У Малдове абвастрыўся палітычны канфлікт, звязаны з аўтаномнай Гагаузіяй, якая пагражае звярнуцца да расійскіх уладаў, калі Кішынёў не здасць назад. Расказваем пра гісторыю народа і рэгіёна.
Змест:
- Паходжанне
- Дзяржаўнасць
- Перасяленне ў Расію
- Гагаузская рэспубліка
- Абвяшчэнне Гагаузіі
- Паход на Гагаузію
- Канфлікт з Малдовай
- Новы віток
Аўтаномны рэгіён Гагаузія размешчаны на поўдні Малдовы, на мяжы з Украінай.
Гагаузія гучыць як стэрэатыпная назва выдуманай краіны ва Усходняй Еўропе, беднай, карупцыйнай, аўтарытарнай, дзе тлее канфлікт, гатовы вось-вось разгарэцца з новай сілай — такі вобраз эксплуатуюць заходнія кінакампаніі, каб стварыць для антаганістаў прытулак і шэрую зону для злачынных схем, але пры гэтым не пакрыўдзіць ніякую сапраўдную краіну. Шмат у чым Гагаузія адпавядае гэтым стэрэатыпам.
Гагаузы — гэта невялікі цюркскі народ, заціснуты паміж значна буйнейшымі народамі: румынамі, малдаванамі, украінцамі і бесарабскімі балгарамі. Сёння колькасць гагаузаў ацэньваецца ўсяго ў 250 тысяч чалавек, з якіх палова жыве ў Малдове, каля 30 тысяч ва Украіне, астатнія раскіданыя па іншых краінах свету, у тым ліку Турцыі, Балгарыі і Грэцыі.
Рэгіён паміж Дунаем і Днястром, дзе кампактна пражывае большасць гагаузаў, носіць назву Буджак, што літаральна перакладаецца як «вугал». Буджак — пярэстая коўдра, дзе ў суседніх вёсках могуць жыць прадстаўнікі розных народаў. Малдаўскім гагаузам пашчасціла дамагчыся аўтаноміі, але за яе давялося пазмагацца.
Паходжанне
Паходжанне гагаузаў застаецца праблемным пытаннем. Часта буйнейшыя суседнія народы спекулююць на розных тэорыях, каб выставіць гагаузаў адшчапенцамі ад іх саміх. Гагаузы маюць уласную гагаузскую мову, якая належыць да той жа агузскай галіны цюркскіх моў, што і турэцкая, азербайджанская і туркменская мовы. Але тэрытарыяльна яе арэал — гэта ізаляваны анклаў, які ляжыць далёка на поўнач ад арэалу іншых роднасных моў.
У Балгарыі лічаць, што гагаузы — гэта атурэчаныя балгары. І ў гэтым сцвярджэнні ёсць крыху праўды. Рэч у тым, што самі балгары генетычна цюркскі народ (булгары), які пасля перасялення прыняў славянскую мову. Лічылася, што гагаузы — іх найбольш генетычна блізкія сваякі, якія, аднак, цюркскай мовы не страцілі.
Але апошнія генетычныя даследаванні паказалі, што гагаузы генетычна адрозніваюцца і ад протабалгараў, якія прыйшлі з Паволжжа, і ад суседніх цюркскіх народаў — крымскіх татараў і нагайцаў, і ад турак, і ад малдаванаў.
Генафонд гагаузаў яўна звернуты да ўсходняй ускраіны Балканаў, захоўваючы генетычную памяць пра сапраўдную радзіму, адкуль гагаузы ў XVIII-XIX стагоддзях перасяліліся на тэрыторыі цяперашняй Гагаузіі.
Пры гэтым гагаузская мова бліжэй да турэцкай, што дадае пытанняў да генезісу гагаузаў. Відаць, у нейкі момант насельніцтва заходняга ўзбярэжжа Чорнага мора было асімілявана агузамі-сельджукамі, а не славянамі, як было з булгарамі.
