Англія, на выхад! «Манчэстэр Сіці» і «Арсенал» вылецелі з Лігі чэмпіёнаў
Украінец Андрэй Лунін выцягнуў «Рэал» у паўфінал.
У першым матчы ў Мадрыдзе была нічыя 3:3. «Рэал» сёння першым адкрыў лік у сустрэчы: на 12-й хвіліне вызначыўся Радрыга, а потым каралеўскі клуб сышоў у глыбокую абарону.
«Манчэстэр Сіці» — пераможца мінулай Лігі чэмпіёнаў — узламаў гэту абарону на 76-й хвіліне высілкамі Кевіна дэ Бруйне — 1:1. Асноўны і дадатковы час так і скончыліся.
У матчы і ў серыі пенальці героем стаў украінскі галкіпер «Рэала» Андрэй Лунін, які зрабіў некалькі сэйваў і ў серыі 11-метровых адбіў удары Бернарда Сілвы і Матэа Ковачыча.
«Баварыя» сёння выйграла ў Мюнхене ў лонданскага «Арсенала» 1:0 (першы матч — 2:2) і таксама выйшла ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў.
Такім чынам у паўфіналах згуляюць: «Рэал» — «Баварыя», «Барусія» — ПСЖ.
Упершыню за тры гады паўфіналы пройдуць без англійскіх клубаў.
Паўфіналы пройдуць 30 красавіка, матчы ў адказ 7 мая.
Фінал — 1 чэрвеня.
Каментары