Гісторыя22

«Не казаць праўду дзеду». Гісторыя самага ціхага дыктатара Еўропы, які ў апошнія гады жыцця думаў, што кіруе краінай, але гэта было няпраўдай

Падначаленыя адхілілі яго ад ўлады, прычым паведамілі пра гэта народу, а перад ім зладзілі цэлы фарс, робячы выгляд, што ён кіруе Партугаліяй.

Антоніу Салазар. Фота: Pictures from History/Universal Images Group via Getty Images

Антоніу Салазара дзі Алівейру называлі самым ціхім і сціплым дыктатарам Еўропы. Ён фактычна кіраваў Партугаліяй 40 гадоў, у ранзе прэм’ер-міністра 36 гадоў. Даўжэй у ХХ стагоддзі ў Еўропе кіраваў камуністычны лідар Албаніі Энвер Ходжа (1944—1985), што ізаляваў краіну ад усяго свету.

Нарадзіўся Антоніу Салазар роўна 135 гадоў таму, 28 красавіка 1889 года. Ён прыйшоў на свет у небагатай, але дружнай і глыбока рэлігійнай сям’і і быў пятым дзіцем. У Антоніу былі чатыры старэйшыя сястры. Калі Антоніу нарадзіўся, яго маці было 43 гады, бацьку 50. Прычым прозвішча мамы было Салазар, таты — Алівейра. Але паколькі прозвішча Алівейра было моцна пашыранае ў Партугаліі, будучы палітык асноўным абраў прозвішча маці. Пад ім мы яго і ведаем.

Спачатку Антоніу Салазар захацеў стаць святаром і паступіў у каталіцкую семінарыю. Але потым паступіў на эканамічны факультэт найстарэйшага ў краіне Каімбрскага ўніверсітэта.

Будучы палітык быў узорным вучнем, ён скончыў універсітэт з 19 баламі з 20 магчымых, ці не найлепшы на той час вынік. Салазар застаецца выкладчыкам ва ўніверсітэце, дарастае да звання доктара і прафесара. 

Што ўяўляла Партугалія сабой у тыя часы

У 1910 годзе ў Партугаліі зрынулі караля і абвясцілі рэспубліку. Краіну напаткалі часы анархіі. За наступныя 16 гадоў там адбылося 17 спробаў дзяржаўнага перавароту, 158 усеагульных забастовак, змянілася восем прэзідэнтаў і 44 урады, былі ганенні на царкву, адмянілі нават рэлігійныя святы.

Да 1926 года краіна ператварылася ў адну з самых бедных эканомік Еўропы. Імпарт значна перавышаў экспарт, вырас велізарны знешні доўг. Нацыянальная валюта эскуда абясцэнілася ў некалькі разоў, узровень і без таго сціплага жыцця рэзка ўпаў.

У 1926 годзе вайскоўцы зладзілі чарговы пераварот пры падтрымцы амаль усіх палітычных партый. Яны маршам прайшлі з Порту да Лісабона. На пасаду міністра фінансаў паклікалі Антоніу Салазара, які тады набыў вядомасць як аўтар злабадзённых артыкулаў на эканамічную тэматыку.

Салазар паставіў некалькі ўмоваў, у прыватнасці, каб на ім замыкаліся ўсе выдаткі і фінансавыя пытанні. Яму запярэчылі. Тады ён задаў толькі адно пытанне: «Калі цягнік на Каімбру?» Праз дзве гадзіны ён ужо сядзеў у цягніку.

За наступныя два гады эканамічнае становішча ў краіне не выправілася, а яшчэ больш пагоршылася.

Таму ў 1928 годзе Салазара ўсё ж прызначылі міністрам фінансаў з вялікімі паўнамоцтвамі. Сімвалічна, што ён даў згоду на прызначэнне ў свой дзень народзінаў, 28 красавіка 1928 года. 

У дапамогу ён паклікаў некалькі калегаў-эканамістаў з Каімбры. Таму часам гэты перыяд таксама называюць дыктатурай прафесараў.