Да XVIII стагоддзя гагаузы пражывалі на адной тэрыторыі з балгарамі. Балгарскае царства ўзнікла яшчэ ў 681 годзе на паўночнай мяжы Візантыі, для якой гэтая варварская дзяржава ўяўляла найвялікшую пагрозу. Тым не менш, акружаная варожымі хрысціянскімі краінамі вялікая Балгарыя, якая пацярпела шэраг ваенных параз, адчайна мела патрэбу ў саюзніках, дзеля гэтага ў 864 годзе цар Барыс I хрысціў краіну.
Невядома, як ад гэтага працэсу ўніклі гагаузы, якія пражывалі на балгарскім узбярэжжы Чорнага мора, але лічыцца, што яны прынялі хрысціянства толькі праз некалькі стагоддзяў.
Дзяржава гагаузаў
У XIV стагоддзі ўлада Балгарскага царства аслабла і шэраг княстваў фактычна сталі незалежнымі ад яго. Адно з такіх княстваў са сталіцай у Каварне расцягнулася ад вусця Дуная далёка на поўдзень па ўзбярэжжы мора. Адзін з кіраўнікоў княства, Даброціца, абвясціў сябе дэспатам. Па цюркскай форме ягонага імені дзяржава стала называцца Дабруджанскім дэспататам, а пасля яе падзення за рэгіёнам замацавалася назва Дабруджа.
Гагаузы лічаць Дабруджанскі дэспатат сваёй гістарычнай дзяржавай. Але ўжо ў канцы стагоддзя дзяржава гагаузаў была знішчана наступам Асманскай імперыі.
Перасяленне ў Расію
У XVIII стагоддзі Асманская імперыя аказалася ў стагнацыі, яе магутнасць была падарваная няўдалымі войнамі з Расіяй. Каб расплаціцца з сіпахамі і янычарамі, якія былі на службе ў султана, той аддаваў ім на разрабаванае вёскі з хрысціянскім насельніцтвам, у тым ліку гагаузскія. Балканы ў канцы стагоддзя захлынулі тэрор і анархія.
Каля 30 тысяч хрысціян беглі ў Расію, якая дала ім магчымасць пасяліцца ў толькі што адабранай у асманаў Бесарабіі. Сюды перасяляліся балгары, гагаузы, праваслаўныя албанцы, армяне, сербы і грэкі. Незалежныя Румынія і Балгарыя, якія паўсталі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, падзялілі паміж сабой Дабруджу, а гагаузы, якія там заставаліся, былі асіміляваныя.
Гагаузы, як і многія балканскія хрысціянскія народы, дагэтуль захоўваюць у свядомасці вобраз Расіі, як збавіцелькі ад асманскага прыгнёту. Гэтай прыхільнасцю сёння часта карыстаюцца расійскія ўлады ў сваіх зусім невысакародных мэтах.
Гагаузская рэспубліка
У студзені 1906 года царскімі ўладамі быў арыштаваны гагаузскі рэвалюцыянер Андрэй Галацан, які ў разгар першай рускай рэвалюцыі праводзіў агітацыю сярод мясцовых сялян. Арышт прывёў да буйнамаштабнага сялянскага паўстання і абвяшчэння Камрацкай рэспублікі. Праз шэсць дзён паўстанне было задушана, Галацан і іншыя правадыры былі сасланыя ў Сібір на катаргу.
Нядоўгачасовае існаванне Камрацкай рэспублікі прывяло да з’яўлення ў гагаузаў нацыянальнай самасвядомасці, што, відаць, дазволіла ім захавацца дагэтуль. Няхай і ў іншым маштабе, але гэтая гісторыя вельмі нагадвае той уплыў, які аказала абвяшчэнне БНР на існаванне беларусаў як нацыі.
