«Адчуваю сябе дурніцай». Як прапагандысты і спецслужбы «прапаноўвалі» новыя пашпарты беларусам замежжа
Тры вечары запар на тэлеканале АНТ прапагандыст Ігар Тур хваліўся, што яму з выведкай удалося завалодаць нейкімі «базамі заявак на пашпарты Новай Беларусі». Што ж адбылося папраўдзе, разбіралася «Свабода».
Што адбылося
20 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра пачатак крымінальнай справы на прадстаўнікоў «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа».
У ведамстве заявілі, што маюць інфармацыю больш як пра 100 прадстаўнікоў «радыкальнай дыяспары». Справу завялі паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
У СК заявілі, што прадстаўнікі «народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа» нібыта спрабавалі прычыніць «шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».
«Цяпер Сьледчы камітэт мае поўную інфармацыю больш як пра 100 прадстаўнікоў радыкальнай дыяспары. Ужо ўстаноўлена больш як 30 аб’ектаў нерухомай маёмасьці, якія належаць фігурантам на тэрыторыі нашай краіны», — паведамілі ў СК.
Паралельна з крымінальнай справай на тэлеканале АНТ выйшла тры перадачы прапагандыста Ігара Тура.
Тур сьцьвярджаў, што ён зь беларускай выведкай зь ліку супрацоўнікаў КДБ у курсе ўсіх спраў беларусаў замежжа, маюць сваіх агентаў і сярод дыяспары, і «ў МЗС тых краінаў, дзе яны жывуць». Казаў, што выведка мае на руках нейкую «базу заявак на пашпарты Новай Беларусі». У эфіры 21 сакавіка паказалі запісы размоў зь беларусамі замежжа, якія нібыта падавалі заяўкі на пашпарты Новай Беларусі«.
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і іншыя структуры, якія маюць дачыненьне да стварэньня пашпарта, заявілі, што ніякай «базы заявак» не існуе, дэмакратычныя структуры не зьбіралі пэрсанальных зьвестак беларусаў замежжа. І не існуе валянтэраў, якія тэлефануюць беларусам замежжа.
Папярэджаньні, што ў інтэрнэце зьяўляюцца фальшывыя старонкі ад імя дэмакратычных структур, дзе ў беларусаў просяць асабістыя дадзеныя, зьяўляліся на старонках Офісу і Кабінэту пэрыядычна: у сьнежні 2023 году, у лютым і сакавіку 2024-га.
На жаль, ня ўсе людзі былі ўважлівымі. Некаторыя паверылі, што ім тэлефануюць валянтэры з мэтай дапамагчы атрымаць пашпарт.
Як прапагандыст Ігар Тур з памагатымі сам зьбіраў базу беларусаў замежжа
«Свабода» зьвязалася зь беларусамі, якія жывуць за мяжой і якіх паказалі ў сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі. Адзін зь іх — Антон Юран. Ён жыве і працуе ў Польшчы, мае польскае грамадзянства. Ён кажа, што раней нідзе не пакідаў заявак на пашпарт Новай Беларусі. Але бачыў старонку пашпарта «недзе» і праявіў да яе зацікаўленасьць.
«Ці паставіў падабайку, ці ўхваліў неяк ідэю гэтага пашпарта. Дакладна ня памятаю, гэта было некалькі месяцаў таму», — кажа Антон.
Чацьвёртага сакавіка да яго ў прыватныя паведамленьні на Facebook прыйшлі «валянтэры». Акаўнт быў падпісаны як «Нацыянальны Пашпарт Беларусі». «Валянтэр», які, па словах Антона, размаўляў на беларускай мове, спытаўся, ці хоча той атрымаць пашпарт Новай Беларусі.
«Я сказаў, што мог бы і мець такі пашпарт, ня супраць яго. Тады ён прапанаваў запоўніць форму, электронную. Там я ўпісаў свае асабістыя зьвесткі і адрас, дзе я жыву ў Польшчы. Пасьля мне паступіў відэазванок, каб, як яны сказалі, «звэрыфікаваць» мяне. Я быў пасьля працы, за стырном, стомлены, і так нешта ім нагаварыў трохі», — кажа беларус.
«Валянтэр» пытаўся, як Антон апынуўся ў Польшчы, дзе працуе, якое мае грамадзянства, як ставіцца да апазыцыі і Сьвятланы Ціханоўскай. «Яшчэ яны абяцалі, што па новым пашпарце будуць зьніжкі ў крамах і іншыя матэрыяльныя прэфэрэнцыі», — дадаў беларус.
Ён лічыць, што нічога сакрэтнага ад яго прапагандыст ці выведка не дазналіся.