Салазар рэзка скараціў бюджэтныя выдаткі і хутка дамогся фінансавай стабілізацыі. Партугалія стала паступова выходзіць з эканамічнага крызісу, выплаціла знешні доўг і перамагла інфляцыю, эскуда ўмацаваўся, залатыя запасы сталі расці, краіна перастала купляць пшаніцу за мяжой і стала цалкам забяспечваць сябе прадуктамі.

Прэм'ер-міністр Антоніу Салазар (у цэнтры, з паліто ў руцэ) у атачэнні сваіх паплечнікаў, 1 студзеня 1932 года. Фота з сайта Babel.ua

У 1932 годзе Салазара прызначылі прэм’ер-міністрам, і ён стаў замыкаць на сабе розныя рычагі ўлады, нейкі час быў міністрам замежных спраў, міністрам абароны, міністрам калоній і нават флоту. Паступова ў краіне стаў умацоўвацца аўтарытарызм.

Ён абвясціў ідэю стварэння Новай Дзяржавы (Estado Novo) па аналогіі з Італіяй Мусаліні, пасябраваў з дучэ, а Франсіска Франка, які жорстка падавіў праціўнікаў падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, наогул стаў яго найлепшым сябрам. 

Антоніу Салазар з партрэтам Мусаліні на рабочым стале. 1930-я. Фота: Wikimedia Commons

Салазар заклікаў да нацыянальнага адраджэння, заснаванага на вышэйшых каштоўнасцях партугальскага грамадства, сфармаваных на навучанні, паслухмянстве і дысцыпліне. Абвяшчалася трыяда: Бог, Айчына, сям’я.

Антоніу Салазар у 1939 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Новая Партугалія будавалася на карпаратывізме, па ўзору Італіі. У Канстытуцыі 1933 года Партугалія пазіцыянавалася як Карпаратыўная рэспубліка з Карпаратыўнай радай і Карпаратыўнай палатай, якая прэзентавала розныя катэгорыі грамадства. Салазар таксама ўзначаліў Дзяржаўную раду.

Таксама ўвёў у краіне цэнзуру, але той цэнзуры было далёка да гітлераўскай Нямеччыны і СССР.

Салазар быў незвычайным дыктатарам. Напэўна, самым ціхім з іх. Ён быў інтравертам, не любіў публічнасці, рэдка выступаў перад народам, казаў вельмі агульныя рэчы як аракул, якія трэба было тлумачыць. Да таго ж быў досыць аскетычным чалавекам. 

Антоніу Салазар у 1939 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Нейкі час у Лісабоне ён нават здымаў кватэру, а калі перабраўся ў рэзідэцыю, то, пасяліўшыся на другім паверсе, сам аплачваў камунальныя плацяжы. Яму дапамагала адна эканомка, таямнічая дона Марыя, якая гатавала яму абеды яшчэ ў Каімбры, а таксама пад канец жыцця стала фільтраваць наведнікаў. Злыя языкі казалі пра іх любоўную сувязь, але хутчэй за ўсё гэта былі выключна платанічныя стасункі. Салазар ніколі не быў жанаты, хоць меў цікавасць да жанчын. Ён узяў пад апеку дзвюх дзяўчынак, адна з іх, магчыма, прыходзілася яму пляменніцай. Але тут хутчэй былі бацькоўскія пачуцці.

Наогул больш за ўсё ён любіў цішыню і быць нябачным. Ён ніколі не быў у калоніях, нават па Еўропе не ездзіў, толькі некалькі разоў наведваў Іспанію і свайго закадычнага сябра каўдыльё Франка.

Падчас Другой сусветнай вайны Салазар трымаў нейтралітэт, толькі ў 1936 годзе паслаў брыгаду ў дапамогу Франка. А пасля адкрыцця залежаў вальфраму, які патрэбны быў для стварэння зброі, ён удала гандляваў ім з Нямеччынай і Брытаніяй, што дала магчымасць значна нарасціць залатыя запасы краіны. У 1944 годзе падпісаў з антыгітлераўскай кааліцыяй пакт, а ў 1949 годзе Партугалія ўступіла ў НАТА.