У снежні 1917 года на тэрыторыі Бесарабіі, дзе гагаузы складалі каля 4% насельніцтва, была абвешчана Малдаўская Народная Рэспубліка, якая праз год уз’ядналася з Румынскім каралеўствам.
У 1940 годзе паводле пакта Рыбентропа-Молатава і ўльтыматуму з боку савецкага ўрада Румынія была вымушана перадаць Бесарабію ў СССР. Адразу, як і ў выпадку з балтыйскімі краінамі, у Бесарабіі прайшлі масавыя арышты і высылка тых, хто падаваўся бальшавікам небяспечнымі і нядобранадзейнымі — тых, хто супрацоўнічаў з румынскімі ўладамі, напрыклад, прымараў сёлаў.
Гагаузія без уліку меркавання нацыянальнай меншасці была падзелена паміж УССР і новаўтворанай Малдаўскай ССР, дзе апынулася большая частка гагаузаў. Гэтая мяжа і сёння падзяляе невялікі народ.
Абвяшчэнне Гагаузіі
Як і ў Беларусі, у Гагаузіі ў часы «парабудовы» ў 1980-я гады пачалася новая хваля нацыянальнага абуджэння. У 1988 годзе група гагаузскай інтэлігенцыі на чале са Сцяпанам Булгарам заснавала народны рух «Гагауз халкы» (Гагаузскі народ), які выступаў за забеспячэнне нацыянальных правоў і стварэнне гагаузскай аўтаноміі.
Членамі руху «Гагауз халкы», які быў афіцыйна зарэгістраваны, сталі больш за 3000 членаў. Малдаўскія ўлады, відавочна, зацягвалі рашэнне аб стварэнні гагаузскай аўтаноміі. Гэта падштурхнула гагаузаў склікаць нацыянальны з’езд.
12 лістапада 1989 года на Надзвычайным з'ездзе прадстаўнікоў гагаузскага народа ў складзе Малдаўскай ССР была абвешчана Гагаузская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У з’ездзе сярод іншых удзельнічалі і 11 беларусаў. Новая рэспубліка абвяшчалася на тэрыторыі кампактнага пражывання гагаузаў у Бесарабскім, Вулканешцкім, Камрацкім, Тараклійскім, Чадыр-Лунгскім раёнах і некаторых вёсках Кагульскага раёнаў, дзе знаходзіцца адзіны выхад Малдовы да Дуная.
Малдаўскія ўлады адмянілі гэтае рашэнне на наступны дзень, назваўшы яго антыканстытуцыйным. Гагаузы не здаліся.
На Надзвычайным з’ездзе ў ліпені 1990-га былі зацверджаныя гімн, герб і сцяг аўтаноміі і заснаваны нацыянальны ўніверсітэт. 19 жніўня 1990 года на З'ездзе народных дэпутатаў стэпавага поўдня Малдаўскай ССР была абвешчана Рэспубліка Гагаузія ў складзе СССР, які тады ўжо развальваўся на вачах.
Паход на Гагаузію
У кастрычніку былі абвешчаныя выбары ў Вярхоўны савет Гагаузіі. Каб спыніць сепаратызм гагаузаў і сарваць выбары малдаўскі прэм'ер-міністр Мірча Друк 25 кастрычніка накіраваў у сталіцу самаабвешчанай рэспублікі, горад Камрат, аўтобусы з малдаўскімі нацыяналістамі ў суправаджэнні атрадаў міліцыі.
Гагаузы пачалі ўзбройвацца падручнымі сродкамі, каб абараніць свае вёскі. Самаабвешчаная Прыднястроўская рэспубліка выслала праз тэрыторыю Украіны на дапамогу Гагаузіі працоўныя дружыны на некалькіх дзясятках аўтобусаў.