Папрасілі ня толькі пэрсанальныя зьвесткі, але і здымак на сьветлым фоне
Паказалі ў сюжэце прапаганды і беларуску Кацярыну (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі блізкіх у Беларусі, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС). У яе, апроч асабістых зьвестак, «валянтэры» выведалі інфармацыю пра ўдзел беларускі ў пратэстах 2020 году. І цяпер яна баіцца за сваіх блізкіх у Беларусі.
Кацярына кажа, што гэта ўсё здарылася з прычыны «дурной наіўнасьці».
«Бо мы чацьвёрты год жывём сваім жыцьцём, выхоўваем дзяцей, працуем. А яны жывуць нашым жыцьцём, чацьвёрты год ганяюцца за «змагарамі», замест таго каб заняцца карыснай справай», — лічыць беларуска.
Яна кажа, што некалькі дзён таму ў Facebook «мільганула» старонка «Пашпарта Новай Беларусі». Кацярына зайшла на яе, пачытала, «прабеглася па артыкулах». Неўзабаве ёй напісаў у прыватнае паведамленьне «валянтэр», прапанаваў запоўніць форму для новага пашпарта.
«Я на ўсялякі выпадак, бо сама ня ведаю, калі вярнуся ў Беларусь, запоўніла тую форму. Пашпартныя зьвесткі, адрас пражываньня, дзяцей упісала. Потым мне паступіў, прычым нечакана, відэазванок ад «валянтэра». Ён пачаў выпытваць, для чаго мне пашпарт, ці прымала я ўдзел у пратэстах, як стаўлюся да гендэрнай няроўнасьці», — кажа Кацярына.
«Валянтэр» патлумачыў, што «пашпартны праект» падыходзіць да канца, таму лепш загадзя «забіць» сабе месца. У Кацярыны папрасілі здымак на сьветлым фоне.
«Адчуваю сябе дурніцай, хоць нічога такога не зрабіла. Ведала, што яны маглі так зрабіць, але думала — чатыры ж гады прайшлі, сьмешна да гэтага часу так бегаць за людзьмі», — кажа беларуска.
На яе думку, збор асабістых зьвестак прыдумалі спэцслужбы для таго, каб забраць у беларусаў, якія жывуць за мяжой, маёмасьць.
«Таго Тура я ўбачыла ўпершыню па тэлевізары толькі цяпер, калі мне скінулі спасылку. Мяне такая пустата не цікавіць, я не гляджу», — дадала Кацярына.
Для чаго прапагандзе і спэцслужбам асабістыя зьвесткі беларусаў замежжа
У аб’яднаньні былых сілавікоў BelPol расказалі «Свабодзе», што «спэцапэрацыі» прапаганды і КДБ робяцца ў тым ліку для псыхалягічнага ўзьдзеяньня, маніпуляцый зь беларусамі за мяжой і ўнутры краіны.
«Для прафіляктыкі: маўляў, мы ўсё бачым, усё кантралюем. Але гэта ня так, хоць часткова, вядома, яны маюць пэўную інфармацыю. Гэта чарговы плянамерны эпізод апэратыўнай гульні, якая праводзіцца з мэтай атрыманьня канкрэтных зьвестак пра людзей, якія знаходзяцца за мяжой і маюць іншыя погляды, не такія, як у рэжыму», — тлумачыць прадстаўнік BelPol.
У аб’яднаньні лічаць, што, атрымаўшы такія зьвесткі, можна чакаць як псыхалягічнага ціску з боку рэжыму, так і канкрэтных дзеяньняў. Такіх, як затрыманьне сваякоў, якія знаходзяцца ў зоне дасяжнасьці рэжыму.
Прадстаўнік BelPol нагадаў, што варта праяўляць пільнасьць на этапе, калі ад неправераных «ініцыятыў» паступае запыт пра асабістыя зьвесткі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць чалавека.
«Перш, чым перадаваць свае зьвесткі, варта спраўдзіць крыніцы, прыналежнасьць акаўнту, электроннай пошты, асобы», — кажа прадстаўнік аб’яднаньня.
Мэтай збору дадзеных, на ягоныя словы, можа быць і тое, каб «знайсьці падыход да чалавека», атрымаць дадатковую інфармацыю, паспрабаваць выбавіць чалавека ў Беларусь.
«Пры ўезьдзе ў Беларусь такі чалавек можа быць затрыманы і атрымае крымінальны перасьлед за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», — дадалі ў BelPol.
Кавалеўскі расказаў, як і дзе будуць выдаваць пашпарт «Новай Беларусі»
КДБ вырабіла пашпарт «Новай Беларусі» для экс-начальніка следчага ўпраўлення Магілёва
«Мы наўмысна дадалі шэраг «пасхалак». Фэйкавы пашпарт «Новай Беларусі» ад КДБ пракаментаваў спецыяліст, які над ім працуе
На АНТ паказалі пашпарт «Новай Беларусі» на імя неіснуючага кэдэбіста. Кавалеўскі: У нас яшчэ нават няма ўзораў
Каментары