Праз Партугалію падчас Другой сусветнай вайны дзясяткі тысяч яўрэяў выбраліся ў ЗША, у тым ліку Хана Арэнт і Марк Шагал.

Партугальская дыктатура базавалася на аўтарытарным прававым парадку. Быў свой аналаг штазі і КДБ, усюдыісная палітычная паліцыя (ПІДЭ), але ў маштабах рэпрэсій Партугалія непараўнальная з таталітарнымі рэжымамі. Колькасць рэпрэсаваных ацэньваецца па-рознаму: ад тысячы да 20 тысяч чалавек, смяротнага пакарання не было, але ў турмах памерлі па самых крайніх ацэнках да 60 чалавек.

Таксама апанентаў адпраўлялі ў канцлагер Тарафал на Каба-Вердэ, які славіўся сваёй жорсткасцю, там захаваць здароўе было цяжка.

Прафесар Жазэ Мігель Сардзіка ў інтэрв’ю «Медузе», ацэньваючы кіраванне Салазара, выказаў наступнае меркаванне: 

«Цяпер мы лічым, што ёсць два перыяды: да 1950-х гадоў Новая Дзяржава выйгравала б на свабодных выбарах, бо прыйшла пасля рэспубліканскай анархіі і нестабільнасці, жорсткага крызісу, вулічнага гвалту і наступстваў Першай сусветнай вайны. Для краіны, якая шукала парадак, Салазар быў шанцам на спакой, мір і нейкую «нармальнасць» — гэта тое, што ён і даў партугальцам».

Антоніу Салазар і каралева Брытаніі Лізавета ІІ. 1950-я. Фота: Wikimedia Commons

Але 1950-я гады былі перыядам застою, эканоміка стала таптацца на месцы, а ў 1960-я Партугалія ўвязалася ў каланіяльныя войны. Індыя ў 1950-я адваявала Гоа і іншыя партугальскія рэгіёны. 

Аднак Анголу, Мазамбік, Сан-Тамэ і Прынсіпі і іншыя часткі партугальскай Афрыкі Салазар ні ў якую не хацеў аддаваць, лічыў Партугальскую імперыю найлепшай з усіх імперый, якая клапоціцца пра сваіх падапечных.

Лішнія сродкі ён пусціў на вайну, выдаткі на вайну выраслі да 40 працэнтаў бюджэту, многім партугальскім мужчынам трэба было не толькі адслужыць у арміі, а адправіцца менавіта ў Афрыку на вайну. І вайна хутка стала не папулярнай. Партугалія ў Еўропе станавілася ізгоем.

Вырасла эміграцыя з Партугаліі, вёска жыла вельмі бедна. Аднак Салазар лічыў, што толькі ён лепш за іншых разбіраецца ва ўсім, і марыў быць гадоў на 20 маладзейшым.

Салазар аглядае мост у Каімбры. 1960-я. Фота: Wikimedia Commons

У 1968 годзе Салазару было 79 гадоў. Але ён вёў здаровы лад жыцця: добра харчаваўся, шмат працаваў, умеў рабіць перапынкі і адпачываць. Дазваляў сабе хіба келіх віна за абедам, каву не піў, бо яна павышае ціск, спаў добра без снатворнага. 

Усё змяніў дзень 3 жніўня 1968 года.

Да Салазара завітаў яго асабісты падолаг Аўгушту Іларыу — доктар, які апрацоўваў ногі палітыка. У Салазара была хворая ступня, да таго ж пачаў утварацца грыбок на пальцах і ўрастаць пазногці. Доктар Іларыу перыядычна прыходзіў да старога кіраўніка і апрацоўваў ногі. Прыйшоў ён і ў той дзень.

