«Проста адчувала сябе пацуком». Маладая журналістка расказала, як кінула раёнку, куды яе размеркавалі
Уступная кампанія пачнецца ў Беларусі праз пару месяцаў, і для многіх стаіць пытанне не толькі пра тое, на якую спецыяльнасць ісці, але і пра выбар паміж бюджэтным і платным аддзяленнямі. Хто ідзе на бюджэт — таго пасля навучання чакае прымусовае размеркаванне, а калі на яго не паедзеш — то налічаць буйны доўг. «Еўрарадыё» адшукала дзяўчыну, якая праз паўгода звольнілася з месца адпрацоўкі, і распытала пра тое, як яна гэта рабіла і з якімі вынікамі.
Паліна (імя змененае) некалькі гадоў таму скончыла журфак БДУ. У свой час дзяўчына паступіла на бюджэт, а пасля заканчэння ВНУ яе адправілі на размеркаванне ў раённую газету.
«Мэты застацца ў Мінску ў мяне не было, наадварот, я хацела змяніць лакацыю і пачаць новае жыццё з новай працай. Хоць я выдатна разумела, што гэта будзе за праца. Мне трэба было пачаць сваю кар'еру ў дзяржаўнай рэдакцыі праз год пасля падзей 2020 года».
Часцей за ўсё Паліна займалася асвятленнем мерапрыемстваў, хадзіла на гарадскія акцыі, брала каментары ў вядомых мясцовых жыхароў, у тым ліку ў чыноўнікаў.
«У цэлым, працаваць мне там не падабалася. У нейкі момант мяне нават пазбавілі псеўданіма, пад якім я пісала свае матэрыялы. Ці займалася я прапагандай? Не ведаю. Адказаць сабе на гэтае пытанне я не магу. Так, я пісала матэрыялы з чыноўнікамі, якія неслі пралукашэнкаўскі парадак дня. Ці пісала я што-небудзь там ад сябе? Не. Ці падабалася мне гэта? Таксама не».
Цягам паўгода, якія дзяўчына там працавала, яе моцна грызла сумленне. Яна разумела, што многія яе сябры і аднакурснікі працаваць журналістамі ў Беларусі не могуць. Некага пасадзілі, некага затрымалі, многім давялося з'ехаць.
«На фоне ўсяго гэтага я адчувала сябе проста пацуком. Бо мне плаціць грошы дзяржаўная рэдакцыя, бо мяне не затрымаюць і не пасадзяць. Я была не згодная з рэдакцыяй, не згодная з рэдактарам, але працягвала працаваць там са страху і думала, што мне ці маім блізкім могуць зрабіць балюча».
Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну зрабілася для Паліны апошняй кропляй. Працягваць працаваць у дзяржаўным выданні яна больш не магла і вырашыла звольніцца, нягледзячы на неадпрацаванае размеркаванне.
«Калі пачалася вайна, я якраз была на бальнічным. Тады я зразумела, што не змагу вярнуцца ў рэдакцыю і зноў браць каментары ў гэтых жа чыноўнікаў пра тое, што «спецаперацыя неабходная» або што яны там яшчэ маглі б расказаць. Рашэнне пайсці я прыняла сумесна са сваёй сяброўкай, якая таксама адпрацоўвала «размерк», але ў іншай рэдакцыі. Мы не ведалі, што адбудзецца далей, але разумелі, што працаваць на прапаганду больш не можам».
Проста ўзяць і звольніцца з размеркавання немагчыма. Маладога спецыяліста будуць трымаць да апошняга, нават калі ён працуе зусім дрэнна.
Але выйсце ўсё ж ёсць. І не адно, а цэлых два. Першы варыянт — перастаць хадзіць на працу, другі — прыйсці, але ў нецвярозым стане.
«І ў нейкі з дзён я не выйшла, бо прыйсці на працу п'янай — гэта неяк занадта амаральна. Перад тым як прагуляць, я папярэдзіла сваю рэдактарку, што больш не збіраюся з'яўляцца ў рэдакцыі. Ад яе я пачула масу непрыемных рэчаў. Пачынаючы з таго, што мая праца яе ніколі не задавальняла, і заканчваючы тым, што такія, як я, наогул не павінны жыць. Было менавіта так, а можа, нават больш жорстка. Вельмі шкадую, што на тую сустрэчу я не ўзяла з сабой дыктафон. Урэшце праз некалькі дзён мяне ўсё ж звольнілі».
Паводле слоў дзяўчыны, бацькі падтрымалі яе выбар, асабліва бацька.
«Ён і раней настойваў на тым, каб я пайшла. Казаў: «Нічога страшнага, мы выплацім гэты доўг, не перажывай. Я ж бачу, як табе дрэнна, не мучай сябе». Ён разумеў, з якімі людзьмі і ў якіх умовах я працую».
Выніковая запазычанасць, якую налічыў Паліне суд за тое, што яна пайшла з размеркавання, з улікам таго, што паспела адпрацаваць 6 месяцаў, склала 13 тысяч долараў.
«Грошы я не выплачвала, я ўжо дакладна ведала, што паеду з Беларусі. Я падумала, што лепш адносна свабодна жыць у чужой краіне, чым жыць у роднай, разумеючы, што мяне будуць трымаць сілай. І ў выніку з'ехала».
Яшчэ ў Беларусі Паліна падпісала некалькі дакументаў, што ў яе ёсць доўг. Хоць ведала, што выплачваць яго не будзе.
«Ужо пасля майго ад'езду да мамы некалькі разоў прыходзілі з суда і пыталіся, дзе я. Акрамя таго, на яе ціснулі на працы, маўляў, ваша дачка збегла ад адказнасці, не збіраецца дзяржаве выплачваць доўг і гэтак далей. Але цяпер гэта ўсё ўжо падсупакоілася».
Паліна пра свой учынак не шкадуе. Хоць і прызнаецца, што часам сумнявалася, ці быў гэта правільны крок.
«Я думала пра гэта, калі, напрыклад, не магла знайсці працу або калі моцна сумавала. Але ў цэлым я задаволеная такім збегам абставін».
Цяпер дзяўчына разумее, што пераезд у іншую краіну быў правільным рашэннем. Разумеюць гэта і яе бацькі, хоць і вельмі сумуюць па ёй.
«Тут я знайшла новых сяброў і, па сутнасці, пачала новае жыццё. Вядома, было б нашмат камфортней жыць у сваёй краіне, але ў сваёй свабоднай краіне. Паколькі Беларусь цяпер несвабодная, гэта мяне і трымае».
Чытайце таксама:
Віцэ-прэм'ер Петрышэнка паставіў амбітныя задачы перад дзяржаўнымі СМІ
Каментары