Дорага-багата: як выглядае кватэра ў Мінску амаль за мільён даляраў
У «доме Чыжа» прадаецца кватэра за 995 тысяч даляраў. У аб’яве абяцаюць «стыль, раскошу і ўсходнюю класіку ў кожнай дэталі».
На продаж выстаўлена пяціпакаёўка на 11-м паверсе. Яе агульная плошча каля 310 квадратаў, жылая — амаль 205. А на кухні там лёгка змесціцца кватэра сярэднестатыстычнага беларуса — бо для прыгатавання і ўжывання ежы тут адведзены ажно 61 квадрат.
Ёсць тры спальні, чатыры санвузлы, пральны пакой, чатыры лоджыі з панарамнымі вокнамі і цудоўным відам на горад і два балконы.
Удакладняецца, што рамонт у кватэры рабілі ў 2019 годзе па спецыяльным дызайн-праекце. Выкарыстоўваліся толькі высакаякасныя дарагія матэрыялы. Мяккая мэбля выканана з масіву азіяцкіх парод дрэва. Шмат дэталяў, мэблі, дэкору выкананы пад заказ і прывезены з-за мяжы.
Прадумана сістэма акустыкі і шумапрыглушэння. На падлозе ў пакоях італьянскі керамаграніт, у санвузлах — керамічная плітка. Па ўсёй кватэры падлога з падагрэвам. Дзве купалападобныя столі, адзін з купалаў у дыяметры складае больш за 3 метры. Дэкор столяў выкананы ручным роспісам вядомага мастака.
Заўсёды выглядае кранальна, калі ў аб'явах аб продажы элітнай нерухомасці ўдакладняюць, колькі трэба ісці да бліжэйшай станцыі метро.
Каб матываваць купіць кватэру, агенцтва нерухомасці паведамляе пра прыемную энергетыку там.
Дарэчы, гэта не самая дарагая кватэра, якую можна набыць у беларускай сталіцы. У тым жа доме — на вуліцы Старажоўскай, 6 — прадаецца чатырохпакаёўка плошчай 260 квадратаў за 1,8 мільёна даляраў.
Каментары