Вясковец з-пад Віцебска рэпоснуў фота Лукашэнкі ў «Аднакласніках». Яго асудзілі на год калоніі
У судзе Віцебскага раёна 28 сакавіка асудзілі Сяргея Мельнікава паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 19 чэрвеня 2023 года зрабіў рэпост публікацыі ў «Аднакласніках». У ёй знаходзіўся фотаздымак і тэкст, які суд палічыў абразлівым. Сяргей цалкам прызнаў віну. У якасці сведкі дапыталі жонку Мельнікава, якая пацвердзіла, што мужчына карыстаецца названай сацсеткай.
Сяргею прызначылі дзяржаўнага адваката, за працу якога з мужчыны спагналі 44 рублі.
Мабільны тэлефон, з якога Мельнікаў рэпоснуў публікацыю пра Лукашэнку, канфіскавалі ў даход дзяржавы як «сродак здзяйснення злачынства».
Сяргей Мельнікаў мае сярэднюю адукацыю, пражывае ў вёсцы Віцебскага раёна.
Каментары