Узнікла небяспека грамадзянскай вайны ў Малдове. Пазіцыю паміж варожым бакамі заняла дывізія дэсантнікаў — савецкія вайскоўцы асцерагаліся, што ў час канфлікту будуць разрабаваныя склады ў Камраце і бакі атрымаюць рэальную зброю.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка па дагаворы паміж бакамі ад Камрата адышла частка малдаўскіх нацыяналістаў, гагаузы адказалі тым жа. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю, як «паход на Гагаузію».
У пачатку лістапада кіраўнікі савецкай Малдовы, Гагаузіі і Прыднястроўя сустрэліся ў рэзідэнцыі Гарбачова, дзе дамовіліся стварыць пагаджальную камісію паміж бакамі канфлікту. Вярхоўны Савет Малдаўскай ССР быў вымушаны прыняць закон аб гарантаванні правоў нацыянальных меншасцей.
У Гагаузіі быў выбраны свой Вярхоўны Савет, выбраны прэзідэнт, створаны міністэрствы і ведамствы, сфарміраваны батальён спецназа «Буджак», які служыў рэспубліцы арміяй — гагаузы займелі ўсе прыкметы самастойнасці.
Канфлікт з Малдовай
Толькі ў снежні 1994 года паміж Рэспублікай Гагаузія і Малдовай было дасягнута пагадненне аб мірнай рэінтэграцыі Гагаузіі на правах аўтаноміі. У складзе аўтаноміі засталіся населеныя пункты, дзе больш за палову жыхароў складалі гагаузы, а таксама тыя, дзе па выніках рэферэндумаў жыхары хацелі застацца ў аўтаноміі. Тэрыторыя Гагаузіі скарацілася да трох раёнаў, разарваных на асобныя анклавы, пасярод малдаўскіх тэрыторый.
Канфлікт быў мірным чынам замарожаны, але не вырашаны. Для гагаузаў Кішынёў застаецца нацыяналістычнай метраполіяй, экзістэнцыяльным ворагам, Малдова ж не асабліва імкнецца разбураць гэтыя ўяўленні, перыядычна гучаць пагрозы ліквідаваць аўтаномію, а саміх гагаузаў бачаць не народам са сваімі інтарэсамі, а купкай палітычных марыянетак Крамля.
Як і іншыя невялікія народы, якія ў XX стагоддзі не атрымалі ўласнай устойлівай дзяржаўнасці, гагаузы патрапілі ў пастку міжнароднага права. З аднаго боку кожны народ мае права на самавызначэнне, з іншага — граніцы дзяржаў непарушныя.
І ў дачыненні да памкненняў малых народаў на ўласную самастойнасць усе абыякавыя — у гэтым не зацікаўлена ні краіна, ад якой народ хоча аддзяліцца, ні незалежныя дзяржавы, якія не хочуць падаваць добры прыклад сваім сепаратысцкім рэгіёнам ды псаваць адносіны з іншымі краінамі.
Адзінай краінай, якая горача падтрымлівае сепаратысцкія настроі ў рэгіёне, застаецца Расія. Робіць гэта яна выключна з уласных геапалітычных інтарэсаў, прытрымліваючыся старажытнага прынцыпу — падзяляй і валадар. Ніводны сепаратысцкі рух на прасторы былога СССР не застаўся па-за ўвагай Масквы.
Але і самі гэтыя народы закладнікі сітуацыі: сярод саюзнікаў толькі такія ж непрызнаныя карлікавыя ўтварэнні і магутная ды багатая Расія — якія б апошняя не ставіла ўласныя мэты, падтрымліваючы сепаратыстаў, не ўчапіцца за гэтую магчымасць у іх папросту няма шанцаў.
Выпадак Гагаузіі асаблівы — рэгіён знаходзіцца далёка ад межаў Расіі і пры гэтым супрацьстаіць палітычна і эканамічна досыць слабой Малдове. Варыянтаў вырашэння сітуацыі па грузінскім сцэнарыі на сёння не бачна чыста геаграфічна. З іншага боку і цалкам падпарадкаваць сабе Гагаузію ў Малдове не маюць сіл. Да таго ж трэба трымаць твар перад заходнімі суседзямі, якім гвалтоўнае ці дыскрымінацыйнае вырашэнне нацыянальнага пытання наўрад ці спадабаецца.