Салазар перад пачаткам працэдур заўсёды любіў плюхнуцца на шэзлонг, але гэтым разам не разлічыў адлегласць і з усяе сілы рухнуў на палатно і ў выніку ўдарыўся галавой ад падлогу. Доктар захваляваўся, але Салазар адмахнуўся: «Нічога страшнага». Шум пачула дона Марыя, якая прыбегла ў пакой усхваляваная.

Але Салазар зноў адмахнуўся: праз пяць дзён прыйдзе асабісты доктар, таму можна пачакаць. Але і візіт доктара Каэлью нічога не выявіў. Тым часам галаўныя болі пачасціліся, стала цяжка працаваць, і Салазар перастаў гэта хаваць ад родных. Як вынік — схаваны інсульт.

На пасяджэнні кабінета міністраў 3 верасня 1968 года Салазар ужо не мог канцэнтравацца, з цяжкасцю сядзеў. Яго вырашылі шпіталізаваць у бальніцу Чырвонага Крыжа. 

Калі павезлі ў бальніцу, Салазар ужо не мог адказаць на простыя пытанні: у якім універсітэце ён вучыўся і калі скончыў. Вылез з машыны, але ісці не мог.

Іронія лёсу, што яго аперыраваў вядомы апазіцыянер, доктар Алвару да Атаідэ. Але доктар даў клятву Гіпакрата, таму сумленна прааперыраваў свайго апанента.

Салазар выглядаў вельмі кепска, было бачна, што ён не толькі не мог далей кіраваць краінай, але і можа хутка памерці. 

У прэзідэнцкім палацы сабралася Дзяржаўная Рада з міністраў і вышэйшых чыноўнікаў пад старшынствам прэзідэнта Амерыку Томаша (у Партугаліі прэзідэнт мае прадстаўнічыя функцыі). Абмяркоўваўся цэлы спектр пытанняў, нават узнялі пытанне, дзе і як хаваць Салазара. Але Амерыку Томаш паставіў кропку. Салазар хацеў быць пахаваны на радзіме ў Віміейру.

Амерыку Томаш прапанаваў на пасаду прэм’ер-міністра былога рэктара Лісабонскага ўніверсітэта, вядомага навукоўцу-правазнаўцу, гісторыка партугальскай юрыспрудэнцыі Марсэлу Каэтану. Той пагадзіўся. 

26 верасня 1968 года Амерыку Томаш абвясціў па радыё і тэлебачанні, што Антоніу Салазар па стане здароўя адхіляецца ад пасады, а прэм’ер-міністрам становіцца Марсэлу Каэтану.

Кіраванне Салазара скончылася. Ён кіраваў Партугаліяй (калі браць прызначэнне на пасаду міністра фінансаў з шырокімі паўнамоцтвамі) 40 гадоў, 4 месяцы і 28 дзён.

Каэтану ў сваёй першай прамове сказаў, што раней краінай правіў геніяльны чалавек, а цяпер Партугаліяй будзе кіраваць урад, які складаецца са звычайных людзей.

Каэтану спрабаваў правесці асцярожныя рэформы, прапанаваўшы ўмераныя ліберальныя меры.

Што было? Адкрыццё эканомікі для замежных інвестыцый, наладжванне адносін з краінамі Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, павышэнне сацыяльных выдаткаў, пашырэнне доступу да адукацыі. Пры Каэтану таксама некалькі аслабла цэнзура СМІ, скараціліся рэпрэсіі тайнай паліцыі ПІДЭ. У палітычным жыцці мала чаго кардынальна змянілася. Але гэты перыяд атрымаў назву «марсэлісцкая вясна» і заслугоўвае іншага артыкула.

Праз некалькі тыдняў знаходжання ў бальніцы вонкавы стан Салазара палепшаў, ён пачаў ачуньваць. 5 лютага 1969 года яго выпісалі з бальніцы, ён вярнуўся дахаты. 

