У Нямеччыне збілі 18-гадовага аўтара 4200 даносаў. Ён выступіў за адраджэнне «Штазі»
У мінулым хлопец ставіў на аватарку лідара камуністаў ГДР Эрыха Хонекера.
За апошні час 18-гадовы Ніклас Матэі з Грэфенхайніхена (зямля Саксонія-Анхальт на ўсходзе Нямеччыны) стаў вядомы на ўсю краіну. Ён называе сябе ў сацсетках «майстрам даносаў», за мінулы год ён напісаў на землякоў 4227 скарг. У іх ліку — даносы на галінку, якая ўпала на дарогу, і гучны пыласос.
Нядаўна Ніклас пахваліў спецслужбы Кітая і ўспомніў пра «Штазі» — рэпрэсіўным Міністэрстве дзяржбяспекі ГДР. Па звестках Bild, у мінулым хлопец ставіў на аватарку лідара камуністаў ГДР Эрыха Хонекера.
«Абсалютны кантроль я лічу правільным. Гэта дапамагае таму, каб людзі лепш думалі, ці парушаюць яны закон. З тым, хто выконвае закон, нічога не можа здарыцца, — сказаў юнак газеце Welt.
— Ужо павінна быць нешта накшталт «Штазі». Не ў такім маштабе. У іх было псіхалагічнае прыгнечанне. Такіх метадаў не павінна быць. Але абсалютны кантроль, я думаю, гэта нармальна».
«Новая «Штазі» павінна сачыць толькі за грамадскай прасторай і караць за парушэнні. Але я дыстанцуюся ад такіх метадаў, як «псіхалагічнае прыгнечанне» і таму падобных», — дадаў ён у інтэрв'ю Bild.
Ён таксама пацвердзіў, што ўвечары 2 сакавіка на чыгуначнай платформе пры выхадзе з электрычкі яго збіў футбольны фанат. «Майстар даносаў» трапіў у бальніцу, у яго скралі смартфон. «Напэўна, гэта з-за маёй папулярнасці», — сказаў Ніклас.
Каментары