Атрымліваецца дзяржава ў дзяржаве. Гагаузія гуляе з гэтым статусам, часам спрабуючы ўплываць і на заходнепалітычны курс Малдовы.
Ва ўсіх падобных утварэннях да ўлады прыходзяць тыя, хто найлепш можа наладзіць сувязь з Расіяй, а ў культурным плане пануюць русафільскія ідэі. У 1990-я супраць незалежнасці Малдовы выступалі прасавецкія сілы і нацыянальныя меншасці, стаўшы натуральнымі саюзнікамі. І нават вядзенне Масквой агрэсіўных войнаў не адварочвае ад яе гэтыя рэгіёны — гэта не іхняя барацьба, яны заклапочаныя ўласным самазахаваннем, але не як нацыянальных утварэнняў, а як уладных структур.
Сёння ў Гагаузскай аўтаноміі тры афіцыйныя мовы — гагаузская, малдаўская і руская, але нацыянальная палітыка будзе да болю знаёмая беларусам. Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць гагаузаў (92,3 %) сваёй роднай мовай прызнаюць гагаузскую, на ёй рэдка размаўляюць, а за дзесяцігоддзі існавання аўтаноміі тут не з'явілася ніводнай школы з выкладаннем на роднай мове.
Большасць школ у Гагаузіі рускамоўныя, а для вывучэння роднай мовы адводзіцца чатыры гадзіны на тыдзень. Паводле апытання, праведзенага ў 2020 годзе, толькі 4% гагаузаў хочуць, каб іх дзеці навучаліся на гагаузскай мове.
Нездарма, наведваючы сталіцу Гагаузіі, малдаўская прэзідэнтка Мая Санду адзначыла:
«Адной з асноўных задач стварэння аўтаноміі ў 1994 годзе было захаванне моўнай, нацыянальнай ідэнтычнасці гагаузаў, адраджэнне гагаузскай культуры. На жаль, гэтая задача не выкананая дагэтуль».
Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў іншых сатэлітах Расіі, напрыклад, у Паўднёвай Асеціі, дзе таксама не існуе асецінамоўных школ.
Новы віток
Мая Санду. Фота: Yohan Valat, Pool via AP, File
Якраз з прыходам да ўлады ў Малдове Маі Санду, якая ў 2020 годзе перамагла на выбарах прарасійскага прэзідэнта Ігара Дадона, адносіны Гагаузіі з цэнтрам абвастрыліся. Санду актыўна ўзялася за барацьбу з карупцыяй, якая глыбока ўкаранілася ў краіне і яшчэ глыбей — у напаўнезалежных рэгіёнах.
На іншым баку канфлікту аказаліся таксама жанчыны — спачатку Ірына Влах, а з 2023 года яе пераемніца на пасадзе башкана, то-бок кіраўніцы Гагаузіі, Яўгенія Гуцул.
У 2021 годзе Влах была выключана з Вышэйшай рады бяспекі Малдовы, што выглядае чыста палітычным рашэннем, бо цяжка ўявіць сабе бяспеку краіны без падтрымкі Гагаузіі.
Малдова падтрымала Украіну ў яе супрацьстаянні расійскай агрэсіі ў 2022 годзе. Малдаўскім уладам трэба было знайсці выйсце, якое б зняла небяспеку з уласнай краіны. Пакуль Украіна кантралюе Адэскую вобласць, Малдове няма прычын думаць пра прамое ўварванне Расіі, але яна мае два прарасійскія рэгіёны, якія амаль не кантралюе і якія могуць стварыць праблемы і Кішынёву, і Кіеву.