Але яму ніхто не рашыўся сказаць, што ён адхілены ад улады. 

Так па дарозе з бальніцы да Салазара звярнуўся нейкі дасціпны журналіст з пытаннем: «Што вы думаеце пра Марсэлу Каэтану?» Салазар, які не ведаў пра тое, што Каэтану амаль паўгода кіруе краінай, адказаў: «Гэта мог быць вялікі палітык, ён вельмі амбіцыйны, але ён шмат часу праводзіць у Лісабонскім універсітэце».

У Сан-Бенту (рэзідэнцыі) вырашылі і далей разыгрываць фарс, нічога не казаць Салазару. Салазар прымаў штодня двух-трох візіцёраў. Гэта былі міністры, сябры, губернатары, сілавікі, высокапастаўленае духавенства. 

На ўсіх іх распаўсюджваўся загад Каэтану: рабіць выгляд, што Салазар яшчэ кіруе Партугаліяй і калоніямі. 

Журналіст Марка Ферары ў сваёй кнізе «Дыктатар, які памёр двойчы. Неверагодная гісторыя Антоніу Салазара» піша, што чыноўнікам нават дазвалялася казаць гадасці пра Каэтану і Томаша, каб пацешыць самалюбства былога дыктатара. 

Любімым выданнем Салазара была газета Diario di Noticias. Дырэктар газеты Аўгушту дэ Каштру вырашыў друкаваць для свайго сябра-палітыка персанальны асобнік з «правільнымі навінамі».

У гэтым асобніку друкаваліся справаздачы аб сустрэчах Салазара з міністрамі, аб заданнях, якія ён даваў. Пра Марсэлу Каэтану ніякім чынам не згадвалася, але друкаваліся нататкі з жыцця Салазара.

Салазар не любіў амерыканцаў, таму пра высадку на Месяц у ліпені 1969 года (галоўная навіна для сусветнай прэсы і Партугаліі цягам некалькіх тыдняў) у тым самым асобніку і прыватных размовах Салазару вырашылі не паведамляць, каб не хваляваць і не засмучаць дзеда. А радыё і тэлевізар ён ніколі не любіў слухаць і глядзець.

28 красавіка 1969 года ў Партугаліі адзначалася 80-годдзе Салазара. Ён з’явіўся на публіцы. Тэлебачанне паказала старэнькага дыктатара ў фатэлі, адзін мікрафон справа, другі злева. Яго голас дрыжэў, ён быў вельмі схуднелы, блытаў словы, выглядаў вельмі кепска. Гэта быў хворы, разгублены стары, які моцна заікаўся.

Антоніу Салазар 28 красавіка 1969 года — у сваё 80-годдзе. Фота: Wikimedia Commons

Больш публіцы яго не паказвалі.

Улетку 1969 года ў Лісабон прыехаў карэспандэнт французскай газеты L’Aurore Ралан Фор, каб узяць інтэрв’ю. 

Салазар узрадаваўся візіту, Францыю і яе гісторыю ён любіў. Таму стаў гаварыць з Форам па-французску. Салазар добра ведаў пра Францыю канца 1960-х, ведаў пра адстаўку дэ Голя і першыя крокі Пампіду на пасадзе прэзідэнта. Быў абазнаны ў «пражскай вясне» (пра марсэлісцкую, нагадаем, нічога не ведаў). Але ён нічога не ведаў пра Партугалію ўзору 1969 года.

Зноў згадаў пра Каэтану, Салазар лічыў, што той вярнуўся да выкладання ва ўніверсітэце. «Ён працягвае выкладаць права ва ўніверсітэце і часам піша мне — дзеліцца думкамі пра мае ідэі. Ён не заўсёды іх ухваляе, але яму не хапае смеласці мне казаць гэта. Я захапляюся яго смеласцю. Але каб уплываць на падзеі, трэба быць ва ўрадзе», — строга рэзюмаваў Салазар.

