На некаторых старых могілках Палесся можна дагэтуль пабачыць незвычайныя надмагіллі ў выглядзе бярвення ці хаткі. Адкуль з'явілася такая традыцыя?
Наруб, прыклад — надмагільны драўляны помнік у выглядзе бервяна (калоды) або надмагілля-хаткі. Гэты старажытны звычай убрання магіл і цяпер яшчэ можна ўбачыць на некаторых вясковых могілках Пінскага, Лунінецкага, Столінскага і некаторых іншых раёнаў Беларусі.
Як піша «Электронны Салігорск», даследчыкі старажытнасцей і этнографы адзначалі, што такое надмагільнае ўбранне — даніна традыцыі, што склалася яшчэ ў паганскі, дахрысціянскі час.
Існуе паданне, што дуб, прыціснуўшы сабой магілу, не дае памерламу магчымасці вярнуцца з таго свету.
Па іншай версіі, купіць каменны помнік ці надмагільную пліту каштавала вялікіх грошай, а дуб быў заўсёды побач, амаль у кожным лесе, да ўсяго матэрыял вельмі трывалы і даўгавечны.
Часам «калода» выраблялася такім чынам, каб у верхняй частцы ў падгалоўя знаходзіўся сук, на якім выразаўся крыж або замацоўваўся. Разам з нарубам рабілі вялікі крыж, ён усталёўваўся на магіле ў галовах.
Каментары