Упачатку 2023 года ў Малдове ўзмацнілі крымінальную адказнасць за заклікі да сепаратызму. Але галоўным інструментам для барацьбы з сепаратысцкімі рэгіёнамі, якія, відавочна, карысталіся сваім «шэрым» статусам ва ўласных мэтах, стала абвешчаная праеўрапейскім кіраўніцтвам барацьба з карупцыяй.
Яўгенія Гуцул. Фота: point.md
Яўгенія Гуцул, якая выбіралася ад прарасійскай партыі «Шор» (Раўнапраўе), яшчэ ў час выбараў у 2023 годзе сутыкнулася з процідзеяннем малдаўскіх уладаў. У Кішынёве западозрылі, што сярод тых, хто галасаваў, ёсць людзі, якія не жывуць у Малдове, або даўно памерлі, а іншых папросту падкупілі. Супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра па барацьбе з карупцыяй прыйшлі спачатку ў ЦВК, пасля канфіскавалі урны з будынка суда. Партыя ж была забаронена рашэннем суда.
Гэтыя дзеянні не маглі быць расцэненыя ў самой Гагаузіі інакш як умяшанне ў справы аўтаноміі і запужванне яе палітыкаў. Нягледзячы на ўсе гэтыя захады, башканам была выбраная Гуцул.
Новы башкан заявіла пра прыхільнасць да Расіі і прыгразіла абвясціць незалежнасць у выпадку ўз'яднання Малдовы з Румыніяй. Калі Малдова ў адказ на абвяшчэнне незалежнасці ўвядзе туды войскі, то рэгіён звернецца па дапамогу да ўсіх, уключаючы Расію.
Тэма ўваходу Малдовы ў склад Румыніі ўпадабаная расійскай прапагандай, бо мусіць паказваць страту Кішынёвам палітычнай самастойнасці па-за «рускім светам». Яе ж эксплуатуюць і гагаузскія палітыкі.
Малдаўскія ўлады пачалі ціснуць на сепаратысцкія рэгіёны таксама эканамічна. Прыднястроўе ў пачатку года запрасіла ў Расіі дапамогі ў адказ на «ўдушэнне» з боку Малдовы. Гуцул, адчуваючы пагрозу для Гагаузіі і сваёй улады, пайшла ва-банк — у сакавіку прыляцела ў Маскву, дзе сустрэлася з Пуціным.
Антыкарупцыйная пракуратура пасля гэтай сустрэчы распачала крымінальную справу супраць Яўгеніі Гуцул, а прэзідэнт Санду адмовілася ўводзіць башкана аўтаноміі ў склад урада праз яе сувязі са злачыннымі групоўкамі. Гагаузска-малдаўскі канфлікт упершыню з 1990-х гадоў дасягнуў такога накалу.
Малдова прагматычна карыстаецца становішчам на знешнепалітычнай арэне, каб аслабіць пазіцыі сваіх сепаратысцкіх рэгіёнаў і ўплыў Расіі на іх, адвесці пагрозу ўцягвання ў вайну. А гагаузы, як любы малалікі народ, не маюць іншых рычагоў уплыву на сітуацыю акрамя як звярнуцца да больш магутных сілаў, не грэбуючы нават пуцінскім рэжымам і стратай нацыянальнай самабытнасці.
Канфлікт паміж праеўрапейскай Малдовай і прарасійскай Гагаузіяй у святле агрэсіўнай заваёўніцкай палітыкі Расіі выглядае чорна-белым. Але абодва бакі бачаць у сваіх дзеяннях адзіны шлях да выжывання. Праўда, шлях русіфікацыі, выбраны гагаузамі, наўрад ці вядзе да выжывання іх як народа.
Гагаузія і Малдова застаюцца закладнікамі ўласнай слабасці. Ці змогуць гагаузы абарваць расійскую пупавіну, а малдаване ўстрымацца ад памкнення ліквідаваць праблемную аўтаномію — пакажа толькі час.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Раша нэвэр чэнджэс