліку арыштаваных. Дзейнасць канала прыпыненая.

Звычайна ўлады паэтаў не чапаюць, але для рэпера Азамата Ішэнбекава зрабілі выключэнне. Фота: Politklinika

«Калі ўжо тваім анёлам-ахоўнікам аказаўся Пуцін…»

Па Кыргызстане распаўзаецца страх, гэта адчуваецца ў размовах з журналістамі, з мясцовымі грамадзянскімі актывістамі, апазіцыянерамі, аналітыкамі. Яны апісваюць страшную, рэпрэсіўную атмасферу.

«Людзі вельмі напалоханыя, — гаворыць Лэйла Назгуль Сейтбек. — Нават калегі. Яны часам кнігі з замежнай паездкі баяцца дадому везці. Я зроду такога не бачыла».

Адчуванне, што з гэтага часу любы можа трапіць пад каток сілавікоў, пагаршаецца абсурднасцю некаторых нядаўніх абвінавачванняў. Месяц таму пад раздачу трапіла адно з самых вядомых медыя Кыргызстана, Kloop. Суд пастанавіў закрыць выданне, грунтуючыся на прадстаўленых пракуратурай словах псіхіятраў. Тыя сцвярджалі, што Kloop негатыўна «ўплывае на душэўнае здароўе» насельніцтва, падрываючы яго пры дапамозе негатыўнай інфармацыі.

Летась у турме апынулася група апазіцыянераў, якія выступалі супраць абмену землямі паміж Кыргызстанам і суседнім Узбекістанам. Суд над імі праходзіў у закрытым рэжыме. Калі ў прэзідэнта Жапарава спыталіся, у чым прычына такой сакрэтнасці ў рэзананснай справе супраць яго апанентаў, ён адказаў, што ягоныя крытыкі фінансаваліся паслом адной з краін, называць якую ён не мае намеру:

«Калі мы апублікуем гэта, то вы пачнеце ненавідзець гэтую дзяржаву. І тады можа ўзнікнуць непаразуменне, могуць парушыцца нашыя двухбаковыя адносіны. Таму праводзім у закрытым рэжыме».

Яшчэ некалькі гадоў таму Кыргызстан называлі «востравам дэмакратыі». Назіральнікі адзначалі, што сітуацыя са свабодай слова і развіццём грамадзянскай супольнасці ў Кыргызстане істотна лепшая за сярэднюю па рэгіёне, а таксама той факт, што непапулярным рэжымам тут не ўдавалася замацавацца: грамадзяне папросту іх дэмантавалі, у тым ліку тройчы пры дапамозе рэвалюцый.

Да нядаўняга часу ў Кыргызстане можна было выказвацца цалкам свабодна. Але цяпер усё змянілася. Фота: IGOR KOVALENKO / EPA / SCANPIX / LETA

«Не варта чакаць, што дынамічная грамадзянская супольнасць сама па сабе прывядзе да глыбінных трансфармацый. [У Кыргызстане] няма інстытутаў, якія забяспечылі б дэмакратызацыю… Патрэбныя палітычныя партыі, ідэалогіі — правыя, левыя, патрэбны правільны палітычны канфлікт, каб гэтыя ідэалогіі сфармуляваць. Без гэтага разлічваць на ўстойлівыя змены наўрад ці магчыма», — разважае ў падкасце Talk Eastern эксперт па Кыргызстане Асель Даалоткельдыева.

Апошняя рэвалюцыя ў кастрычніку 2020 года прывяла да ўлады цяперашніх кіраўнікоў Кыргызстана. У хаосе народных выступленняў група прыхільнікаў змагла выцягнуць са зняволення Садыра Жапарава — былога члена парламента, які адбываў турэмны тэрмін за выкраданне мясцовага чыноўніка.

Вызваліўшыся, Жапараў здолеў прабіцца на самую вяршыню ўлады. Спачатку ён стаў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, а праз некалькі месяцаў выйграў і агульнанацыянальныя выбары. Кіраўніком Дзяржаўнага камітэта дзяржаўнай бяспекі Жапараў прызначыў свайго саюзніка, Камчыбека Ташыева: абодва любяць нацыяналістычныя тэзісы, рэгулярна абрынаюцца з крытыкай на замежны ўплыў і каштоўнасці, на іх рытарычных сцягах — інтарэсы простага жыхара Кыргызстана.

За пышнымі прамовамі Жапараў і Ташыеў не забываліся і пра ўмацаванне сваіх пазіцый, спецслужбы станавіліся з кожным днём усё больш уплывовымі. У выніку сфармавалася сістэма кіравання, якую некаторыя палітолагі называюць тандэмам.

«Пачынаючы з 2020 года бюджэтныя плыні былі накіраваныя на ўмацаванне спецслужбаў, — кажа Даалоткельдыева. — За тры гады ў рэгіёнах было пабудавана каля 50 новых будынкаў. Дэ-факта яны выкарыстоўваюцца спецслужбамі. Гэта значыць, што ў іх фокусе ўвагі ўжо не толькі сталіца, але і сельская мясцовасць — каб эфектыўна яе кантраляваць, сёння прыкладаюцца вялікія намаганні».

Карыстаючыся раз'яднанасцю апазіцыі і адсутнасцю паўнавартаснай незалежнасці судоў, урад Жапарава правёў некалькі законаў, якія істотна ўзмацнілі прэзідэнцкую хватку: аб дэзынфармацыі, аб медыя, аб няўрадавым сектары, аб замежных агентах. Новаўвядзенні маюць шмат агульнага з аналагічным расійскім заканадаўствам і, на думку экспертаў, гэта зусім не выпадковасць.

«Расійскія спецслужбы гадамі сядзяць у будынку ДКНБ. І гэта вялікі кантынгент, не пара чалавек, — расказвае праваабаронца Лэйла Назгуль Сейтбек. — Кыргызстан знаходзіцца пад велізарным расейскім уплывам, значна большым, чым можа падацца. Бо мясцовыя ўлады слабыя. Ім трэба на кагосьці абаперціся, каб не страціць уладу. І яны традыцыйна ўспрымаюць Пуціна як гаранта сваёй улады. А калі ўжо тваім анёлам-захавальнікам аказаўся Пуцін, наўрад ці табе наканавана дамагчыся асаблівых поспехаў у справе пабудовы дэмакратыі».

Каментары6

  • Такаеў
    12.03.2024
    Намячаецца новы ўдзельнік так званай саюзнай дзяржавы?
  • Бакіеў
    12.03.2024
    Узорная азіяцкая дэмакратыя, кажаце? :)
  • Язэп
    12.03.2024
    Жапараў - былы крымінальнік, які выкрадаў людзей. Таму метады гэбэшніка Пуціна і былога вертухая Лукашэнкі яму вельмі блізкія. Навадворская ў свой час казала - на чале дзяржавы вертухай можа пабудаваць толькі зону. Я б яшчэ дадаў - і ўрка таксама

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць38

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO6

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць38

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →