Грамадства88

«Нават кірыліца — гэта праблема». Беларус з Падляшша расказаў пра тое, чаму паланізаваліся карэнныя беларусы Польшчы

Яшчэ 50 гадоў таму ў Польшчы былі рэгіёны, насельніцтва якіх амаль не карысталася польскай мовай. Уся камунікацыя адбывалася па-беларуску, а польскую жыхары ўжывалі ў паездках па іншых рэгіёнах краіны. Зараз уявіць гэта цяжка: усходняя Польшча паланізавалася. І ў пэўнай меры гэтаму паспрыяла і палітыка Беларусі, дзе нацыянальная мова таксама губляла пазіцыі. Пра польскіх беларусаў і змены апошніх дзесяцігоддзяў журналіст Most паразмаўляў з карэнным беларусам, дырэктарам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатолем Вапам.

Anatoĺ Vap
Анатоль Вап. Фота: Most

Анатолю 58 гадоў, ён нарадзіўся ў вёсцы Нараўцы, а першыя гады правёў у Скупаве — гэта на Падляшшы. Большасць жыхараў той мясцовасці была беларусамі.

«Я беларус, маці — беларуска, а ты — думай сам»

— Сапраўды можна было жыць, не ведаючы польскай мовы?

— А нашто? (смяецца). Калі ў гміннай управе працавалі таксама беларусы, то ішлі ды гаварылі па-свойму — па-беларуску. Таму польскай мовы доўгі час я наогул не чуў.

У нас кожны ведаў, што ён не паляк, а беларус. Бо гаварылі па-беларуску — вядома, на мясцовай гаворцы. Калі з бацькамі я пераехаў у Бельск-Падляшскі, то ніякай іншай мовы не ведаў — толькі беларускую.

І да мяне, і да дзвюх сясцёр бацькі звярталіся па-беларуску. Для мяне момант выбару, магчыма, быў, калі рабіў сабе пашпарт. Якую нацыянальнасць там пісаць? Спытаў у бацькі. Той кажа: «Я беларус, маці — беларуска, а ты — думай сам». То-бок, нікім іншым я быць не магу. Так і запісаў сябе ўласнаручна беларусам у 1984 годзе.

— Быць беларусам у сацыялістычнай Польшчы не было праблемай?

— Я рос у асяроддзі, дзе большасць былі свае. Нават у Бельску большасць была хоць не беларусамі, дык праваслаўнымі. У школе я вучыў беларускую мову — вядома, як асобны прадмет, а астатнія — па-польску. Беларускую мову тады ў Бельску на вуліцы можна было пачуць штодня. Не прыгадаю, каб былі нейкія канфлікты на нацыянальнай глебе ў штодзённасці.

Вось Беласток — ужо зусім польскі горад. Вядома, мы, студэнты, паміж сабой па-беларуску камунікавалі, але вакол — усё было польскае. У аўтобусе, калі гаворыш па-свойму, людзі побач ужо звярталі ўвагу. Недалёка — 50 км ад Бельска — але ўжо іншы свет.

— У чым розніца паміж Падляшшам таго часу, 1980-х, і цяперашнім?

— Паланізацыя. Штогод менш людзей з карэнных беларусаў валодае сваёй мовай. Раней, калі чалавек нават кніжак не чытаў, то размаўляў — з бацькамі, дзядамі, сваякамі, суседзямі… Але і гэта ўжо адышло. Некалі, у 1980-х, калі збіраліся сустрэчы Беларускага аб’яднання студэнтаў, моладзь не ўмяшчалася ў залах — дзясяткі і сотні людзей! Цяпер — самі бачыце. Нават калі дыяспара ў Беластоку робіць мерапрыемствы, то нашых меншасць прыходзіць. Раней было б зусім наадварот.

«Сама Беларусь не ёсць беларускамоўнай дзяржавай»

— Карэнны беларус з Падляшша, але польскамоўны — гэта зараз норма?

— Ёсць такое. Нават свядомыя патрыёты, якія аддаюць сваіх дзяцей у беларускія садкі і школы, часам самі не валодаюць мовай. Іх бацькі валодалі. А яны хочуць, каб валодалі іх дзеці. То-бок, праз адно пакаленне. Бывае, што чалавек усё разумее па-беларуску, але сам гэтай мовай не карыстаецца. Нават алфавіт — кірыліца — гэта праблема. Бо літар не ведаюць. У сацыялістычныя часы было навучанне рускай мове ў школах, гэта давала веданне кірыліцы. Зараз — не. Добра, што хоць памятаюць, хто яны і адкуль.

Прычын, вядома, некалькі. Калі мовай вакол менш карыстаюцца, то няма патрэбы яе вучыць. Ёсць бюракратычныя цяжкасці з навучаннем. Ну і ўрэшце, сама Беларусь не ёсць беларускамоўнай дзяржавай, прыкладам і магнітам для іншых.

— Гэта, мабыць, адкрывалася падчас паездак…

— Мая дачка, калі вучылася ў школе, ездзіла з экскурсіяй у Беларусь. Дык дзеці пыталіся: «А чаму там не гавораць па-беларуску?» Што ім адказаць?.. Карэнная меншасць тут, на Падляшшы, з Беларусі ніякай падтрымкі не атрымлівала. На пачатку 1990-х нешта было, а пасля… не бачылі. Гадоў з 30 таму можна было яшчэ падумаць, каб беларусу адсюль паехаць у Беларусь вучыцца. А зараз паедзеш — і ў турму трапіш.

«Ёсць мяжа — і беларусы тут сканчаюцца»

— У Польшчы ёсць іншыя нацыянальныя меншасці, якія гістарычна жывуць тут: украінцы, немцы, літоўцы, татары і г.д. Ёсць розніца паміж іх сітуацыяй і беларускай?

— Розніца нават у тым, што ў іншых дзяржавах у школах вучаць, што ўкраінцы, немцы і літоўцы жывуць яшчэ і за мяжой. Не толькі эмігранты, але нацыянальныя меншасці. І так ідзе стагоддзямі. У Беларусі такога няма. Маўляў, ёсць мяжа — і беларусы тут чамусьці сканчаюцца. Шмат хто з дыяспары, хто прыязджаў у Беласток, здзіўляўся: адкуль тут беларусы? У школе ім пра гэта не расказвалі.

Памятаю, у 2010 годзе, калі працаваў у маршалкоўскай управе, мы былі з візітам у Мінску. Акурат на ўгодкі Грунвальдскай бітвы. Мне трэба было сказаць слова на адной мастацкай выставе. Расказваў, як гэта адзначалі ў Падляшскім ваяводстве. Дык пасля падышоў журналіст і спытаўся, ці даўно я пераехаў у Польшчу. Гэта паказвае, што беларусы ў Беларусі не ведаюць пра карэнных беларусаў за мяжой: у Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі.

«Праваслаўе — гэта не заўжды пытанне веры, але — традыцыі»

— Праваслаўе для беларусаў Падляшша — вызначальны фактар? Ці працуе так, што, маўляў, праваслаўны — гэта беларус, а каталік — паляк?

— Калі не 100% карэнных беларусаў тут, то вялікая частка — праваслаўныя. Ёсць крыху каталікоў на Сакольшчыне, там мова ледзьве не літаратурная. На пачатку XX стагоддзя і ў міжваенны час адтуль пайшло шмат беларускіх дзеячаў, палітыкаў, ксяндзоў. Нават прэм’ер-міністр БНР Язэп Варонка з Сакольшчыны, а вучыўся ў Беластоку. А пасля ўсё скончылася: асіміляцыя, апалячванне.

Што да фактару праваслаўя, то гэта не заўжды пытанне веры, але — традыцыі. Ты ведаеш, што так верылі твае бацькі, — гэта важна. Незалежна, ці трымаешся веры ў штодзённым жыцці. У карэнных беларусаў тут прывязка да веры застаецца. А вось у дыяспары, вядома, па-рознаму — каталікі, пратэстанты, уніяты і атэісты.

— Каталіцкі касцёл часта асацыюецца з польскасцю і польскім патрыятызмам. А ці можна праваслаўную царкву на Падляшшы лічыць «бастыёнам беларушчыны»?

— Агулам не. Царква мае пазіцыю, што яна адкрытая для ўсіх. Нейкіх нацыянальных маркераў у праваслаўнай царкве я не бачыў.

Anatoĺ Vap
Анатоль Вап. Фота: Most

«Нават калі ў Беларусі будуць пазітыўныя змены, не ўсе вернуцца»

— Калі беларус-эмігрант гуляе па Беластоку, ці можа ён сустрэць нейкія прыкметы беларускасці ў горадзе?

— Беласток пасля вайны ўжо быў стабільна польскім горадам, з польскім духам, мовай і культурай. Калі прыгадаць даваенны Беласток, то гэта шмат у чым яўрэйскі горад. Беларускім Беласток ніколі не быў. Што ж тычыцца пошуку беларускага зместу, то зараз іншы час. Ёсць сацыяльныя сеткі, мерапрыемствы, канцэрты, сустрэчы, месцы, куды пайсці.

Пры тым ёсць месцы, дзе вывучаецца беларуская мова, як школы ці садок, а таксама сядзібы беларускіх арганізацый, і там, нават у выглядзе інфармацыйных дошак з назвамі, фігуруе беларуская мова. Зараз шмат водзіцца экскурсій па Беластоку на беларускай мове і з улікам беларускіх слядоў. Можа, калісьці давядзецца ўвесці ў прастору больш беларускіх акцэнтаў.

— Ёсць думка, што гэтыя мерапрыемствы асобна праходзяць для дыяспары, асобна — для карэнных беларусаў.

— Так, гэта адзін народ і дзве супольнасці. Напачатку праблема была і ў тым, што беларусы з дыяспары думалі, што выязджаюць на адзін-два гады. Пасля ўсё зменіцца — вярнуцца. Аказалася — не. Таму трэба жыць тут, кантактаваць. Людзі даведваюцца пра карэнную меншасць тут. Натуральна, нават калі ў Беларусі будуць пазітыўныя змены, не ўсе вернуцца. Частка застанецца і… сама стане беларускай меншасцю ў Польшчы.

— Якія крокі можна зрабіць ужо зараз для лепшага кантакту паміж меншасцю і дыяспарай?

Рэцэпт адзін: трэба перадусім сустракацца. На вуліцы, у беларускіх арганізацыях і прасторах — паўсюдна. Размаўляць — і з гэтага нешта будзе. Спачатку — знаёмства, пасля — супольная праца ці справа. Зразумела, паміж намі ёсць розніца: школа, бэкграўнд, ментальнасць — усё гэта ёсць. Але калі нешта рабіць разам, то розніца будзе сцірацца. А пасля ўжо не будзем на Падляшшы чужыя, але будзем свае!

Каментары8

  • nie biełarus
    03.05.2024
    Biełarusam čałaviek moža ličycca vyklučna ŭ vypadku kali jon pravasłaŭny i biełaruskamoŭny adnačasova.
  • nie biełarus
    03.05.2024
    Kali prodki niekatorych z hetych biełaruskamoŭnych nie byli pravasłaŭbymi, to jany achviary biełaruskaj prapahandy.
  • Не паляк
    03.05.2024
    nie biełarus, … то яны хутчэй за ўсё ахвяры польскай ці камуняцкай прапаганды

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі2

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе22

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі4

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

У Баранавічах арыштавалі сем былых работнікаў закрытай незалежнай газеты «Інтэкс-Прэс»2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі4

Офіс Ціханоўскай стварыў ананімную форму для фіксацыі парушэнняў на выбарах2

Вядомай блогерцы, памерлай ад раку, паставілі кранальны помнік7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі2

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі

Галоўнае
Усе навіны →