У сеціва ў 2024 годзе несанкцыянавана трапілі даныя каля мільёна грамадзян Беларусі
Персанальныя даныя каля мільёна грамадзян Беларусі несанкцыянавана выцеклі ў сеціва ў 2024 годзе. Пра гэта расказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў. Паводле слоў чыноўніка, гэтая ўцечка звязаная з кампаніяй, якая займаецца перавозкамі, паведамляе БелТА.
У цэлым жа больш за палову ўцечак звязаныя з кампаніямі, якія аказваюць тыя ці іншыя паслугі.
«У свеце ідзе барацьба за персанальныя даныя. Адбываюцца ўцечкі. Яны ёсць і ў нашай краіне. Калі правесці аналіз сітуацыі, то дзесьці крыху больш за палову несанкцыянавана выцеклай у сетку інфармацыі адносіцца да дзейнасці арганізацый, якія аказваюць разнастайныя паслугі — медыцынскія, у сферы харчавання, транспартныя», — заявіў Гаеў.
За 2024 год з дзейнасці арганізацый па рашэнні цэнтра было канфіскавана каля 9,5 млн адзінак інфармацыі пра грамадзян Беларусі, якую арганізацыі апрацоўвалі без належных прававых падстаў. У цэнтры лічаць, што такім чынам яны збераглі даныя ад зліваў.
Каментары