Фор быў шакаваны. Ён нічога не запісваў, вярнуўся ў гатэль і па памяці цэлую ноч пісаў артыкул. Нумар выйшаў у Францыі велізарным накладам 400 тысяч асобнікаў і з вынасам на першую старонку:

«Салазар думае, што ён яшчэ кіруе Партугаліяй!».

Артыкул быў падхоплены партугальскімі СМІ, але, як і раней, зноў ніхто не рашыўся сказаць Салазару праўду. Дона Марыя пазней прызнавалася, што Амерыку Томаш некалькі разоў парываўся сказаць Салазару праўду, але так і не рашыўся.

У кастрычніку 1969 года Салазара павезлі браць удзел у выбарах. Там проста падышлі да машыны і Салазар укінуў бюлетэнь у пераносную выбарчую урну. Яго вырашылі не паказваць публіцы.

13 ліпеня 1970 года Салазар захварэў на ныркавую інфекцыю, якая хутка распаўсюдзілася на ўвесь арганізм, а 27 ліпеня 1970 года памёр.

Газеты выйшлі з загалоўкамі: «Салазар — былы кіраўнік урада, памёр сёння ў 9:15». Пахаванне было маштабным, але самы сціплы дыктатар Еўропы захацеў быць пахаваны на радзіме, на вясковых могілках ля невялікай царквы Санта-Круш побач з маці.

Магіла Салазара ў Санта-Круш побач з маці. Фота: Wikimedia Commons

Ужо пасля фізічнай смерці Салазара Марсэлу Каэтану спрабаваў балансаваць. Ён то праводзіў далейшыя рэформы, то іх адматваў, і ў выніку быў змецены Рэвалюцыяй гваздзікоў і высланы ў Бразілію. 

Марсэлу Каэтану так і не дазволілі вярнуцца ў Партугалію. Прэзідэнт Амерыку Томаш вярнуўся і пакінуў цікавыя ўспаміны.

У 2007 годзе ў Партугаліі прайшло шырокае апытанне, каго вы лічаць найвялікшым партугальцам у гісторыі. І Салазар набраў 40 працэнтаў,

далёка абышоўшы свайго антаганіста, лідара камуністаў Алвара Куньяла (20 працэнтаў) і Энрыкеша Мараплаўца. Каб апытанне было ў 2020-х, яму б канкурэнцыю склаў Крышціяну Раналду.

Што можна пачытаць па гісторыі Партугаліі часоў Салазара

Аляксандр Баунаў. Канец рэжыму, як скончыліся тры еўрапейскія дыктатуры (Іспанія, Партугалія, Грэцыя). Масква, 2022

Filipe Ribeiro Meneses, Salazar: A Political Biography.,New York:Enigma Books, 2009., p. 562

Марка Ферары. Дыктатар, які памёр двойчы: неверагодная гісторыя Антоніу Салазара. Масква, 2002

Анатолій Хазанаў. Партугалія і яе імперыя ў эпоху Салазара і Каэтану. Масква, 2022.

Андрэй Палякоў. Поўная гісторыя Партугаліі. Масква, 2023.

«Першапачаткова мэтай былі не свабода і дэмакратыя, а спыненне вайны». 50 гадоў таму ў Партугаліі адбылася бяскроўная «рэвалюцыя гваздзікоў» — яна паклала канец дыктатуры Салазара. Расказвае гісторык Жазэ Мігель Сардзіка 

Рэжым Антоніу Салазара пратрымаўся ў Партугаліі больш за 40 гадоў. Ён стаў дыктатарам на просьбу вайскоўцаў, а пад канец жыў у альтэрнатыўнай рэальнасці — але яго так і не зрынулі

Каментары2

  • Axel Justas
    28.04.2024
    А кніжкі якія друкаваліся не ў Маскве ёсць?
  • Переводчик
    29.04.2024
    Axel Justas, есть, да вряд ли ты в языках силен.

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

У Dana Mall зноў зрабілі вельмі прыгожую навагоднюю інсталяцыю ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску23

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →